Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

У наступнае імгненне даўжэзная дзіда, кінутая з пад’ёму ступака, узвілася ў паветры і ўдарыла......За гэтую долю хвіліны Пархвер не паспеў не тое што адступіць, але нават зразумець. Вастрыё вылезла ў яго са спіны. Ён стаяў, нібы абапіраючыся грудзьмі на дрэўца, і яшчэ не разумеў, што забіты. Пасля яго пачало ванітаваць крывёй. Доўга-доўга. А яшчэ трохі пазней істота ў сажань і шэсць дзюймаў росту, непераможны Пархвер, паваліўся на зямлю. Усе стаялі нібы аглушаныя.Хрыстос падумаў, уздыхнуў і сказаў:– Добра, Басяцкі, паладзім.– Не смей! – нема залямантавала жанчына.Іуда звіваўся ў руках варты, нібы ўюн, але вызваліцца не мог.– Маўчы, Анея, – голас Юрасёў быў безжыццёвы. – Не пніся, брат Іосія. А то здарыцца з табою нешта – толькі людзей насмяшыш. Ну іх да д’ябла! Нявартыя яны і нашага смуроду.Глядзеў проста ў вочы псу Божаму:– Маё слова, кот ты мой аксамітны, не тваё слова. Дык вось: ты гэтых дваіх у човен пасадзіш. Цэлы, не дзіравы, як большасць тваіх людзей сёння, пасля бяседы са мною. Вёслы дасі. Самалічна адштурхнеш іх ад берага. І як толькі яны будуць на сярэдзіне ракі – я кіну меч. Іначай...– Слова? – усміхнуўся мніх. – Я даю слова, – і ён мармытнуў: – juzo1.– Слова.Анея крычала і вырывалася ўвесь час, пакуль яе неслі ў човен. Давялося скруціць ёй рукі і ногі.– Беражы сябе! – крычаў з урвішча Юрась. – Беражы! Можа, дзіця будзе.– Не! Не! Не-е-е!Іуда ішоў за ёю, як забіты. Сеў у човен, бяссіла апусціўшы рукі.– Раввуні! Раввуні! Калі дасі ёй выскачыць – прадасі мяне! Прадасі!– Добра! Добра! – душачыся рыданнямі, казаў Раввуні.Човен адштурхнулі. Шалёная плынь закруціла, панесла яго на сярэдзіну. Юрась бачыў, як адбіваюцца ў Нёмане берагі, і сляпуча белыя аблокі, і шапкі дрэў, шызыя лясы на даляглядзе – уся гэтая зямля, па якой столькі хадзілі ягоныя ногі і па якой ім болей не хадзіць.І тады, каб ужо не шкадаваць болей, ён кінуў меч:– Ваш час і ўлада цемры.Яго схапілі.

Раздзел LІІ

Усё яшчэ раўла і раўла над горадам дуда. Над параненымі, над трупамі, над мортусамі, над марадзёрамі, над усім гэтым крывавым, гнойным сметнікам, у які імем Бога ператварылі вялікі і прыгожы беларускі горад, дыямент Нёмана, Гародню.Гэты гук трывожыў, нагадваў, пагражаў. І тады на вострыя дахі бліжніх дамоў даслалі лучнікаў.Дудар трубіў, яму больш нічога не заставалася. Трохі нават саладжавы твар “братачкі” цяпер быў нібы з каменя. Крочце, тапчыце зямлю, мёртвыя Божыя легіёны. Устаньце, зняслаўленыя, дайце адпор тым, хто наругаўся з вас, адрачыцеся таго, хто вас прадаў.Рыдала дуда. Лучнік нацягнуў лук. Гучна ляснула па бычынай пальчатцы цеціва. Страла прабіла мяхі і ўпілася дудару ў ямку на мяжы грудзей і шыі, туды, дзе “жыве душа”....Цішыня лягла над трупамі, і яе пачулі ўсе. Пачулі яе і Раввуні ў чоўне, і Братчык на беразе. Толькі Іуда ўбачыў страшнае раней, таму што да Хрыста якраз падыходзіў Лотр. У руцэ ў пастыра была кошка – сяміхвосты карбач з кручком на кожным канцы.– Ілжэнастаўнік! Ерэсіярх! – толькі тут ярасць на ягоным твары плесканулася наверх, змываючы апошнія рэшткі самавітасці. – Брудны схізмат!Увесь збарвавеўшы тварам, ён секануў кошкаю, здзіраючы ў Братчыка з пляча вопратку і скуру. Замахнуўся другі раз – Басяцкі і Камар схапілі яго за рукі: зразумелі, здзярэ са схопленага скуру без суда.Братчык плюнуў Лотру пад ногі.– Бач, спалохаўся як! Ну чаго ты? Шкуру з м я н е дзяруць – чаго ж т ы гарлаеш! Прызнавайся, нунцый, колькі разоў ад жаху ўграшыўся, пакуль я вас калаціў, як хацеў?