Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Ён прагнуў, каб яго хутчэй забілі. Тут, на месцы. Ён баяўся катавання. Але ён не ведаў, якое катаванне яны падрыхтавалі яму. Убачыў, што ўсе глядзяць то на яго, то на раку, зірнуў і ўпершыню страціў самавалоданне.– Дзе ж т в о й гонар, Лотр?! Дзе ж т в а ё слова, Басяцкі?! Дзе, вашывыя пастыры?!Два чаўны адчальвалі ад берага, рыхтуючыся ў пагоню. У кожным было па чатыры ўзброеныя весляры.– З т а б о ю ды гонар? – спытаў Лотр.– Басяцкі, ты ж сказаў juzo! Дзе тваё сумленне?!– Ну, – пёс Божы ўсміхнуўся амаль прыемнай разумнай усмешкай. – Маё сумленне, вядома, не вынесла б гэтага, але ты не заўважыў, не дачуў – я замест juzo сказаў іzо1. Ты занадта прастадушны, сын мой. Мужчына можа маўчаць, калі бачыць несправядлівасць, і застацца сумленным. А жанчына – скажам, я н а – маўчаць перад гвалтаўніком, і гэта не зганьбіць яе, і застанецца яна такой самай вернай або непарушнай нават.Хрыстос паспрабаваў ударыць яго нагою ў пах, але не дастаў. Яго адцягнулі. Нават ён, у сто разоў спрытнейшы за любога з гэтых, поўны ўладар свайго цела да апошняга нерва, нічога не мог зрабіць, калі дзесяць чалавек трымаюць яго.– Рабі, што хочаш, – з рота ў Басяцкага нібы плыў смярдзючы гной, нібы травінка-джала высоўвалася з-пад языка, – толькі ўнутрана ў гэтым не ўдзельнічай, юны мой сябра.– ...шчанюк, – плюнуў Хрыстос. – Думаеш, за тыя некалькі год ты бачыў, ты думаў больш за мяне? Гнойны робак. Ты сонца не бачыў, вякоў не бачыў, быдла!– Ды ўвогуле літасці Божай не пазбавішся нават, калі дасі прысягу без намеру стрымаць яе. Вось я табе паабяцаў: “Выканаю”. А сам сабе дадаў: “Калі мяне да гэтага прымусяць або я сам пераканаюся, што ты не вораг, а карысны для бацькаўшчыны і дзяржавы чалавек”.І тады, разумеючы, што гэта ўсё, што гэтым людзям можна нават пляваць у вочы, ён, сам не разумеючы, на што спадзяецца, у раз’юшанасці крыкнуў:– Раввуні! Раввуні! Рав-ву-ні-ні!Пачуўшы гэты крык, Іуда, які даўно ўжо бачыў пагоню, у адчаі замітусіўся па чоўне. Рака імчала, берагі праляталі хутка, але яшчэ хутчэй, кожны нібы на крылах, набліжаліся, ва ўзмахах вёслаў, чаўны праследавацеляў.Іуда сеў і пачаў няўмела веславаць. Паставіў човен спачатку бокам, пасля кармой, пасля зноў носам. Вясло зарывалася ў ваду, вынырала адтуль у хмарах пырскаў. Іуда не ўмеў веславаць. Ён, увогуле, мала што ўмеў. Ні веславаць, ні фехтаваць, ні плаваць. Дзе ён мог навучыцца гэтаму?Тады ён вырашыў маліцца. Вось памоліцца трохі, няхай не па правілах, а потым возьме жанчыну і скокне ў ваду, і, паколькі не ўмее плаваць, а яна звязаная, – яны неадкладна пойдуць на дно. І гэта добра. Пазбыцца пакут і не здрадзіць Братчыку.Ён засяродзіўся і з жахам успомніў, што не памятае ніводнага слова. Не таму, што забыўся за час вандраванняў, а проста так... Бог пайшоў з душы. У празе адцягнуць час і ўспомніць ён убачыў на дне чоўна забытую мярэжу. Скеміў нешта. Пачаў па-звярынаму дзерці яе кіпцюрамі і зубамі, зрываючы каменныя грузілы. Вызваленую сець кінуў у ваду.Пакуль пагоня блыталася вёсламі ў кінутым нераце, Іудаў човен паспеў трохі аддаліцца. Постаці Хрыста і царкоўнікаў на адхоне былі ўжо ледзь не ў чвэрць дзюйма. А Іуда ўсё не мог успомніць ні слова. Замест гэтага лезла ў галаву непадыходзячае: твар Шамоэла... ён сам падчас бойкі ў варотах Слонімскай сінагогі... ружовае сонца над Шчарай. Полымя свяцільнікаў... Рабскі твар бацькі, калі ён аднойчы гаварыў з гетманам Агінскім.