Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Іуда закалаціўся ад прыніжанасці і ганебнага бяссілля.Што ён мог? Хто вучыў яго бараніць жыццё, калі настаўнікі самі не ўмелі рабіць гэтага? Адхвасталі толькі розгамі. І неаднойчы. Але чамусьці помніцца толькі той выпадак. За што яны тады яго?..– Раввуні! – даляцеў з далечы голас.І тут ён успомніў, за што яго лупцавалі ў той раз. Пагоня была ўжо зусім блізка. І тады Іуда ўстаў.Павольна зняў з сябе шырокі скураны пояс, абматаў ягоны канец вакол запясця, другі сціснуў у далоні. Узяў каменнае грузіла. І выпрастаўся, круцячы самаробную прашчу.Камень зафырчэў, вырваўся, трапіў у лоб стырнавому першага чоўна. Модлы падвялі. Забытае, здавалася, мастацтва – не падвяло. Стырнавы выпусціў стырно, юкнуў галавою ў ваду. Ладдзя закруцілася на месцы.Раввуні зарагатаў. У праследавацеляў была толькі халодная зброя, у іх не было нават лукаў.Яшчэ ўдар. Яшчэ. Яшчэ.Ён кідаў і кідаў камяні. І з кожным ударам выпростваўся і выпростваўся. Упершыню ў жыцці крычаў нешта ў шалёным захапленні:– Я не пэцкаў рук... Я не забіваў!.. На табе, халера! На! На!Адзін з камянёў зламаў вясло на першым чаўне. Камяні ляцелі градам, білі, валілі. Стаяў на карме чалавек, які выпрастаўся. Круціў прашчу....Чаўны закруціліся, пасля запаволілі бег, пад градам камянёў паварацілі да берага.Чалавечак на карме ўсё яшчэ круціў прашчу. Пасля закінуў яе за плячо. Амаль велічны. Амаль як Давід....Хрыстос на беразе, убачыўшы ўсё гэта, зарагатаў.– Ты чаго? – у непаразуменні спытаў Басяцкі.– Ну, пастыры. Ну, дзякуй за відовішча, а то я быў і нос павесіў; добра, што не адвялі, далі ўбачыць. Ну, прапашчая ваша справа. Ужо калі вы гэтую авечку, якая нікога не пакрыўдзіла, кусацца прымусілі – тады яшчэ не ўсё страчана. Дрэнь ваша справа. Дзярмо. Га-гха-га-га!Яго павялі ад берага, а ён рагатаў, і смех ягоны быў страшны....Човен між тым імчала і імчала вада.– І хацеў бы я ведаць, як мы цяпер дабяромся да берага, – сказаў Раввуні.Анея, ужо развязаная іудзеем, безуважна сядзела на дне чоўна. Праплылі лясістыя горы, кранутыя сям-там першай жаўцізною восені. Выбегла на строму чырвоная, трапяткая асінка. Цікаўна глядзела, а хто гэта плыве ў чаўне. Пясчаная каса далёка ўрэзалася ў цёмна-сінюю ваду, і нехта на касе ўтрапёна махаў рукамі. Іуда прыгледзеўся і з абміраннем сардэчным пазнаў: на касе стаялі Кірык Вястун, разьбяр Кляонік і Марка Гурай.– Сюды праўся! – крыкнуў каваль.Раввуні развёў рукамі. Вясло падчас бойкі ўхапіла рака. І тады Марка і Кляонік кінуліся ў ваду, пачалі рэзаць яе плячыма, даплылі, рыўцом паварацілі човен да берага і пацягнулі яго. У пырсках свежай вады на загарэлых плячах, у пене і хропе, як вадзяныя коні, як нябачаныя марскія багі.Іуда чэрпаў забортную ваду і абмываў твар, каб ніхто не заўважыў, што ён плача.На беразе яны доўга абдымаліся і ляпалі адзін аднаго па плячах.– Братка, – захлынаўся Іуда. – Жывы... Братка.– Жывы, – сказаў каваль. – На злосць некаторым, каб ім на трыбусе поўзаць, а зад цягнуць.– Фаўстына дзе?– На хутары, – адказаў Кляонік. – Зараз у нас будзе жыццё такое, што небяспечна...Марка маўчаў. Іуда ведаў чаму. Гіава Турая схапілі.– Нічога, – сказаў Раввуні. – Галоўнае – жывыя. Цэлая галава і думаць можа.– Нашто?.. – без слёз спытала Анея. – Нашто ратавалі? Памерці б. Так яно спакойна.– Нашто? – і Іуда брыдка вылаяўся ў гневе.Ашаломленая Анея заміргала вачыма. Румянец сораму заліў увесь твар. Але Іуда не зважаў на гэта. Любымі сродкамі ён быў рады страхнуць гэтае бабскае здранцвенне. Нават біў бы.