Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Удзень і ўначы раўлі ў сутарэннях мяхі і ляскалі клешчы. Грамадзян, да якіх прыкінуўся антонаў агонь вальналюбства і чыстай веры, пасля допыту выводзілі і каралі смерцю на Зітхальным арбе, скрыжаваннях вуліц або на Лідскай дарозе. На смерць кожнага акуратна складалася паперка. Акт.Мяшчане і мужыкі ў катавальнях асуджана маўчалі. Жыццё страціла дзеля іх цану ў самы той момант, калі яны страцілі абшар, да якога звыклі, смалісты водар пушчы і аполле, што залоціцца жытам і ячменем.Цэлыя дні варта хадзіла па дамах, вышукваючы крамолу, хапала людзей і цягнула ў вялікую судную залу. Катавалі па адным, але прысуды выносілі пачкамі, не дужа разбіраючыся, што там да чаго. Вязні маўчалі, і агавораў не было, затое лютавалі, падаючы хлуслівыя даносы, віжы і сокі. І таму па горадзе кацілася лавіна арыштаў. Забіралі бацькоў у дзяцей і дзяцей у бацькоў, мужа – ад улюбёнай жонкі, хлопца – ад каханай. Уся Гародня не спала па начах. Людзі ляжалі і глядзелі бяссоннымі вачыма ў цемру. Пружына хлуслівага даносу магла ўдарыць кожнага ў кожную хвіліну.Не спалі і арыштаваныя ў сутарэннях пад усходнім нефам замка. У гэтых усё было пэўнае, і яны маглі б спаць, але над імі ўсю ноч гарлала песні п’яная варта: зрывала на палонных свой нядаўні, смяротны перапуд. Часам яны адчынялі дзверы ў сутарэнні, дзе пасля катаванняў ляжалі, не ў змозе варухнуцца, ломаныя людзі, і рабілі канцэрт дзеля іх, раўлі нешта накшталт “Песні аб хаме”:Што супраць дзідаў – косы у хама?Вось вам Эдэм, што хацелі здабыць:Вісельня, як Эдэмская брама.З радасці ў небе скачыце нагамі.Мы ўладары яшчэ ад Адама,Вы – ад Адама яшчэ рабы.Многія – хто ляжалі далей у цемры – патаемна плакалі. Не таму, што павінны былі памерці, а ад прыніжэння.І таму ўсе маўчалі, нават паміраючы на дыбе. Такая вялікая была іхняя заядлая мужнасць, што жахаліся нават людзі святой службы.Басяцкі зразумеў, што галоўнае зараз – дабіцца адрачэння ад Хрыста. Хай пад катаваннем успомніць аб сапраўднай ісціннай догме, тады астатнія запраста хрумснуць у хрыбце. А гэта азначае – Братчыка трэба катаваць вынаходлівей, страшней і даўжэй за ўсіх.Доўга спрачаліся, хто павінен судзіць. І вырашылі, што хаця падсудны і міранін, але, паколькі злачынства датычыцца царквы, судзіць будуць старшыні духоўнага суда.Басяцкі падказаў і тое, як зняць з царквы большую частку яе віны за пакаранне смерцю. У Францыі ў падобных выпадках царква аддае злачынца ў рукі прэво. Братчыка пасля асуджэння таксама трэба было аддаць для выканання прысуду ў рукі гарадской рады, у рукі бурмістра Юстына. Хай пэцкаецца ён.Калі ён келейна вырашыў гэта пытанне з Лотрам, той аж пашкадаваў, што член ордэна, якому даручана справа веры, з такім лёгкім сэрцам збіраецца кінуць той ордэн. Іранізаваў:– Ну, які ты будзеш лыцар Езуса? Невядома яшчэ які. А тут жа ты на сваім месцы. І не ўзлюбяць жа цябе твае цяперашнія браты. Здраднік, скажуць. Убачыў, што пяршынства цяпер не наша, дый перакінуўся.– Напляваць. Я жыву дзеля будучыні. – І раптам Лотр убачыў, як пазмрачнелі заўсёды спакойныя і нават зычлівыя вочы Басяцкага: быў у іх цяпер нейкі асуджаны, абыякавы холад, нібы чалавек уваскрэс з магілы. – Жыву... А ўрэшце, ці жыву? Нешта гаворыць мне, што магу памерці. І ці трэба нешта рабіць, калі тут зрабілася такое? Гэты лжэ-Хрыстос – папярэджанне. Не можа быць будучыні, калі па гэтым свеце швэндаецца такая навалач, як Братчык.