Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

– Ну-ну, – не на жарт перапалоханы, сказаў Лотр, – супакойся.– Я спакойны.І, аднак, ён не быў спакойны. Нешта здарылася з душамі людзей. Ніколі ён не бачыў такой непахіснай закаранеласці. Мечнік Гіаў Турай, дваццаць гадзін віснучы на прэнгу, безупынна не чытаў, а хутчэй выкрыкваў – ад нясцерпнага болю – спакуслівыя месцы з пісання (дорага дала б святая служба і ўвогуле царква, каб іх там не было), цэлыя кавалкі з пасланняў шчырых айцоў царквы (лепей бы і гэтых пасланняў не было, бо яны выкрывалі расафорных), а таксама з відавочна ерэтычных кніг. Начытаны быў у справах веры ды ерасі.Варта было заплюшчыць вочы, і вось: сутарэнне, прэнг, на ім вісіць нагі, непатуральна выцягнуты – наскі ног павернутыя адзін да аднаго, – да сіняга чорны чалавек і ў мільгаценні агню выкрыквае страшнае пасланне кельнскага арцыбіскупа Гацье да папы Мікалая, лямантар ерасі для многіх людзей – ад Саламанкі і аж да мяжы княства Беларуска-Літоўскага. Ерасі, нягледзячы на тое, што Гацье шчыра і дагматычна верыў....Агонь. Чалавек, які вісіць дзесяць гадзін. Крык.– Судзіш? Якім правам?! Правам большасці, правам рады?! Рада твая складаецца з гэткіх самых прадажных, разбэшчаных людзей, як і ты сам... Тыран баязлівы, носіш імя раба рабоў і ўжываеш здраду, даносы, скарыстоўваеш золата і сталь, каб быць панам паноў... Як ты назавеш клір, які курыць фіміям тваёй магутнасці, апявае тваю ўладу? Як ты назавеш гэтых меднагаловых... гэтых адроддзяў пекла, у якіх сэрцы з металу, а чрэслы з гразі Садома і Гаморы? Гэтыя служкі створаны, каб поўзаць перад табою. Імя табе – Сатана.Выкрыкваў... Выкрыкваў... Крыкі гэтыя ўначы стаялі ў вушах....Перад тым, як караць смерцю людзей – каралі званы. Замянілі іншым звон на дамініканскай званіцы, прыцягнулі яго на Стары рынак, дзе ляжаў ужо зрынуты гарадскі звон, і распаленымі шчыпцамі выдралі абодвум языкі, каб не крычалі аб трывозе. Не набат трэба біць, калі ў горад, хай сабе і пад покрывам цемры, уваходзіць законны гаспадар, святая вера.Вялікую Зафею языка не пазбавілі, але хвасталі запэцканымі ў гной бізунамі. Людзі, гледзячы на гэта, сціскалі кулакі ад прыніжэння.Маўчалі званы. Да словаў Рабле “горад без званоў... карова без балабона” варта было б дадаць: “Ваўкі вакол, і не прыйдзе гаспадар”.Людзі штохвілінна чакалі арышту. Насельніцтва горада паменшала напалову. Хто быў забіты, хто чакаў смерці ў сутарэннях, хто сядзеў у каменяломнях або ўцёк. Некаторыя шукалі права прытулку ў храмах. І тыя, што скочылі ў касцёлы, атрымалі яго, права паміраць з голаду і смагі. А тых, што схаваліся ў праваслаўных цэрквах, выдалі, і ўсіх чыста, разам з тымі, якія сядзелі ў сутарэннях, распялі паўздоўж дарог і павесілі за рэбры. Ад аднаго распяцця да другога. Драўляных блыталі з жывымі.Гіаў Турай, калісьці амаль фанатык, вісеў павешаны за рабрыну, пляваў на імя Бога і, б’ючыся ў перадсмяротных пакутах, крычаў:– Зямля мая! Няшчасная! Колькі вякоў! Колькі вякоў табе цярпець! Колькі вякоў можна цярпець!Так ён крычаў, пакуль не памёр. Усе памерлі.І здарылася так, як калісьці ў Рыме, у пантыфікат Бенядзікта Восьмага. Некалькі дзён землятрус калаціў Рым, і тады вырашылі, што ў гэтым вінаватыя рымскія яўрэі і нешматлікія мусульмане з праваслаўнымі. Іх усіх знішчылі, і летапісец запісаў:“Пасля пакарання іх смерцю вецер сціхнуў і зямля не зазнавала больш жахлівых хістанняў, якія раней трэслі Святы горад”.