Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Можа, і так. Гісторыкі не памыляюцца. А можа, зямля проста стамілася калаціцца. Нельга ўвесь час калаціцца. Колькі можна!Ва ўсякім разе, пасля ўсяго, што адбылося, зямля Гародні таксама перастала дрыжэць і выдаваць падземныя штуршкі. Эшафоты дапамагалі і ў адным і ў другім выпадках. Горад быў уціхаміраны. Горад маўчаў. Прыйшла чарга Хрыста.Раздзел LІV

СІНЕДРЫЁН

Я малю аб адным: малю цела сваё, якое знаходзіцца ва ўладзе катаў, зберагчы сілы і вытрымаць пакуты, прызначаныя яму, каб я быў у змозе крыкнуць на эшафоце: “Смерць уладарам! Смерць падманшчыкам! Смерць гандлярам верай! Хай жыве свабода!”Адказ Альгіяці1 суду

І зноў ён стаяў у той самай вялікай суднай зале, дзе калісьці яго прымушалі быць Хрыстом. Тыя самыя былі гатычныя скляпенні з пукатымі рэбрамі нярвюраў. Тыя самыя папярочна-смугастыя, белыя з чырвоным, сцены. Тыя ж вокны ля падлогі, і святло знізу, і пагрозлівыя цені на тварах тых самых суддзяў. І тая ж катоўня, і той самы кат на парозе. Толькі цяпер Хрыстос быў зусім адзін і ведаў, што выхаду на гэты раз не будзе.Біскуп Камар чытаў абвінавачванне:– “...імя госпада нашого собе прыпісаў і прыўлашчыў, і святую царкву ў зман увёў. І таму сей як бы Хрыстос як ложны прарок і спакушнік аддаецца суду царквы, імя якой як Хрыстос спаганіць хацеў”.– Прыпішы: “У еллінскае рассеянне хацеў ісці”, – сказаў Лотр. – Народ гэта любіць, незразумелае.“Ану іх да д’ябла. Не варта і слухаць. Адны морды вакол... Цікава, дзе зараз Анея, хто ўратаваўся? Толькі не думаць, што пасля суда зноў катаванні, яшчэ страшнейшыя, апошнія, што будуць вырываць агнём імёны ўсіх, каго ведаў у жыцці і каго тым самым мог “заразіць скажонымі, няправільнымі, памылковымі думкамі, якія – ад д’ябла”. Ну не. Ужо гэтага задавальнення ён пастараецца ім не даць. Смяяцца трэба, здзекавацца, каб аж заходзіліся са злосці, каб год на дзесяць наблізіць кожнаму канец”.– Што скажаш, ілжэ-Хрыстос? – даляцеў да яго Лотраў голас.Ён сказаў без усякага пафасу:– А чаго казаць? Мог бы напомніць, як вы мяне ім зрабілі. Але глухі той, хто не хоча чуць. Бяспамятны той, хто хоча засудзіць. А вы ніколі нічога іншага і не хацелі. Абы давесці, насуперак праўдзе, што заўсёды маеце рацыю. І не за самазванства вы мяне судзіце, а за тое, што я, махляр, валацуга, шалбер, перастаў быць махляром, стаў тым, кім вы мяне зрабілі, кім баяліся мяне бачыць. Уваскрэсні зараз Бог, уваскрэсні той, з каго пачалася ваша справа, вы і з ім зрабілі б тое, што са мной. Нашто ўправіцелям і халуям, каб гаспадар вярнуўся ў дом? Яны ж рабуюць.– Блюзнерыць! – залямантаваў раптам Жаба. – Чуеце! Ён зневажае Бога!Магнат, завёўшы вочы, ірваў на сабе чугу. Камар таропка рыпеў пяром.Папрасілі сведак. Першай увайшла жанчына пад чорным плашчом з капюшонам. Сэрца Братчыкава апусцілася. Ён пазнаў.– Марына Крывіц, – сказаў Лотр, – адказвай, ці чула, як пахваляўся незвычайнасцю нараджэння?Магдаліна маўчала. Братчык бачыў толькі вочы, якія глядзелі на яго праз шчыліну ў капюшоне з умольнасцю і тугой. Маўчала. І з кожным імгненнем усім членам найпадлейшага сінедрыёна рабілася непамысней і непамысней.– Цікава, чаму гэта вы ўзялі яе сведкай і, усуперак свайму звычаю, не прыцягнулі да справы? – шэптам спытаў у Басяцкага Юстын.– А вы што, хацелі б мець такога моцнага ворага, як Наваградскі ваявода? Дык вось, яна без некалькіх дзён ягоная жонка.