Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

...І раптам тысячы глотак зацягнулі дзікі і суровы харал.Пан Бог цвярдыня. Цвярдыня мая.Узняў ён далонь маю.Як Давід на ГаліяфаУзняў.Ногі ў поршнях тапталі верас. Раўлі над галовамі дуды, але галасы заглушалі іх. Павольна, вельмі павольна, у лунанні зброі над галавою, плылі мужычыя гурмы, нібы па лінейцы адрэзаныя спераду.Вось мой народ,Як ільвіца, ўстае.Смелы,Ён не ляжа,Пакуль не нап’ецца варожай крыві.Суровыя, як абпаленая гліна, былі твары старых. Суровыя, аліўкавыя ад загару твары маладых. Сурова і страшна і ўсё вышэй лунаў харал:Як ільвіца, ўстаеІ, як леў, уздымаецца.Пан Бог над намі.З намі ў гневе,У гневеНаш народ.Ускінулася над галовамі белая з золатам і пурпурам харугва-сцяг.Дзеці Юр’я святога,Дзеці яго ўдзела,Біце, забівайце. Не шкадуйце,Не шкадуйцеВорага.І раптам гэты павольны, як лава, паток выбухнуў рыкам, пакаціўся з неймавернай, усескрышальнай хуткасцю. Лес зброі ўсё вырастаў над ім, усё бліжэй былі звар’яцелыя ад гневу абліччы. Час прыйшоў.– А-а-а! Юры! Юры! Край! Край!Раўнулі насустрач ім каноны. Круглыя белыя хлапякі дыму расплыліся ў туман. Але было позна. Гурма бегла і вырастала, бы ў сне. Наляцела. Затапіла. Узнесліся бусакі, пачалі хапаць коннікаў і вырываць іх з сёдлаў на зямлю, з якой яны, цяжкія, амаль не маглі ўзняцца. Паляцелі стрэлы і камяні. Заляскалі доўбні і цапы па жалезных шаломах.І пайшла малацьба.Праз нейкія дзве гадзіны на лагчыну спускаліся крумкачы. Бой у тых ачагах, дзе ён яшчэ віраваў, аддаляўся на захад, да муроў Гародні. Але большая частка жалезных адыходзіла з месца сечы, прышпорваючы коней, і гурмы пераможцаў імкнулі за імі.Варта паспела ўсё ж прапусціць сваіх і зачыніць браму. Але каваль Кірык Вястун загадаў выкаціць на лінію каноны і страляць. Пасля кароткай кананады палавінкі варот разам з вялікім кавалкам даўно не рапараванага муру разбурыліся, рассыпаліся, грукнулі аб зямлю. Хмара пылу ўстала над уломкамі. Варта спрабавала была бараніцца на руінах, і тут на яе, з тылу, напала ўзброеная гурма мяшчан. Наперадзе іх арудавалі Зянон і залатарукі Ціхон Вус. Сціснутыя між молатам і кавадлам, людзі варты ледзь паспелі выбрацца Страменным завулкам, а пасля Старой вуліцай да замка і там далучыцца да войска, кінуўшы на зямлі палову сваіх людзей.Іліяш пагладзіў белага Братчыкавага каня.– Шкада, няма ў нас аслоў, – сказаў Тумаш. – Дзеля поўнага, значыцца, падабенства.– Аслоў больш чым трэба, – крануў каня Юрась. – Ды яны самі вярхом ездзяць.Хмара пылу радзела. І праз яе мяшчане ўбачылі конніка, што ўступаў у горад. Нізкае яшчэ сонца німбам стаяла за ягонай галавой. Гарлаў, крычаў узброены народ з галінамі ў руках.– Страшна падумаць, – ціха сказаў Іуда, – што гэта было б, каб ты зараз надумаў мярзотнікам зрабіцца. У-у!– А яны, мярзотнікі, усе калі-небудзь вось так імі рабіліся, – коса ўсміхнуўся Хрыстос.Варта і войска між тым біліся перад замкавым мостам. Ім было цяжка. З дахаў кідалі паленні, камяні, здохлых кошак. Свісцелі, галёкалі. Напіраў на іх узброены натоўп.З-за муроў даляталі томныя, анёльскія галасы, і таму ваякі біліся звар’яцела: “Значыцца, нас не кінулі, значыцца, правадыры – там”....А між тым у замку не было ўжо амаль нікога з вялікіх асоб. Гадзінаю раней, як толькі Хрыстос уступіў у горад, усе духоўныя члены рады, войт і пара магнатаў пад аховай дзесятка ваякаў спусціліся ў падземны ход і, па вадзе, пабрылі па ім да выхаду, што знаходзіўся за гарадской мяжой, можа,у нейкай тысячы сажняў ад замка. Яны кінулі большасць свецкіх багатыроў і нават бурмістра Юстына: не было часу паклапаціцца аб іх.