Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

– Мартэла Хрыбтовіча? Ён што, аўдавеў?– Чаму Мартэла? Радшы.– А Мартэл?– Выправіўся да продкаў.– Як гэта так?– А так, – усміхнуўся Басяцкі. – Паехаў піць да ворага “кубак прымірэння”, а яму там і праламалі чэрап.– Чым?– Ды “кубкам прымірэння” і праламалі.– Славянская дыпламатыя, – сказаў Юстын.Братчык бачыў вочы і разумеў, што яна і прыйсці сюды згадзілася, толькі каб паглядзець на яго. Сэрца ягонае шчымела. Шмат бы ён аддаў, каб яна не пакутавала па ім.Маўчанне трывала. Лотр паўтарыў пытанне.– Не, – рэзка сказала яна. Адвязалася, каб на яго глядзець.– Ці крэсліў знакі і пентаграмы, што адпалохваюць д’ябла, на дзвярах тых месцаў, што з’яўляюцца ўлюбёным яго прытулкам, як: дамы тых, хто мудрагеліць, дамы паэтаў, што не пішуць псалмаў і од, могілкі самагубцаў, мячэці, сінагогі, разбойнічыя прытоны, хаты анатамаў і філосафаў...– Цэрквы і касцёлы, – уставіў Хрыстос.Ён хацеў даць зразумець Магдаліне, што ён ведае, які лёс яго чакае, мужна глядзіць яму ў вочы і не шкадуе ні аб чым.– Зневажае Бога! – загарлаў Жаба.– Ведаю адно, – сказала яна. – Змучылі вы цела маё і душу. Сілком штурхнулі да яго. А я менш за ўсё хацела б шкодзіць яму. А за мінулае прашу ў яго даравання.“Божа, яна яшчэ хоча ўмацаваць маю мужнасць! Дарагая мая! Добрая! Бедная!”– Крэсліў ці не?– Не.– Зразумела, – сказаў езуіт. – Ён сам сказаў: “Цэрквы”. Ён, значыцца, не крэсліў на іхніх дзвярах знакаў, што адводзяць сатану. Пішы: “Царквы Божай ад сатаны не бараніў, пранікненню сатаны ў яе не перашкаджаў”.– А нашто? – спытаў Хрыстос. – Ён, сатана, даўно ўжо там. І калі ўжо ставіць знакі на царкоўных дзвярах, дык ставіць іх знутры. Каб не вырваўся сатана вонкі.– Адказвай, жанчына, што ведаеш яшчэ? – спытаў Лотр. – Ці не бачыла на плячы гэтага сатанінскага адроддзя след кіпця, а на лапатцы – следу ад агнявой дзіды, якой скідвала яго ў пекла нябеснае воінства?– Не.– Што можаш сказаць пра яго?Жанчына выпрасталася і ўздыхнула:– Што? Хацелі слухаць? Дык слухайце.Яна глядзела на яго:– Ніколі, ніколі ў жыцці я не бачыла лепшага чалавека. Таму вы і судзіце яго. А на ягоным месцы стаяць бы вам. Усім вам... Братчык, слухай мяне і даруй. Я выходжу замуж. За гэтую тваю сілу на паскудным гэтым судзе я яшчэ больш кахаю і люблю цябе. Але я выходжу замуж. За моцнага чалавека. За таго, які дазволіць мне рабіць усё. Таму і выходжу. Я не магу вызваліць цябе ад пакуты і смерці, не магу даць сваёй цеплыні, ды яна і непатрэбная табе. Даруй. Але затое я магу даць тваёй душы на небе асалоду справядлівасці помсты. Яны яшчэ не ведаюць, якога яны ворага прыдбалі сабе. Апошняга. Запеклага. Таго, які ні на хвіліну, нават у сне, не забывае пра помсту.Маўчанне.– Памры спакойна, сэрца маё, святло душы маёй, лепшы на зямлі чалавек. Не жыць табе ў гэтым паршывым свеце. Добрым – не жыць.– Гэта не вечна. – Даўкі яблык стаяў у Хрыстовым горле. – Дзякуй табе. Я люблю цябе.І тут жанчына раптам упала. Нешта як падсекла ёй ногі.– Даруй. Даруй. Даруй.Яна папаўзла была на каленях. Два вартавыя падхапілі яе пад рукі, узнялі, павялі да дзвярэй. На парозе яна змаглася, выпрасталася:– За гэтую хвіліну маёй слабасці яны заплацяць стакрот. Яны памруць, Братчык. Клянуся табе, Юрась. Памры спакойна.Ён не хацеў слухаць далей і не слухаў. Усё астатняе было няважна. Дапытвалі багатых гандляроў і магнатаў, дапытвалі рыбніка з хлебнікам. І ён чуў і не чуў, як яны трындзелі, што ён хацеў разбурыць храм Божы, што падрываў гандаль, што замахнуўся на шляхту, магнацтва, царкву і парадак. І што не цаніў пот працоўных, раздаючы ўсім пароўну хлеб, а тады хто ж захоча працаваць, каб мець болей.