Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

І рыбнік казаў, што ён падрываў дзяржаву. А хлебнік казаў, што ён вучыў супраць народа і закона. І што закон – гэта вось вы, слаўныя мужы, але народ – гэта мы. І пытаў, на што можа спадзявацца гэты “Хрыстос”, апаганіўшы народ і ўчыніўшы яму шкоду. І казаў, што народ патрабуе смерці.Ён амаль не чуў гэтага. Аблічча Магдаліны плыло перад яго вачыма. Словы яе гучалі ў яго вушах. І ён упершыню падумаў, што каб не яго каханне, то трэба было б прызнаць, што яна, прынамсі, не горшая за Анею.Але позна было.– Паколькі саўдзельнікаў на папярэднім катаванні выдаць адмовіўся – смерці павінен, – сказаў Камар.– Па-блюзнерску сцвярджаў, што ён Хрыстос, – сказаў Басяцкі. – До і гэтага.– Цяжкавата мне вырашыць гэтае пытанне, – сказаў Жаба. – Памёр Хрыстос, а кажуць, што жывы. Нейкі Хрыстос памерлы, аб якім кажуць, што ён жывы.– А ты не пніся, – сказаў Хрыстос. – Я тут – збоку. Вы падумайце, ці ўдасца вам усім вашымі смярдзючымі рукамі, усёй вашай дурной сілай забіць праўду? Бясслаўныя, ці здолееце вы зрынуць славу тых, хто гінуў і гіне за людзей, за народ? Нехта за іх крывёю кашляе – ён мацнейшы за вас са свіным вашым тлушчам. Некага вешаюць – яму даўжэйшае жыццё суджана, чым вам. Нічога з іхніх спраў не знікае. Гэта вы знікаеце. А яны – не. Бо яны за народ. За ўсе народы чыста, колькі іх ёсць. За ўсе, якіх вы сварыце, нацкоўваеце, прымушаеце біцца, каб абадраць порткі і з д’ябла і з Бога ды спакойна сядзець на нарадах сваёй с... – галавы ж у вас няма, – якая не менш чым у дванаццаць кулакоў.Толькі адзін Юстын стаў мераць на краі стала – а колькі гэта будзе, зад у дванаццаць кулакоў? Астатнія страцілі раўнавагу.Нібы навальніца ўзняла на ногі суд. Ірваліся да Братчыка, білі, мільгалі кіі. Ён глядзеў на іх не міргаючы. І гэта быў такі пякучы позірк, што кіі апусціліся. Суддзі крычалі, і ў гарачцы іхнія бязладныя словы нельга было зразумець. З глотак нібыта рваўся сабачы брэх.– Што ж вы, людзі? – сказаў ён. – Асліха Валаамава і тая чалавечым голасам гаварыла.Не памятаючы сябе ад шаленства, Камар кінуўся да Хрыста, схапіў загрудкі:– Катаваць будзем! Хутчэй! Пакуль не позна! Таемныя думкі! Таемныя думкі твае!Братчык адвёў яго рухам рукі:– Ну, чаго ты ротам гадзіш? Падумаеш, таемныя думкі. Ты ўлічы, дурню, няма ў свеце чалавека, які гэтых маіх думак не ведаў бы і не падзяляў. Бо гэта агульныя думкі. І на свет, і на ўсё гэта ваша кодла. Толькі што ніхто іх не выказвае. Я-то іх выказаў. Зброяй. А паўтараць іх тут – бісер перад свіннямі...Разумеючы, што суд чым далей, тым болей ператвараецца ў ганьбаванне саміх суддзяў, Басяцкі ўстаў:– Досыць. Гэта рачоны Хрыстос у імя люду, дзяржавы і царквы павінен смерці. І перадаем яго ў рукі свецкай уладзе, радзе славутага горада, каб, па магчымасці і калі мера зла ім не перавышана, абышлася яна з ім цяжка і не пралівала крыві.Юстын, які ўвесь час сядзеў, апусціўшы вочы, узняў іх. У вачах быў жах. Увесь збялеўшы, нібы палатніна, бурмістр спытаў:– Вы што ж, на нас хочаце навесці кроў гэтага чалавека?– Чаму? – спытаў Басяцкі. – Сказана ж, “без праліцця крыві”.Хрыстос зрабіў крок наперад:– Ганьбую судзілішча ваша давеку. Быці дому вашаму пусту.І ён плюнуў на сярэдзіну судовай залы.

Раздзел LV

Вуліцы былі яшчэ не зусім прыбраныя, бо забітых некаторы час не дазвалялі хаваць – у пострах іншым. Злосць была такая, што, здавалася, не хавалі б і зусім, але дні стаялі яшчэ даволі цёплыя, нават часам гарачыя, і ўлады збаяліся міязмаў, якія, як вядома, нараджаюць праказу, воспу і паморкавую пошасць, чуму, не кажучы ўжо аб іншых акрасах жыцця.