Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Варта вяла яго па вуліцах, пракладаючы дарогу праз натоўп багатых мяшчан, гандляроў і разявак. Ён не глядзеў на іх. Ён глядзеў, як навалам кідаюць у фурманкі трупы, як іх вязуць, як змываюць з бруку засохлую кроў цэлымі балеямі вады. Ён ведаў, сёння ўначы яго зноў возьмуць у замак (беззаконнае катаванне пасля суда трэба было хаваць: усе ведалі аб ім і ўсе рабілі выгляд, што яго няма), а пасля праз гадзіну – дзень – тры – тыдзень (наколькі яго хопіць і наколькі хутка зняверацца ў поспеху кат і суддзі) адвядуць назад у цямніцу пры радавым судзе, каб трохі ачуняў, каб зацягнуліся перад каразнам раны. Але яму ўсё гэта было амаль усё роўна пасля таго, як Магдаліна дала новы гарт ягонаму сэрцу і паказала яшчэ раз, што за гэтую цвердзь варта гінуць. Што варта гінуць за ледзь прыкметную плесню на ёй, за людзей. Нічога, што яны пакуль напалову драпежнікі, напалову ахвяры, што жывуць сярод іх трусікі, тыгры і тхары. Што зробіш? Яны зараз толькі карані, што свідруюць зямлю і гной, яны доўга, вельмі доўга будуць свідраваць гной, пакуль не выганяць з сябе сцябліну, пакуль не разгарыцца на ёй прыўкрасная квяціна Дасканаласці. Ён прадбачыў, якая яна будзе, і за яе здатны быў загінуць.Гэта было ўсё роўна. Неаднолькава было другое, тое, што вуліцамі везлі прах, у які ператварыліся найлепшыя з гэтых карэнняў, найбольш чыстыя і жыццяздатныя: сябры, браты, таварышы.А вакол віраваў натоўп, якога ён не заўважаў. Яго не было, калі будавалі царства справядлівасці, яго не існавала і зараз. Прынамсі, дзеля яго.– Гандаль падрываў! – гарлалі слінявыя пашчы.– Ілжэнастаўнік!– Вервіем гнаў нас з храма!Прыблізна пасярэдзіне Старога рынку гарэла невялікае вогнішча: нейкі забаўнік загадзя рыхтаваў галоўную частку спектакля. Братчык набліжаўся да гэтага вогнішча і ўсміхаўся сваім думкам. Ён бачыў далей за іх. У глыбіні часоў бачыў за гэтымі звярынымі пашчамі горды і справядлівы чалавечы рот. І ён усміхаўся.– Смяешся? Можа, карону хочаш?Прыгажун боўдзіла з каламутнымі ад магчымасці пакуражыцца вачыма дзерся праз варту, якая не дужа і трымала яго. На ўзнесеных у паветра кляшчах свяцілася вішнёвым колерам жалезная карона.– Н-не трымайце м-мяне! – пена валіла з вуснаў прыгажуна.Ён узняў клешчы, ён яшчэ не апусціў іх, а валасы на галаве ў Юрася затрашчалі... Бурмістр Юстын ударыў боўдзілу нагою ў пах, і той склаўся напалам. Карона пакацілася пад ногі гурме, раздаўся лямант абпечаных. Варта бягом цягнула Юрася да гульбішча ратушы. Юстын пяціўся за імі з кордам у руцэ:– Людзі! Вы мне верылі! Шмат год правіў я вамі папраўдзе... дзе мог. Вінюся, бяда мая ў гэтым. Але я стараўся ўратаваць кожнага з вас, свінні вы паршывыя, хаця і не заўсёды гэта ўдавалася. Ну, што вам у гэтым чалавеку?!Гурма раўла і рыкала. Кучцы людзей ледзь удалося прарвацца праз яе на гульбішча ратушы. Юстын не ведаў, што ўсё гэта бачаць з замкавага акна Басяцкі і Лотр.– Глас народа – глас Бога, – сказаў Лотр.Езуіт усміхнуўся і паправіў яго:– Глас народа – глас Бога з машыны.Бурмістр ведаў, што ярасць, няхай і жывёльную, трэба сарваць. Зрабіў непрыкметны жэст начальніку варты. Праз некалькі хвілін два латнікі вывалаклі на гульбішча скутага расстрыгу, прарока Іллюка.– Вазьміце пакуль гэтага! – крыкнуў бурмістр. – Гэты прапаведваў хлусліва і навушнічаў.– Ты нам печкура за сама не падсоўвай! – лез па сходах на гульбішча, грудзьмі проста на вастрыі дзід, хлебнік.