купить стим игры

Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Юстын схіліўся да яго:– Даносіў! Яго стараннем шмат каго забілі... Твайго, хлебнік, брата, Агея...– Іллюк хлебам за мой кошт нікога не карміў, – звар’яцела крычаў хлебнік. – Пляваў я на ягоную віну! Навушнічаў?! А хто не навушнічаў! Агею ж так і трэба! У веры хістаўся! У ерась жыдоўствуючых кінуцца хацеў! Маёнткі, майно царкоўнае асуджаў, дзяліць хацеў! Часоў апостальскіх ім узжадалася!Бурмістр імкнуўся перакрычаць народ. Пасечаны шнарамі, адзначаны ценем усіх распустаў, суровы і страшны твар наліўся крывёй.– Ды вы ведаеце, за што яго ўзялі, свінтухайлы вы?! Ён, Іллюк, падчас “ночы крыжоў” параненых дабіваў. Раздзяваў іх, рабаваў, марадзёрстваваў!Яго не слухалі! Гурма лезла па сходах.– Так ім і трэба! Царства Божага на зямлі хацелі! На майно лепшых руку ўзнялі! Адпускай Іллюка!!!Выхапілі расстрыгу з рук варты, сцягнулі з гульбішча. Нейкі цёмны чалавечак паваражыў з адмычкай каля ягоных запясцяў, і ланцугі срэбнай змяёю ўпалі на зямлю. Іллюк паматляў кісцямі рук у паветры і раптам шалёна, радасна залямантаваў:– Распні яго!Натоўп падхапіў:– Забі яго! Забі! Заўтра ж! За-бі я-го!!! З мёртвых ніхто не ўваскрасаў!Юстын загадаў пакінуць гульбішча....Наступныя два дні прайшлі ў дзікім рову горна, натужлівым рыпенні прэнга, ляску метала, які прымушае да болю сціскаць зубы, у скоках цемры і полымя і ва ўсім такім іншым, аб чым не дазваляе пісаць душа і на апісанне чаго не падымаецца рука.На трэці дзень пасля заключнага катавання “жарабяткам” (новы, неапалітанскі спосаб) Братчыку ўправілі рукі, змазалі ўсё цела алеем і на насілках аднеслі ў радскую цямніцу, бо ісці сам ён не мог.Усе гэтыя дні і наступныя, калі ён ачуньваў, Юстын, аб’явіўшы сябе хворым, сядзеў дома.Шматдзённае страшнае катаванне скончылася нічым. Мужыцкі Хрыстос не падарыў ім аніводнага слова, аніводнага праклёну, аніводнага крыку або стогну. Гаварыць можна было на судзе. Тут трэба было маўчаць і даводзіць маўчаннем. І ён даводзіў. Аддаўшы ў іхнія рукі сваё зламанае, выкручанае цела, на якім яны выпрабоўвалі ўсю вытанчанасць свайго рымскага мастацтва, ён не аддаў ім ані грана сваёй душы і толькі, калі рабілася ўжо зусім нясцерпна, коратка смяяўся, гледзячы ім у вочы. Смех быў падобны да клекатання. І яны зразумелі, што нават “велляй” не даб’юцца ад яго нічога іншага.Напярэдадні дня страты ў цэлю да яго прыйшлі Лотр, войт Цыкмун Жаба і – упершыню за ўвесь час – бурмістр Юстын. Першы, каб прапанаваць споведзь і прычасціць, другі, каб прысутнічаць пры гэтым і пасля змацаваць сваім подпісам канфірмацыю на смерць. Трэці, каб спытаць аб апошніх жаданнях асуджанага, атрымаць прыватныя даручэнні (накшталт: “Хустку перадайце такой і такой на вуліцу Грунтвагі; пацалунак мой, бо я любіў яго, такому і такому; частку грошай – на штогадовую імшу па душы маёй, рэшту – жабракам, а вопратку маю кату не аддаваць, як то звычай кажа, а спаліць, а кату заплаціць за яе во гэтымі грашыма, на якія я зараз плюнуў”) і прабавіць з вязнем апошні вечар перад тым, як адыдзе ён да сну або думак....Хрыстос сядзеў на ложку голы да пояса, накінуўшы толькі сабе на плечы плашч. Ён зарос, шчокі праваліліся, на грудзях былі чырвоныя плямы. Глядзеў іранічна на Лотра, які добрую гадзіну кленчыў ля яго і вось цяпер апошні раз талдычыў сваю прапанову:– І яшчэ раз кажу, што літасці маці-царквы няма мяжы, што і табе яна не хоча адмовіць у суцяшэнні. Табе, ілжэ-Хрысту.