Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

– А я шкадую аб тым, што звалілася на мяне гэтае імя, можа, больш за вас.– Гэта чаму? – узрадаваўся Лотр.– А так. Якія б мае намеры ні былі – я імем сваім шкоду прынёс. Марную надзею ў сэрцах пасяліў. Маўляў, не толькі ў душах, маўляў, і на небе можа быці дабрыня.– Вось бачыш, мы яе табе і нясём.– Кінь. Сам жа ты ў гэта ані храна не верыш. Іначай, не было б такім паскудствам жыццё тваё... Ну, перад кім я спавядацца буду? Чаго, з чыіх рук прычашчуся? Што, мала было людзей, якім вы ў аблатцы яд падавалі? Чаго ж Бог глядзеў? Зрабіў бы, каб у гэтым пачастунку яд знік. Га?– Развязаў язык, – сказаў Жаба. – На прэнгу дык маўчаў.– А мы з табой розныя людзі. Ты, для прыкладу, на прэнгу такія б прамовы ды крыкі закатваў, што д’яблаў бы ў пекле вараціла, а тут бы маўчаў, як ёлуп, бо ты ў разумнай бяседзе і двух словаў не звяжаш, асляк.– Братчык... – Лотр відавочна чакаў адказу.– Не марнуй ты, куме, каштоўных сілаў, – сказаў Хрыстос. – Прыдадуцца ў доме распусты. Ну, ты ж ведаеш мае думкі. І на цямніцах вашых пячаць сатаны, і прычасць ваша – прычасць сатаны, і дабрыня – дабрыня сатаны. І ўвогуле, чаго ж гэта Бог, калі ён ужо такі боскі, цямніцы дзеля добрых церпіць? А калі ён злы, то нашто ён?Лотр развёў рукамі. Пасля ён і Жаба выйшлі, пакінуўшы Юстына ў цэлі.– Непатрэбна мне суцяшэнне, – ужо іншым тонам сказаў Хрыстос. – І прычасць з брудных рук. Голы чалавек на зямлі без чалавека. І нашто яму багі?Свяцільнік кідаў чырвонае святло на выснажаны твар Хрыста і шырокае, пасечанае шнарамі, Юстынава аблічча. Стаяў пачатак месяца верасоў, і праз краты павявала аднекуль з-за замка, з-за Нёмана, цеплынёй і мёдам.– Ты ведаеш, што цябе спаляць? – глуха спытаў Юстын.– Н-не, – голас на імгненне асекся. – Думаў, шыбеніца.– Спаляць. Калі войт паўторыць на эшафоце словы аб вогнішчы. Калі нешта яму перашкодзіць – знойдуць іншы сродак.– Няхай, – сказаў Хрыстос.– Баішся? – дапытліва сказаў бурмістр.– Ясна – баюся. Але ж хаця б я парадзіхаю галасіў – нічога не зменіцца.– Я загадаю класці сырыя дровы. Каб страціў прытомнасць да агню, – буркнуў Юстын.– Дзякуй.Панавала няёмкае маўчанне. І раптам Юстын са скрухаю крэкнуў:– Казаў жа я табе, нядоўга гэта будзе. Чаго ты мяне жывога пакінуў? Каб сумленне балела? Ранейшы я, ранейшы... Нічога ж ты і ніхто іншы не зробяць з людзей.– А ты не ранейшы.– Няхай так. Мне ад гэтага не лягчэй, калі чалавек менавіта такая свіння, як я і думаў.Хрыстос глядзеў і глядзеў Юстыну ў вочы. Жудасныя гэта былі вочы. Усё яны бачылі: вайну, інтрыгі, сутычкі, распусту, яд і вераломства. Усяму на свеце яны ведалі цану. Але, відаць, не ўсяму, таму што бурмістр не вытрымаў і апусціў галаву.– Разумееш, Юстын, – сказаў Братчык, – быў і я накшталт бязгрэшнага анёла. Глядзеў на ўсё цялячымі вачыма і ўсміхаўся ўсяму. Не разумеў. Пасля махляром быў. Такой свіннёй мяне зрабілі, – ды не, і сам сябе зрабіў! – успомніць страшна. Бог ты мой, якія бязодні, якое пекла я прайшоў! Але цяпер я в е д а ю. Гляджу на неба, на зоры, так, як і раней глядзеў, але толькі ўсё памятаю, усё ведаю. І в е д а н н я свайго ніколі не аддам.Памаўчаў.– Думаеш, я адзін так?– Не, не думаю, – з цяжкасцю выціснуў бурмістр.– Бачыш? Нараджаецца на гэтай цвердзі новая парода людзей. З веданнем і чысцінёй думак. Што ты з імі зробіш? Знішчыш хіба? І тое не дапаможа. Памяць... памяць аб іх куды дзенеш? Вось Іуда. Тумаш, Кляонік, сотні іншых... Дый ты робіш першы крок.