Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

– Позна. Стары я. Віны зашмат на мне.– Не ва ўсім вы вінаватыя. Іншага не бачылі. Часіны быдла. Саборы, як дыямент, халупы, як гной. Ды толькі ў гэтым гноі нараджаецца золата душ. А ў алмазных саборах – дзярмо. На тым стаім. Ды толькі ўбачаць людзі. Заззяе святло ісціны.Бурмістр хрыпата, бязгучна засмяяўся. Падстрыжаны пад гаршчок цень калаціўся за ім. Ды толькі смех не быў падобны на смех:– Гэх, браце, што ёсць ісціна? Бачыш, Пілата паўтараю. Толькі сучаснага Пілата, які памудрэў трохі. Няма такой ісціны, якой нельга не загадзіць, запаскудзіць. І яны загадзілі іх. Усе да адной.– Хіба ісціна з гэтай прычыны перастала быць ісцінай?.. Не забі.– А калі за веру, за бацькаўшчыну, за ўладара?.. А ноч “крыжоў”? А распяцці на лідскай дарозе? – Твар у бурмістра быў страшны.– Не любадзейнічай.– Эг-ге. Не паграшыш – не пакаешся... У ложкі іхнія зірні... Толькі кажуць аб чысціні нораваў, аб маралі, а... Тфу!.. Ды яшчэ каб па згодзе – палова бяды. А то гвалтуюць, залежнасць скарыстоўваюць, грошы.– Не ўкрадзі.– А дзесяціна? А дань? А падаткі?– Не сведчы лжыва. – Хрыстос гаварыў спакойна, нібы мацаючы душу субяседніка.– А цябе як абвяшчалі?! А судзілі як?! А ўсе суды?!– Любі бліжняга свайго, – сурова сказаў Юрась.Юстын скочыў з месца:– Любі?! – Вочы ягоныя вуголлямі гарэлі з-пад валасоў. – А гэта? – рука торкнула ў апёкі на Юрасёвых грудзях. – А тое?! – За акном, на абвугленых шыбеніцах віселі, пагойдваліся трупы. – Ты іх спаліць хацеў, а яны... А допыты? А эшафоты? Кожны дзень мы гэтую любоў ад начальных людзей княства бачым!– А Чалавек? – ціха спытаў Юрась.Запанавала маўчанне. Потым Юстын ціха сказаў:– Божа мой, што ты юродзівы такі? Чалавек. Хто Чалавек? Хлебнік? Іллюк? Сляпыя гэтыя? Басяцкі?– Не пра іх кажу. Пра цябе.– Як пра мяне?– Калі ты хлусню ў кожным запавеце бачыш – хто ж ты, як не чалавек? Калі разгледзеў за высокімі словамі бессаромную брахню – значыцца, чалавек. Калі прагнеш іншага і святога, хай сабе не ведаючы, дзе яно, – значыцца, ёсць жа Чалавек на Зямлі? Не толькі ваўкі. Не толькі звяры, паскуды і хлусы.Юстын маўчаў.– А пра тых – што сказаць. Вось таму, што яны штогадзінна забіваюць гэтую прагу іншага, прагу святога – адбярэцца ў іх праўда і дадзена будзе Чалавеку. Мабыць, няскора! Але ж адкуль ён народзіцца, Чалавек, калі ўсе мы зараз будзем таптаць у сабе ягоныя іскры?– Значыцца...– Значыцца, умацуйся ў мужнасці сваёй, сурова сей пасеў свой, не давай яго затаптаць, не спадзявайся, што лёгка аддадуць праўду. Чакай кожную хвіліну бойкі і плахі. Вось – вера. А іншай няма. Іншая вера – ад нячыстага, ад сатаны.Стала так ціха, што чуць было, як звонка плёскае ў місу вада з рукамыйніка.– Слухай, – Юстын раптам спаймаў Хрыстову руку. – Яшчэ перад судом гэтая... Магдаліна... угаворвала мяне, каб я... Я вагаўся. Што змянілася б ва ўсім гэтым свінстве? Але цяпер бачу: з самага пачатку не рабілі ў Гародні больш чорнай справы. – Ён заглядаў Юрасю ў вочы амаль умольна. – Слухай, уцякай. Слухай, я падрыхтую вазок. Выпушчу цябе. Скажу – узнёсся. Няхай чысты будзе канец маіх дзён.Хрыстос жартам барнуў яго галавою:– Гэх, Юсціне. І так ён у цябе будзе спакойны і чысты. Прапанаваў такое – лічы, што зрабіў. Толькі... не пайду я, не трэба мяне ратаваць. Дзякуй, Юстын.– Але чаму, чаму?– А таму, – пасур’ёзнеў вязень. – Часам мне здаецца – сатана не з неба зваліўся. Ён з зямлі прыйшоў. Яго цэрквы спарадзілі. Яго цары спарадзілі. Ваяводы. Тысячаначальнікі. Нельга, каб сярод людзей жылі, чынілі сваю волю такія. Чым хутчэй яны знікнуць – тым лепей. Можа, мая смерць хаця на таўшчыню воласа наблізіць гэта.