Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Паклаў руку Юстыну на плячо:– Ты не думай, я хораша памру. Кажуць, у такіх выпадках падыходзяць у шкарпэтках, адчыняюць нечакана дзверы і хапаюць у сне, каб не роў, не адбіваўся?– Быв-ваюць і такія... Заг-гад.– Загад для большага прыніжэння. Адзінае маё жаданне: гэтага не трэба. Ува ўсёй гэтай навалачы ногі будуць калаціцца больш, чым у мяне... Вось і ўсё... А заўтра ўсе яны запаляць мой агонь, якога ім не згасіць.Ён убачыў, што ў Юстына між пальцаў рук, прыціснутых да аблічча, сплываюць, точацца слёзы.– Кінь. Ты хацеў і мог памагчы. Ты не вінен ні ў чым. Ты не вінаваты, што я адмовіўся.Юстын устаў. Занадта паспешліва. Пакрочыў да дзвярэй.– Бывай, – ён кінуў гэта, нібы выплюнуў. – Прабач.– Няма за што. Бывай. Дзякуй, Юстын.Дзверы грукнулі, нібы іх зачыніў глухі ад нараджэння. Рэха загудзела пад скляпеннем цэлі. Змоўкнула.

Раздзел LVІ

Ужо некалькі дзён хадзіў па вуліцах Гародні дзіўны чалавек. Галава і амаль усё аблічча абматаныя суровай палатнінай. З-пад яе выглядаюць вока і адзін вус, тупы і кароткі. На плечы накінуты цёмны, грубага сукна плашч. Прыпол плашча ззаду ўзняты, відавочна, канцом мяча, што вісіць пад гэтым плашчом пры боку. Суконны сіні кітлік цеснаваты, як толькі не лузне на грудзях і плячах. На рукаве кітліка нашыты белы крыж.Людзі адхіналіся ад яго на вуліцах, адступалі ўбок. Пайшла пасля “ночы крыжоў” і трымалася яшчэ некаторы час гэткая паршывая мода: не адпорваць знака крыжа і не здымаць павязак, як быццам невядома якое геройства рэзаць сонных і сячыся з заспетымі неспадзеўкі. Усе гнілыя фацэты фарсілі так.Вось і гэты – па ўсім відаць – хвалько і забіяка, адарвірог. Рукі ледзь ад крыві адмыў, а ўжо вокам свідруе. Вусы абцяў (падсмаленыя, відаць, былі), варушыць імі. Меч пры боку, а сумлення ў душы чорт ма.Каб гэтыя самыя людзі мелі магчымасць сачыць за дзіўным чалавекам па працягу цэлага дня, яны б здзівіліся яшчэ больш. Чалавек снедаў у якой-небудзь кепскай карчомцы, а пасля ішоў у нейкі касцёл (цэркваў пазбягаў), хрысціўся пад плашчом (справа налева), а пасля клаўся на падлозе крыжам і ляжаў так гадзінамі. Вочы ягоныя былі заплюшчаны, дыханне глыбокае. Страшэнна, відаць, перажываў чалавек нейкія свае грахі. І падумаць толькі, што нечы забойца, а такі набожны!Дзе ён начаваў, ніхто не ведаў і не бачыў. Цалкам магчыма, што нідзе, бо ўначы рэдкія прахожыя часам таксама бачылі яго на вуліцах.Людзі здзівіліся б яшчэ больш, каб даведаліся, што гэтага чалавека ўжо колькі дзён беспаспяхова шукаюць па ўсім наваколлі сокі і служкі доказнай інквізіцыі. Шукаюць, але не могуць нават падумаць, што ён тут, побач, у самым логаве. У чалавека не было страхі над галавою, і таму начамі ён хадзіў, і таму, будучы праваслаўным, хадзіў у касцёлы. У царкве, стоячы на нагах, не дужа разаспішся, а тут лёг крыжам і... Страшэнна зручная вера каталіцызм!Чалавека звалі Багдан Роскаш, а падчас Хрыстовай эпапеі – Тумаш Няверны, званы Блізнюк.Ён кружляў па горадзе, сам не ведаючы чаго. Проста тут сядзеў Хрыстос, а Фама быў не з тых людзей, што кідаюць друга ў бядзе.Тады, аглушаны ўдарам звона, ён амаль суткі праляжаў непрытомны пад кучай забітых латнікаў. Пасля неяк ачомаўся. На галаве ў яго была страшэнная, небывалай велічыні і афарбоўкі гуля, а чэрап гудзеў так, нібы ў ім святочна званілі тры Вялікія Зафеі. Ён убачыў заваленую целамі вуліцу, цвёрда сціснуў тоўстыя вусны. Зняў з забітага кітлік з белым крыжам, цеснаваты, узяў у манаха медны таўкач і засунуў яго за пояс. Падабраў меч і нечы кісцень.