Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Пасля здагадаўся, што пазнаць яго – дурная, няхітрая справа. Адпілаваў нажом канцы сваіх вусоў, гонару свайго, і спрэс забінтаваў галаву, пакінуўшы глядзець на свет толькі адно вока. Асцярожна абмінуў звон, спусціўся на вуліцу.І вось некалькі дзён дарэмнага гойсання вакол замка, ратушы і зноў вакол замка. Фама ўтрапёна шукаў хоць маленькай магчымасці ўбачыць, прабрацца, памагчы. Ніводнай шчылінкі, ніводнага выпадку, ніводнай нагоды. Удзень і ўначы, удзень і ўначы. Так ходзіць ваўчыха вакол леснічоўкі, у якой звязаныя ляжаць яе ваўчаняты. Ходзіць, пакуль не наторкнецца на стралу.Шукаў ён і сяброў, з якімі можна было напасці на замак ці ратушу і, у горшым выпадку, загінуць. Шукаў, не думаючы аб тым, што і сябры не дурні, каб з’яўляцца ў горадзе з адкрытымі тварамі, а значыцца, ён не пазнае іх, як і сябры не пазнаюць яго. Часам ён упадаў у роспач, але ўсё адно хадзіў і шукаў. Хаця б маленькую зачэпку! Шчылінку!.. Бяссілле прыгнятала яго....Напярэдадні пакарання смерцю, за некалькі гадзін да размовы Юстына і Хрыста, яму пашанцавала, хаця і не так, як ён хацеў. Знясілены, зайшоў ён да карчмы і ўбачыў манаха-дамініканца. Той сядзеў і выпіваў, а каля ягонага локця ляжаў цыліндрычны скураны каўчэг-пенал, у якім носяць пергаментныя і папяровыя скруткі. Круглы твар манаха льсніўся, вочы былі масленыя. Ужо ўзяў.Сам не ведаючы чаму, хутчэй за ўсё дзеля пенала (апошнія дні ўсё справаводства Гародні працавала на працэс аб паўстанні мужыцкага Хрыста, і ў пенале магло быць сёе-тое цікавае аб кімсьці з паплечнікаў), Фама сеў непадалёку ад манаха.– Сябра, – сказаў той, – ну і ўпрыгожылі ж яны цябе, гадаўцы.– Не кажы. Як далі па галаве – аж я ўсіх пап, пачынаючы ад святога Дамаса і да нашага, да Льва, адначасова ўбачыў.– Нічога, – суцешыў манах, – за ўсё ім рыгнецца. Убачаць заўтра, як гэтага іхняга антыхрыста, зрэбнага апостала, шарачковага папу прыпякуць.І ён паляпаў далонню па пенале. Машынальна.Фама заказаў вялікі гляк гарэлкі і закуску. Пасунуўся бліжэй да дамініканца.– За папу, – наліў яму Фама.Выпілі. Закусілі свежага пасолу рыжычкамі.– Папа наш – ого! – сказаў манах. – Я зрэў папу. Я цалаваў пантофлю папы.– За пантофлю папы.Выпілі. Закусілі вэнджанай гусяцінкай.– Кажу табе – пантофлю я ў яго цалаваў. А і ручкіножкі расцалаваў бы. Таму што – леў.– За ручкі, за ножкі, за тое, што леў.Закусілі гарачым – румянымі калдунамі.– Папа ўсё можа, – сказаў Тумаш. – Давай за тое, што папа ёсць, што ён усё можа.– Не буду я піць за папу. Не магу.Фама пахаладзеў. Размова пачынала смярдзець ерассю, а – праз яе – вогнішчам. Сярод гуляк маглі быць віжы. Ён жыва ўявіў, як пад’язджае пад дзверы карчмы “кошык для спаржы” і як яго валакуць туды, узяўшы пад белыя рукі, два здаравені ў аднолькавых плашчах.– Г-гэта чаму?– А ты мне наліць забыўся. Г-гы! Што, добра я пажартаваў?– Тфу! Каб з табою павек так жартавалі... Ну, дык за тое, што папа ўсё можа. – Лёгкі туманец хмелю ад гэтага жарту выветрыўся з Фамовай галавы.– А і папа не ўсё можа, – занатурыўся манах.– Як гэта не ўсё?– А так. Папа, як і царква, літасцівы павінен быць. Асудзіць ён можа. А выканаць прысуд – дудкі. І кардынал так. Для выканання прысуду міранам справу перадаюць.– Брэшаш!– Я табе брахну. Вось тут, – манах паляпаў па пенале, – справа антыхрыста. Нясу, каб войт подпіс паставіў. Вогнішча. “Без праліцця”.– А як не паставіць?