Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

– Чаго ж гэта ён не паставіць? Памрэ хіба або з’едзе.– Г-га. Растлумачыў ты мне. Добра. Дык давай за літасць папы, за тое, што і ён не можа.Выпілі. Падкусілі падсоленымі ядрамі арэхаў. Манах пачаў нешта расказваць. Гэта было цікавае, змястоўнае, доўгае апавяданне. Шкада толькі, што Фама амаль нічога ў ім не зразумеў.– Ідувойта справе... Колькожна сядзець?.. Важліправа... Справеры... Антыхрыста – судзіць!.. Безпралікрві... Пекла... Галакрык! Д’ячэрці! Чэр’явалы!.. Сядзець – ані, спяшаюся. Павінныць паслухаднымі, вось, бо мы манахі. М-мы, братка!.. Дзяцалую. Пайду.Ён устаў і, хістаючыся, пайшоў да дзвярэй. Фама разлічыўся і, стоячы ў дзвярах, глядзеў, як ідзе манах... Так Роскаш даведаўся, які лёс чакае Хрыста....Дамініканец прыйшоў да дома Жабы толькі гадзіны праз паўтары, трохі, відаць, працверазіўшыся дарогай, таму што падышоў да брамніка даволі прама і, працягваючы каўчэг-пенал, уладна кінуў з-пад капюшона:– Ад святой службы да войта. Прыкласці руку.Яго прапусцілі. Жаба сядзеў ля нязменных начовак, і фігуркі ўжо былі расстаўлены на дне. Пачцівы дзеяч займаўся сваёй улюбёнай гульнёй.– Што перадае святая служба?– Зрабіце ласку прыкласці руку.– Пасля. Пасля, – сказаў Жаба. – Пазней падпішу. На Замкавую плошчу прывязу.– Павешанне?– Што вы, ойча. Ды тут і вогнішча мала.Жаба пусціў ваду, і яна пачала заліваць – каторы ўжо раз – шчаслівую даліну. Манах з цікавасцю глядзеў на гэта.– Да жывёлаў і гадаў, – сказаў Жаба.– Гэта што такое? – спытаў манах.– Спроба. – Войт глядзеў, як фігуркі варушаць рукамі над галавой. – Заўтра трэба хутчэй з гэтай лухтою, з гэтым вылюдкам роду чалавечага скончыць. У мяне ўжо і людзі падрыхтаваныя. Пайду, адразу як дагарыць, па ваяводству з войскам. Чысціць трэба. Чысціць. Распусціліся. Брыду ў дзяржаве развялі. Вальнадумства. Здраднікі.Узяў фігурку, паставіў на край начовак.– Усё магу. Слухайся – уратуешся. Трымці – жыць будзеш. Непакорлівых Бог ненавідзіць, я ненавіджу. Думаць – ані.Твар ягоны скамянеў ад утрапёнай велічы.– А людзей не шкада?– Ты сказаў? – звярнуўся войт да фігуркі. – Мудрагеліш? Ад ілжэфілосафаў набраўся? Я пагублю цябе, чарвяк, разам з думкамі. На!Кінуў фігурку ў ваду. Тая пускала бурбалкі.– Не, не яна, гэта я, – сказаў манах.– Ай-а, ойча. Так-са-ма па-даз-рона... Ды не, чаго шкадаваць. Калі з кожнай сотні гэтых людцаў дзесятак павесіць – астатнія цішэй будуць.– Рацыя, – сказаў дамініканец.– Дык блаславі ж на ачышчэнне зямлі ад брыдоты.Манах адкінуў капюшон. Жаба ўзняў вочы і аслупянеў, убачыўшы твар Фамы.– Ну вось, – сказаў шляхціц. – Бяры пяро.– Я табе...– Слухай, войт, я табе не лялька, я табе не гліняшка. Роскашы жартаваць не любяць, і ты мне не Піліп Македонскі, выскачка ты, свінапас, халуй кепскага роду, тхароў тата...– Як смееш?– Ты, мабыць, спадзяешся да Цэзара дарасці. Дык не дарасцеш. Па-першае, таму, што ты – сала дурное, а па-другое, таму, што, калі ты зараз не падпішаш, я табе, гэткаму Карлу Вялікаму, заганю ногі менавіта ў тое месца, якім ты думаеш...Войт узяў пяро.– Пішы: “Уладаю войта забараняю страту агнём. Апошняе маё слова”.Жаба напісаў, усміхнуўся:– Дурань ты, Фама, хто ж мне перашкодзіць пасля перапісаць?– Я, – сказаў Роскаш. – Я перашкоджу. Я бласлаўляю цябе на ўсю астачу твайго жыцця.Войт Цыкмун Жаба не паспеў крыкнуць. Фама з маху ўдарыў яго медным таўкачом па галаве:– Бласлаўляецца раб Божы.