Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Справай хвіліны было б пайсці. Але Роскаша нешта мучыла, нечага было шкада. Раптам ён зразумеў, чаго шкада. Выграб з вады домікі, фігуркі, палацы – усё, што стаяла на дне вялізных начовак. Пасля кінуў туды цела войта і мацней пусціў ваду:– Да жывёлаў і гадаў.Праз некаторы час ён адшукаў па задворках, у гусцейшых лопухах, лебядзе і дудках, мёртва-п’янае цела дамініканца. Скінуў з сябе расу і паклаў яму пад галаву. Пасля пабудзіў, моцна расціраючы п’янаму вушы.– Дапіўся, – з дакорам сказаў Фама, калі дамініканец спуджана ўскінуўся.– Бацюхны, – жахнуўся той. – Сонца ж высока! Калі ж да войта?– Я і кажу, што дапіўся. Ты што, забыў? Былі ж мы ў войта. Добра, што я цябе не кінуў, што сувой нёс. Згубіў бы недзе.– Не можа быць.– Глядзі, подпіс.– Дзіўна, – сказаў манах. – Не згадзіўся на вогнішча... Ніч-чога не помню.– Дзіва што. Ты хаця памятаеш, што ты рабіў?– Н-не.– Біцца лез. Цалаваў. Хапаў.– Каго?– Ды ўжо ж не войта.– Няўжо дачку ягоную?– Што ты, ты ж маленькіх шкадуеш.– Ж-жонку, – абмякнуў дамініканец. – Што ж будзе?– Нічога не будзе. Угаварыў я войта. Дый напалохаў трохі. Сказаў, што ты ў святой службе нават за Басяцкім сочыш. Цяпер табе толькі маўчаць трэба.– Братка... Ты маўчы... Калі ласка!– Я – магіла... А пасля яшчэ мадней было. Хацеў ты сесці проста пад распяццем на Ростані. Ледзь завалок цябе сюды. А ты – распранацца. “Марыля, – кажаш, – хадзі пад бок”.Дамініканец замыкаў, трымаючыся за галаву і хістаючыся.– Ну, я і падумаў, што лепей, калі ты трохі паспіш. Выседзеў над табою, прасачыў, каб не абакралі.– Братка, век Бога маліць... Гэта ж падумаць, сувой бы згубіў!– Нічога, – сказаў Фама. – З кім не бывае. У мяне дык аднойчы горш было.– Сябра, маўчы... Я гэтай гары цяпер...– Дарэмна, – сказаў Фама. – Гэта толькі ўцягвацца не трэба, а ўжо як уцягнуўся – нішто. Хадзем, паправім галаву дый разыдземся. Спяшайся, браце.Яны выпілі яшчэ па чарцы і разышліся, задаволеныя адзін адным. Манах панёс пенал з паперай, Фама пайшоў блукаць вакол замка. Сэрца ягонае плакала. Памілаванню, падпісанаму войтам, не паверыў бы ніхто. І адзінае, чаго ён, Фама, дамогся, што ён здолеў зрабіць, было збаўленне сябра ад залішніх пакут. Збаўленне ад самага пакутлівага пакарання. Пакарання агнём.

Раздзел LVІІ

Клубіліся белыя, як снегавыя горы, але цёплыя, валакністыя аблокі. За весніцамі Нябеснага Ерусаліма, на воблачным паплаўцы – праз аблокі прараслі кветачкі, рамонкі і васількі – весяліўся хор анёлаў. Вадзілі карагод і гралі на цымбалах і скрыпках. Усе анёлы былі з крыламі, у чапурных і шыкоўных чугах і світках, нагавіцах добрага шарачку, моцных поршнях. Паміж імі было шмат гожых жанчын у аксамітных і ядвабных кабатах, з караблікамі на галовах. Крылы іхнія былі багата вышываныя. Яны скакалі, памахваючы пальмавымі галінамі, як хустачкамі.– Гэй, каго гэта вы валачэце? – меладычна крычалі яны.– Хрыста.– Памагай Бог!– Казаў Бог, каб ты дапамог! – смяяліся тыя, што неслі.Усё хутчэй і хутчэй узносіўся Хрыстос. І ўсё мацней гучаў насустрач яму ў лікаванні і ўрачыстасці харал. Чамусьці “Алілуя” Джонсана1.Яны праляцелі праз вясёлку. Стаялі на аблоках чыстыя раскошныя хаты з буслянкамі на стрэхах. Буслы стаялі ў іх на адной назе і ляскалі дзюбамі ў такт харалу. Адрыны, хлявы, павеці і вазоўні – усё было ў парадку, усё дагледжанае і ладнае, на вякі.