Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

У горадзе таемна застаўся адзін Фларыян Басяцкі: рыхтаваць гандляроў у горадзе.Астатнія правіліся ў Ваўкавыск за падмогай.А сеча ля брамы замка віравала. Віселі на дзідах, білі бярвеннямі ў палавінкі, і муры калаціліся. Падалі камяні на ўзнятыя над галовамі шчыты. Секліся на зубцах, і паперадзе ўсіх трос пузам Тумаш.Іншыя між тым выбівалі дзверы цэркваў і касцёлаў, ірваліся туды. Скураныя поршні ўдарамі адчынялі алтары, сякеры расколвалі дараносіцы. Гнеў і жаданне знішчаць усё гэта былі вышэй за прагнасць. І таму рукі колеру зямлі з трэскам раздзіралі рызы, рабілі з іх анучы. Не абышлося і без пабояў, якімі адзначылі асабліва ненавісных і прагных расафорнікаў.Урэшце выбілі браму замка і ўдзерліся ў яго. Беглі пераходамі, секліся, цягнулі з пакояў людзей, апранутых у парчу. Купка людзей падымала з каменных мяхоў вязняў. Падымала, завязаўшы вочы, нібы коней з шахты, каб не аслеплі.І ўрэшце людскі натоўп уваліўся ў тронны зал. Палалі паходні, і мужыкі спыніліся, уражаныя. Перад імі, па ўсёй падлозе, былі рассыпаныя адзенні, кубкі, адчыненыя скрыні, неацанімая зброя. А ля вышняга месца стаяў у белай сарочцы і чорнай чузе – падрыхтаваўся – бурмістр Юстын.– Бярыце, – сказаў ён. – Мёртваму нічога не трэба.Якраз у гэты момант каваль Кірык Вястун у замкавай капліцы скінуў ударам гізаўры на падлогу разубранага ў золата васковага Хрыста. Той усміхаўся, лежачы на спіне.– І тады так усміхаўся! Ід-дал!І наступіў поршнем проста на васковы твар, змяў яго.

Раздзел ХLІІ

“І так вось узялі Гародню. Без вялікай крыві, а і хутка. Таму што многія чакалі. Былі, вядома, і такія, што на тварах усмешкі, а ў вачах злосць, але менш было іх.І пачалі разбіраць людзі мяхі са збожжам і на вазкі котчыя класці. А храмы разбілі, не парабаваўшы. А багатых, а нялітасцівых павялі на Нёманаў бераг, дзе заўсёды шыбеніцы стаялі, вешаць каб.Не ведаем мы, адкуль тут Анея ўзялася. Хто кажа: сама з вежы, дзе сядзела, уцякла, па вяроўках, з сенніка зробленых. Хто кажа: адбіў нехта вязніцу дый выпусціў.А і іншы слых быў, нібыта кат з паплечнікамі прыйшоў канчаць з ёю і пра апошняе жаданне спытаў. Ну, яна і папрасіла клеткі ёй паказаць ды сказала, што загадзя яго за працу ягоную дзякуе. Той расчуліўся, усё паказаў, а пасля клетку паказаў найлепшую. Сам чалавек зразумее калісь, што так царкве з ім зручней за ўсё. І тады ўсе людзі па добрай волі сваёй увойдуць у такія клеткі хадзячыя, зачыняцца дый хадзіць будуць. Знутры колькі хочаш адчыняй, ды толькі веруючы клетачнік на гэта не пойдзе. А знадворку не адчыніш, бо гэта ўжо будзе замах на свабоду волі таго, хто сядзіць. Ён бо свой абавязак разумее і з клеткі не выйдзе. У розум канчаткова ўвайшоў таму што.І нібыта Анея папрасіла ўсіх адвярнуцца, бо маліцца будзе, а сама скочыла ў тую клетку і зачынілася. Тыя просяць, каб выйшла, а тая моліцца здзекліва, язык паказвае ды кажа, што яна якраз і ўвайшла канчаткова ў розум. І тады тыя вымушаны былі кінуць яе ў сутарэнні і ўцякаць, бо ўварваўся ўжо ў замак народ.Не ведаем мы, як і верыць таму. Адно ведаем: на судзілішчы была ўжо яна побач з Хрыстом. Толькі і гаворыць яму: “Ты ішоў?” А ён ёй: “Я ішоў”. А яна зноў: “Ты ішоў? Як жа доўга ты ішоў”.А мы вакол стаім ды плачам.Ката ж таго схапілі на вуліцы. І крычалі: “Вось ён, клетачнік! Вось, душадзёр!” І як ён ні гарлаў, што “дзякуй сказалі б”, што “катаў нельга ў клетку”, што “яны ўсім прыдатныя, каты”, запхнулі яго ў клетку і пагналі сваёй хадою, як труну павапленую, да Нёмана. Хлапчукі ж беглі за катам і шчыкалі яго за ногі”.