Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

На аблочных дварах, зарослых душыстымі рамонкамі, вясёлыя дзеці гулялі ў “піва”. Каціліся па аблоках, як па ваце, з клуба на клуб. Басаногі пастушок гнаў па хмарах сытых кароў з прыўкраснымі вачыма.На самай высокай, сляпуча белай хмары стаяла хата з дзвюх састаўленых пяцісценак. І пры ёй таксама было ўсё, чаму трэба быць пры гаспадарлівай беларускай хаце: і хлявы, і адрына, і лазня.На парозе хаты, падклаўшы рукі пад азадак, сядзеў і адпачываў пасля працоўнага дня самавіты Бог Саваоф, трохі падобны да сівавусага. Анёлкі апусцілі Хрыста перад ім.– Вось, бацька, прынеслі.– Добра, хлопцы... Заўтра трохі раней пабуджу. У Заэдэм’і скарадзіць трэба, пырнік з аблокаў так і лезе. Скажы ты, халера, ладу з ім ніяк не давядзеш, як з зямлі завезлі з гноем. Скарадзіць, хлопцы! Зноў жа, нектар з амброзіяй несабраныя. Ну, ідзіце, пакуль тое, выпіце там.– Дзень добры, – сказаў Хрыстос.– Здароў, – сказаў Бог. – Заходзь у хату.– А я ў цябе не верыў, ойча.– І правільна рабіў. Гэта ж як сон. Сон тых, хто пакутуе. Хто гіне, як ты.Зайшлі ў хату, выцершы ад аблок ногі на смугчастым хадніку. Памылі рукі пад гліняным рукамыйнікам. Марыя, вельмі падобная на Анею і Магдаліну, разам узятых, кланялася нізка:– Заходзь, госцейка, заходзь, родненькі. А вось жа і думала, што добры чалавек зойдзе. Мыйся, частаваць зараз буду, хуценька. А што гэта за госцейка такі даражэнькі?У хаце ўсё было багата. Вышываныя ручнікі, габляваная падлога. На паліцах – паліваныя місы, цэлых дваццаць штук. Белая печка з дзесяткамі выступаў і ніш, размаляваная кветкамі і грывастымі конямі. На дубовым стале, на суровым ільняным абрусе –“удовы” ў выглядзе абаранкаў з траўнічкамі, ягаднымі водамі і, мяркуючы па водары, з кмяноўкай, высыпаная вяленая рыба, вогнедышныя ракі, пасыпаныя зялёным кропам, чорны хлеб, печаны на кляновых лісцях, каўбаса, выкалупаная са збана, дзе ляжала яна і зберагалася ў топленым халодным сале. Тут жа гуркі салоныя і гуркі свежыя, а пры іх мёд, рэдзька ў смятане, белы сыр, клятчасты ад радзіны, у якую быў загорнуты, мочаныя яблыкі і шмат-шмат чаго яшчэ. Саваоф разбіраў нажом бліскуча-карычневую тушку вэнджанай гусі. Хрыстос сядзеў на покуці і глядзеў на ўсё гэтае багацце.– Гэта вы ўсе так ясцё?– Эге ж.– Па святах?– Чаму? Кожны дзень. Дый ты ж хацеў гэтага для людзей.– Хацеў. Не верыў, што будзе скора.– Бу-удзе.Саваоф дастаў з-пад лавы “бусла”. Усміхнуўся:– Бач, зноў адліла трохі ў белае цеста. Гэта ж гэткі прадукт зглуміць!– А хопіць вам заліць вочы, – удавана злуючыся, сказала Марыя. – Гэта ж, бач, хаваюцца за бутэлькай гэтай, як зайцы за пнём, дык яшчэ мала гэтага ім. До! Траўнічкам дап’яце. Частуйся, госцейка. Каб ужо і сыты і п’яны. Усяго хопіць. Усё ў нас ёсць. Унь як Мікола святы прыходзіць з жонкаю, дык жонка ідзе і саначкі за сабою ў госці цягне. Загадзя. Каб, значыцца, дадому пасля адвезці... А цябе і напоім, і пакладзём, і, як па звычаі беларускім належыць, у ложак яшчэ чарку табе прынясу.– Во, забалаболіла, – з любоўю сказаў Саваоф. – Чуеш, кум? Ды ты не таранці, Марыля. Ты капусту падавай... Ну, з прыбыццём, сынок.Выпілі. Перахапіла дых. Сталі закусваць. Марыля прынесла гарачы гаршчок.– Пад’еш, бацюхна, удосталь.– Ану, пад капусту.Яны елі. Марыля падлівала, падкладвала, рассцілала на Юрасевых каленях ручнік, глядзела на яго гаротна, падшыбіўшыся рукою.– Расказвай, – сказаў трохі пасля Саваоф. – Як там на маёй зямлі беларускай? Сам ведаю, паскудна так, што горай быць не можа, дзякуючы лютым пастырам гэтым, але ты расказвай, кажы.