Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

І Хрыстос расказаў. Пра ўсё. Пра голад і круцельствы, пра ашуканства, прыгнёт, подласць, ханжаства і забойствы сумленных. Пра справу веры і святую службу, пра дзікае прыніжэнне годных і зацісканне рота, пра бессаромную ліслівасць і высокую мужнасць, пра ярасць і мяцеж, пра дзікі боль і высокую журбу, пра ўсё, аб чым мы ўжо ведаем....Плакала Марыля, калі ён скончыў, а сам ён сядзеў, закрыўшы далонямі твар.Саваоф высмаркаўся ў белую анучку, паківаў галавою, наліў Хрысту гарэлку замест чаркі ў здаравенны кубак і сказаў глуха:– Выпі. Табе цяпер во гэтак і трэба лупянуць. Зап’еш тут ад такога жыцця. Выпі. Плюнь, сынок. Ну, што ты з імі зробіш, калі яны там на зямлі дурні, чакушы ашалелыя. Маладыя яны яшчэ, людзі. Дурныя, пакуль тое.– Дык што ж, і за такіх гінуць?– Выпі... Выпіў?.. І за такіх, сынок... І за такіх, якія яны будуць.– Якія?– Глядзі.І Саваоф шырока расчыніў акно.У разрывах аблокаў усё часцей і часцей відаць было зямлю. І вось уся яна адкрылася вачам. У аквамарыне акіянаў, дзе плавалі добрыя рыбы, у зелені пушч, дзе, нечапаныя, непалоханыя, хадзілі алені і мірныя зубры.У золаце ніў і плаціне паўночных рэк, у срэбнай белі бясконцых садоў.Буслы луналі над багатымі вёскамі, і кожная вёска была, як пахучы букет. Зямля, уся прыбраная, чыстая да таго, што на ёй немагчыма было знайсці аніводнай сувалакі пырніку, дагледжаная да таго, што яе можна было абысці босаму, нідзе не парэзаўшы ног, гэтая зямля дымела ад сытасці і задаволення, на вачах гонячы ўгору злакі і дрэвы. Залатыя пчолы жундзелі ў шатах ліп. Паўсюль былі дастатак і заможнасць, паўсюль – сляды бясконца прыкладзеных да справы чалавечых рук.І вось з’явілася перад вачыма Братчыка тая зямля, па якой ён хадзіў і з якой прыйшоў. Ён пазнаў некаторыя старыя будынкі, старанна дагледжаныя, непарушна захаваныя людзьмі. І зямля гэтая была прыўкрасная, як і тады, але замест хат, падобных на хлявы, узніклі будыніны са смалістай сасны і каменя, і новае паўсюль віравала жыццё. Яна была прыгажэй за ўсё, што ён бачыў праз аблокі. Вялізныя каровы, якіх ніхто не забіваў, мірна жавалі жвачку і пахнулі малаком. Коні, якіх ніхто не біў, хадзілі па густа-зялёных паплавах і глядзелі на свет чалавечымі вачыма, людзі, якіх ніхто не падманваў, не рабаваў і не крыўдзіў, працавалі на палях і спявалі.Гарады былі – дзіва дасканаласці, і нават сярод палёў сям-там стаялі блакітныя, дзіўнай прыгажосці палацы і вежы.Абдзёртая і няшчасная пры ім, абрабаваная ваяводамі і войтамі і драпежнымі набегамі чужынцаў, яна зараз распасціралася перад ім у нятленным ззянні вечнай красы. Мудрая, працавітая, багатая, улюбёная. Радзіма!І гучалі на ёй песні, і даляталі з яе галасы. Гучала, як музыка, пяшчотная і цвёрдая, прыўкрасная, вечная, неўміручая беларуская мова.І мужыцкі Хрыстос заплакаў. І слёзы пакаціліся па ягоных шчаках. А над ім легкаважна, з разлёту круцячыся цераз галаву, званілі, меладычна смяяліся, лікавалі званы.Проста над галавою чалавека, які спаў і плакаў у сне, прагучаў дзікі ўдар у бок лянівага і непарушнага замкавага звона. Звярыны рык, роў дэмана, якога катуюць. Здрыганулася зямля.Яшчэ ўдар... Яшчэ... Яшчэ...

Раздзел LVІІІ

Раўлі званы. На вуліцах густа варушыўся народ. Неба было сіняе і надзвычай спякотнае для верасня, з навальнічнымі хмарамі на даляглядзе. Здавалася, што на кароткі час вярнуўся ліпень. Над Нёманам, над Замкавай гарой, над Зітхальным гарбом, над усёй Гародняй плылі і плылі срэбныя павуціны.