Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Камедыю добра арганізавалі і толькі што не адрэпеціравалі. Кашпар Бекеш, які толькі два дні як прыехаў з вёскі і не бачыў усяго, што адбывалася ў Гародні, распытаўшы аб падзеях і паназіраўшы за падрыхтоўкаю, толькі і сказаў:– Стараюцца. Са скуры вон лезуць. Гэта ж ганьба, калі атрымаецца горш, чым у Ерусаліме калісьці. Дык там дзікуны былі, а тут... проста мярзотнікі.Святая служба сапраўды лезла са скуры. Яшчэ раніцай Юрася прывезлі з радавай турмы на Падол, на бераг Нёмана. Менавіта адсюль ён павінен быў падымацца Узвозам да замка, на Уздыхальню. Па ўсёй гэтай дарозе двума ланцугамі стаяла закутая ў сталь варта. Людзей у лахманах паўсюль адцяснілі далей, да сцен дамоў, у двары і нішы. За спінамі латнікаў стаялі людзі, апранутыя ў аксаміт і дарагі фалендыш, буркацель і парчу. Зіхацела багатая зброя, вясёлкавыя паясы, пальчаткі тонкай скуры, саф’ян абутку.І гэта было добра. Трэба было паказаць усім такі выбух народнага гневу, каб зрабілася ясна: паўтарэння Хрыстовай гісторыі ў Гародні не будзе.Дзеля Хрыста збілі вялізны сасновы крыж, які ён меўся зацягнуць на Зітхальню. Ён павінен быў ісці першым, і з ім толькі два вартаўнікі з кордамі пры боку, з бізунамі ў руках. Астатнія ўдзельнікі працэсіі павінны былі ісці сажнях у пяцідзесяці за імі, нібы даючы зразумець, што на больш блізкай адлегласці нават дыханне асуджанага можа апаганіць.Першымі ў гэтай працэсіі ішлі дзеці нявіннага ўзросту, апранутыя анёламі; белыя, напаўпразрыстыя адзенні, наплоеныя валасы, крылы з вясёлкавай матэрыі і васковыя свечкі ў руках. За імі – пяцьдзесят дзяўчат з багатых сем’яў, таксама ў белым і таксама са свечкамі. Яны павінны былі ўсю дарогу спяваць адпраўныя малітвы. За дзяўчатамі ішлі манахі, апранутыя ў чорныя і белыя саваны з дзіркамі, прарэзанымі на месцы вачэй, а за імі крочылі латнікі.Вышэйшае духавенства павінна было выйсці працэсіяй насустрач ужо каля самой Уздыхальні.Крануліся з месца гадзін у дзевяць раніцы, але было ўжо нясцерпна горача. Увесь папярэдні дзень і ўсю ноч выспявала, відаць, ды так і не выспела навальніца. Пыл курэў пад нагамі, нябачныя былі ў святле сонца агеньчыкі над воскам свечак, блішчэла сталь і медзь, калыхаліся крыжы ў руках манахаў, анёльскімі галасамі спявалі адпраўныя малітвы цнатліўкі.Прачыталі ад імя суда прысуд, у якім гаварылася пра здзек з царквы і замах рачонага Хрыста на сапраўдную веру, пра тое, што рачонага Хрыста магістрат, якому царква таго Хрыста аддала, прысудзіў (пры адным праціўніку, бурмістру Юстыну) пакараць, з хлуслівым сваім крыжам, літасціва і без праліцця крыві.Латнік шліхтануў Юрася бізуном, каб лепей запомніў.– Ясна, – сказаў той, ускідваючы на плячо цяжкі крыж. – Чаго б яны яшчэ пралілі? Кроў яны выпілі даўно, і з мяне, і з людзей.І пайшоў па Узвозе ўгору. Вельмі-вельмі павольна. Цяжка было, дый спяшацца не было прычыны.Лотр яшчэ гадзіну таму даслаў да Жабы ганца. Ля Уздыхальні ўжо два дні назад быў падрыхтаваны касцёр дроў і слуп, і паводзіны войта, які адмовіўся змацаваць скарыстанне вогнішча сваім подпісам, выглядалі, па меншай меры, дзіўна. Трэба было даведацца, што гэта азначае, і, калі войт падпісваў канфірмацыю п’яны, дабіцца, каб закрэсліў свой подпіс і вярнуўся да старой сваёй прапановы, да кары агнём.Кардынал стаяў на замкавым гульбішчы разам з Басяцкім, Камаром і свецкімі ўладамі, чакаў, слухаў, як далятаюць ад Нёмана анёльскія спевы, і глядзеў, як паўсюль – на вежах, на дахах, на мурах, на шпілях, у вокнах і на брамных кратах – стаіць, вісіць, туліцца, гамоніць, варушыцца народ.