Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

А па Узвозе паўзла і паўзла ўгору стракатая і пыльная ўжо змяя працэсіі. Братчыку было пакутна цяжка ісці. Сонца паліла, ногі вязнулі ў пыле і пяску, якія былі за лета стакрот перамяшаныя нагамі, коламі грузавых павозак, капытамі коней. Увесь гандаль Гародні праплываў ад караблёў да складаў і ад складаў да караблёў гэтай дарогай. На ўвесь гэты гандаль ён, Юрась, і замахнуўся, ім быў прададзены.Цяжка ісці. Пот лье з ілба. Каб уторкнулі ў рот заткала, як прапаноўвалі, не ўзышоў бы. Гэта і прымусіла іх адмовіцца. Гэта і яшчэ тое, што добра арганізаваны “справядлівы гнеў народны” заглушыць любыя ягоныя словы, каб нават і ўздумаў кідаць іх людзям. Цяжка! Вялізны крыж гне амаль напалам. Вось і канец камедыі, на ўдзел у якой яго сілком штурхнулі некалькі месяцаў назад.Якраз у гэты час да гульбішча падляцеў ганец, скочыў з каня, узбег па сходах, пачаў шаптаць нешта на вуха Лотру.– Хто? – пабарвавеў той.– Невядома. Раніцай толькі і знайшлі. Не любіў ён, калі яго ад таго занятку адрывалі. Кажуць, манах нейкі заходзіў.Лотр і Басяцкі глядзелі на натоўп. Манахаў пад капюшонамі там было сапраўды безліч і страшэнная сіла.– Мо агледзець усіх? – ціха спытаў дамініканец.– Ад вас, казалі, манах, – яшчэ цішэй сказаў ганец.Пёс Божы збялеў:– Не-не... Не будзем... Гэтага яшчэ не хапала, каб думалі, што гэта я руку прыклаў. А мне нашто? Мне з ім зручна было. Болей ужо мы такога дурнога войта не знойдзем, не тым хай будзе памянуты нябожчык... Добра, ідзі.Яны глядзелі б на натоўп яшчэ з большым страхам, каб ведалі, колькі сярод людзей у расах ілжэманахаў, якія не разумелі па-латыні і слова, ніколі не жылі ў келлях і не праходзілі пострыгу.– Дык што ж, – сказаў Лотр. – Подпіс зменены не будзе. Вогнішча?– Вогнішча нябожчык не ўхваліў. Шыбеніца.Басяцкі ўсміхнуўся:– Залёгка думаеце яго жыцця пазбавіць.– Не ведаю іншых спосабаў, каб без праліцця крыві.Мніх-каплан зашаптаў нешта яму на вуха. Лотр падціснуў вусны:– Ці не будзе занадта падобна да таго? Небяспечнае падабенства. Прымхлівасць чалавечая толькі таго і чакае. Такія чуткі ды легенды пойдуць.– Лухта. Затое застрашліва. І ці не горш за вогнішча. Тое што, найбольш гадзіна. А тут найменш суткі.Кардынал маўчаў. І ўрэшце кіўнуў галавою. Адважыўся.– Мяшчане славутага месца! Войт наш хуткім чынам памрэ. Але якая б вялікая ні была наша журба – упадаць у роспач мы не павінны. Нам належыць перамагчы сваё сэрца і, спадзеючыся на волю Божую, тварыць далей справу ягоную. Царква не лье крыві. Войт не згадзіўся на вогнішча, і мы павінны паважаць яго апошнюю волю. Але, калі не змацаваны пячаткаю ўлады агонь...Над натоўпам вісела мёртвае маўчанне.– ...хай вісіць гэта адроддзе пекла на хлуслівым сваім крыжы. Не прыбіты, як Збаўца наш, які выкупіў першародны грэх чалавечы (не, мы не будзем ганьбіць падабенствам смерці гэтага махляра вялікую смерць Езуса), а прывязаны, чым падоўжацца пакуты ягоныя ў выкупленне грахоў сваіх.Ціхі плач узнік сярод лахманоў. Але роў захаплення заглушыў яго, і ніхто не пачуў, як ахнуў, пачуўшы гэта, адзін чалавек.Чалавек гэты стаяў на кутняй вежы, што навісла над Нёманам. Проста пад ім, пад мурам і стромай, ішоў па Ўзвозе чалавек з крыжам на плячы.– Дапамог.На вежы, акрамя чалавека, стаялі яшчэ двое, якія таксама, відаць, здолелі сунуць у лапу кустоду вежы. Трохі наводдаль стаяў маўклівы, як статуя, манах у плашчы з капюшонам. А бліжэй шалеў ад захаплення, галасіў і ляпаў па плячах то чалавека, то манаха, нібы збіты са сваіх хлябоў, хлебнік.