Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Застаецца, што праўда, яшчэ і мур. І вось тут, калі не спраўдзіцца разлік, усё будзе скончана. Тады толькі і застанецца, што ўчыніць сечу і загінуць.Калі ж выпадзе адзінае з сотні ачко ўдачы – тады тыя, што стаяць зараз у расах, будуць гарлаць, біцца, усімі сродкамі арганізоўваць замяшанне, збянтэжанасць, паніку. Застрануць у браме, будуць замінаць варце, як мага адцягнуць момант пагоні, а пасля будуць рассейвацца па адным.Здаецца, усё было падрыхтавана. Каваль прыжмуранымі вачыма агледзеў усё поле дзеяння і сваіх людзей на ім, уздыхнуў і пайшоў да эшафота. Праціснуўся да дваіх францысканцаў (гэта былі Марка і Кляонік), паціснуў ім локці.– Гатова. Будзем чакаць. Іуда з Анеяй дзе?– Унь, – сказаў Марка.– Ведаюць месца, дзе сыдземся?– Ведаюць, – сказаў Кляонік. – Хутар Фаўстыны.– Добра. Трымайцеся цвёрда, сябры....Чалавек з крыжам з’явіўся ў замкавай браме. І тут ужо не крык, а нясцерпны галас скалануў паветра. У замкавым двары, дзе можна будзе ўбачыць увесь каразн, з пачатку да канца, сабраліся найбольш знакамітыя, паважныя і багатыя.– Распні яго! Распні!Варта ледзь стрымлівала дрэўцамі гізаўраў натоўп, які лез, дзёрся, пляваў, віснуў, імкнучыся дацягнуцца і ўдарыць. І ў гэтым рыку зусім не чуваць было, як ціха плакалі людзі каля муроў.Чулі гэта нямногія. У прыватнасці Кашпар Бекеш і Альбін-Рагвал-Алёйза Крыштофіч, якія стаялі на выступе кантрфорса, каля замкавага палаца. Бекеш нібы трохі пасталеў. Усё той самы меч у залатых піхвах, тая самая вытанчаная прыгажосць вопраткі, тая ж усмешка. Тыя самыя сонечна-залатыя валасы падаюць з-пад берэта. Але ў вялізных вачах, побач з трохі пагардлівай памяркоўнасцю – сталае, цяжкае разуменне.– Разгул цёмных страсцей, – сказаў Крыштофіч.– Усё трэба бачыць на свае вочы. Нават самазванцаў.– Сядзеў бы лепей дома, канчаў свае “Разважанні аб розуме”. Цудоўная можа быць кніга.– Хачу бачыць. Нават пекла хацеў бы бачыць. Што з табой, брат Альбін?– Я думаю, што мне давядзецца кінуць цябе, сынок. Не пазней чым заўтра я ўцякаю з горада. У Вільню.– Чаму гэта?– Глядзі, – Крыштофіч працягнуў руку.Да чалавека з крыжам адусюль цягнуліся кулакі.– Смерць! Смерць яму!– Варта! Малайцы нашы! Сла-ава! З гэтымі не пабрыкаешся! Дудкі!– Хай памрэ!– Хай! Хай!– Збавіцель! Выратавальнік! Выратуй самога сябе!Бекеш перасмыкнуўся:– Страшна.– Таму мне і трэба ўцякаць. Бачыш, яны даспелі. Не сёння, дык заўтра возьмуцца і за нас. І гэтыя будуць памагаць і ўхваляць. Кажу табе, яны даспелі. Табе яшчэ можна некаторы час заставацца тут. А я абразіў Лотра. Гэты не забудзе, успомніць.– Страшна, – сказаў Бекеш. – Я разумею цябе. Як бы і мне не давялося ўцякаць адсюль следам за табою.– Чуеш? – спытаў Крыштофіч.Нехта непадалёку ад іх філасофстваваў, б’ючы сябе кулакамі ў грудзі:– Вось я веру. Я ісцінна, глыбока веруючы. Але ж верхнія людзі, начальнікі, павінны пайсці мне насустрач, памагчы, раз і назаўсёды распарадзіцца, у што мне верыць.– То ж бо, – сказаў Кашпару брат Альбін. – У Гародні нам больш няма дарогі, няма жыцця....У гэты момант камень ударыў Хрыста па галаве. Адразу за гэтым малады купчык падскочыў, кінуў прыгаршчу гразі. Братчык ірвануўся да яго, такі страшны, што купчык заверашчаў, кінуўся ад яго, упаў пад ногі натоўпу.– То ж бо. Над пешым арлом і варона з калом.Крычаў, наддзіраючыся, так, што глотка раздзімалася ад крыку, звераваты Іллюк: