Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Вочы!Братчык глядзеў на прыўкраснага юнака ў берэце і разумеў, што з ім. Непераймальная, непараўнаная грымаса-ўсмешка перакрывіла ягоны твар.Бекеш, амаль непрытомны, учапіўся пальцамі ў мур.Вочы...Шэсце мінула.– Што з табой, Кашпар, сынок? – трывожна спытаў брат Альбін.– Ты бачыў? Я ўпершыню ўбачыў яго так блізка. Альбін, мы памыляліся. Альбін, гэты чалавек не ашуканец, не махляр. Альбін, ён нават не самазванец. Ён мае права, чуеш? Гэта чалавек, Альбін. Такі, якім павінен быць чалавек. І вось гэтага чалавека забіваюць. Дзе праўда, Альбін? Дзе Бог?Ён нібы захлынаўся:– Гэтыя вочы... Ты бачыў? І рагоча гэтае быдла. Рагоча... рагоча... ра-го-ча. – Ён ударыў сябе кулаком па галаве. – Як жа мы прамінулі яго? Як не падышлі? А ён пытаў пра вялікага маэстра? Закаранелі ў сабе. Чалавека не ўбачылі. Здрадзілі... Рагочуць. Нашто ж Дантэ жыў, Бацічэлі, Катул?! Нашто, калі дарэмныя ўсе мукі?!. Вочы... Гэта ж усё адно як... усяго Ча-ла-века тысячы год распінаюць! Святасць ягоную!.. А ён усю веліч і нізасць свету бачыць. А яго... Пане Божа, гэта ж багахульства!!!

Раздзел LІХ

Братчыка падвялі да падножжа Уздыхальні і знялі з яго крыж.Падаўшыся наперад, чакалі людзі Вестуна. Суровыя былі іхнія твары, змрочныя і рашучыя – іхнія вочы, але ніхто не бачыў гэтага за капюшонамі.Крыж пацягнулі на вяршыню ўзгорка, дзе падручныя ката ўжо капалі яму. Ляцела адтуль і рассыпалася па схілах жоўтая зямля. Хрыстос стаяў і цяжка дыхаў. Вочы былі заплюшчаныя. Натоўп маўчаў. Калі смерць зусім блізка – нават у ворагаў з’яўляецца нейкае падабенства павагі.Людзі стаялі так цесна, што каб нехта самлеў – ён так бы і астаўся стаяць на нагах. Суседзі не далі б упасці.Рыбнік стаяў у гэтым натоўпе і рабіў дзіўную справу: трымаў у роце вялізнага вэнджанага ляшча. Вырачаныя вочы безуважна глядзелі некуды. Свідравалі натоўп, аддаляючыся ад гэтага месца, Ціхон Вус і Фама. Ухмыляліся злосна.– Ты вось што... – сказаў Тумаш. – Як станем на зручнае месца, як падам знак – прыкрый мяне плашчом. Буду страляць...– Фама, – сказаў Вус, – мучыцца як ён будзе, ты разумееш? Ты ўяві...– Не, – кінуў Фама, здагадаўшыся, пра што кажа друг. – Не здолею. Не падымецца рука. На яго не падымецца рука... Але ўжо іншым...– Ведаю. І ў мяне не паднялася б.Нейкі стары, з цікаўных, тым часам усё заглядаў і заглядаў у твар рыбніку. Дужа здзіўляўся. І ўрэшце наважыўся, звярнуўся да дзіўнага суседа:– Закусваеш, мілы? І смачна, пэўна?Рыбнік маўчаў.– Бачыце? – звярнуўся дзядуля да суседзяў. – Маўчыць, дзівак. Чаго маўчыш?– Ды ён, мабыць, скана-аў! – здагадалася нейкая цётка.Народ шарахнуўся, расціснуўшы кола. І тады рыбнік упаў. З маху. Усім целам.– Папрацавалі, – буркнуў Фама. – І яшчэ папрацуем. Я б вось так цэлы дзень хадзіў і цюкаў. Вылюдак разумнее – мёртвы.Яны прыткнуліся за адным з кантрфорсаў. Фама стаў за спіною Вуса. Проста перад імі была Уздыхальня, а трохі далей – гульбішча....Дыханне хрыпата вырывалася з горла ў асуджанага. Кроў і гразь капалі на адзенне, падсыхалі коркай на твары. Запалёныя вочы прыжмурваліся ад пякучага, нясцерпнага сонечнага святла. Нешта нібы молатам валіла ў вушы і чэрап. Плылі перад вачыма сляпуча-зялёныя і барвяныя колы. Бронзава-зялёныя, вялізныя мухі круціліся над абліччам, над рассечанай галавой, каля парэпаных вуснаў.Басяцкі на гульбішчы ўсміхнуўся. Ён быў вопытны. Ён бачыў, што Хрыстос, што вораг вось-вось упадзе.