Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

– Гэй, ілжэ-Хрыстос! – крыкнуў ён. – Папі!І кінуў з гульбішча біклагу. Вартавы спрытна спаймаў яе ў паветры. Убачыў вочы Басяцкага і, з разуменнем справы, апусціў павекі.– На, – працягнуў, не выпускаючы з рукі.Юрась аблізнуў вусны. І тады вартавы хвастануў з біклагі яму ў твар. Братчык заплюшчыў вочы. З валасоў, з аблічча плыло, мяшаючыся з граззю і крывёю, чырвонае віно. Вусны Хрыстовы затрэсліся.Бекеш глядзеў на гэта і сціскаў кулакі.– Паршывыя свінні, – шаптаў ён. – Аксамітныя каты. Кажаны. Якая брыда!А вакол нарастаў і нарастаў рогат. Жарт спадабаўся лепшым людзям. Натоўп рагатаў. І толькі дзіця на руках у нейкай жанчыны надрывалася ў нячутным сярод рогату плачы.Карніла глядзеў на дзіця. Нягледзячы ні на што, ён любіў дзяцей, бо яны былі зусім слабыя, і не мог выносіць, калі яны плачуць. Акрамя таго, ён шмат перажыў за апошні час. І вось ён стаяў і глядзеў, і нават старонняму воку было відаць, як нешта варочаецца за гэтым нізкім лобам.Ён не сказаў ніводнага слова. Ён проста ўзяў вартавога сваёй страшнай ручышчай за шыю, трохі сціснуў і, без усякага выразу на абліччы, стукнуў лобам аб касцёр бярвенняў. Гэтага выявілася досыць: вартавы ляжаў нерухома. Карніла махнуў рукой і пайшоў да гульбішча.Дзіўна, гэтая крыўда і гэты рогат нібы вярнулі Хрысту сілы. Хвіліна слабасці трывала нядоўга. Калі перасталі дрыжэць вусны, ён расплюшчыў вочы.– Басяцкі! Лотр! Камар! – Голас гучаў хрыпата і шорхла і раптам нібы прарэзаўся, затрубіў, загрымеў: – Вы – антыхрысты! Вы – гніль! Я памру! Я выклікаю вас на суд Божы. Месяца не пройдзе, як мы сустрэнемся. Месяца! Месяца! І тады будзеце піць сваю чашу вы!Пагроза была жахлівая. Рогат нібы адсекла. І ў цішыні, што ўпала раптам, пачуўся меладычны кароткі гук, нібы нехта крануў струну.– Пі, – шапнуў Фама. – Пі першы. Да гэтага жарту я хацеў – не цябе...Гульбішча было зроблена па тым жа прынцыпе, што і канстанцінопальская кафізма; падлога ад глухой балюстрады паніжалася: адступіш крок і знік. І таму ніхто не заўважыў, як і калі знік, як адступіў, як упаў на спіну мніх – каплан касцёла Дамініканаў, сябра Лайёлы і яго аднадумец Фларыян Басяцкі.Езуіт па сутнасці і думках, ён так і не дажыў да таго дня, калі папа прызнае пачварнае старэнне яго сябры, не стаў членам о р д э н а, не ўбачыў яго магутнасці.Страла тырчала ў яго ў горле.І ён ляжаў і паводзіў нагамі і ўсё глытаў, і глытаў, і глытаў нешта. Піў. Потым шэрыя, плоскія, трохі ў зелень, вочы ягоныя спыніліся на нечым адным. На чым – не ведаў ніхто.І ніхто не кінуўся яму на дапамогу. Лотр і Камар толькі спехам нацягнулі з-пад мантый на шыю каўняры кальчуг, далі знак несці забітага.– Канчайце, – хрыпата сказаў Лотр. – Хутчэй.Хрыста павялі на вяршыню Уздыхальні, дзе пад натужлівыя крыкі ўжо ўздымаўся – яго штурхалі латамі, – рос у небе вялізны сасновы крыж. Пахістаўся і стаў. Ліхаманкава замільгалі рыдлёўкі. Падышоў млявы і нібыта спешчаны, шырокі ў плячах, руках і клубах кат.Карніла стаяў за спінамі ў Лотра і Камара, упарта глядзеў на іхнія патыліцы і нязвыкла, туга – аж рыпелі мазгі – думаў:“Бач, як глядзіць... Крыж... Страшна гэта, дужа... А ён глядзіць, нібы гэта другога... Няправедна... І Паўла, відаць, не таму святы, што ўсё жыццё сыноў веры ў турмы валок... Мабыць, кінуў пасля... Вось Божы суд аднаго і ўзяў... А гэтых... гэтых я заўтра заб’ю. Або паслязаўтра... Або праз чатыры дні. Але не пазней, чым праз месяц... Божы дык Божы, суд дык суд... Там разбяруцца”.