Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Кірык Вястун вярнуўся да сваіх, хаваючы ў кішэнь крэсіва і сушаную губу. Людзі ягоныя стаялі і лічылі ўдары ўласных сэрцаў.Хто раней падасць знак – Каваль ці Лотр? Паспеюць ці не? Знак падаў кардынал. Але адказам на гэты знак была нейкая дзіўная збянтэжанасць сярод падручных ката. Нейкае замяшанне адбывалася сярод людзей на вяршыні ўзгорка.– Што там? – спытаў Камар.– Ды што... – незадаволеным ясным голасам сказаў кат. – Прывязаць яго трэба? Трэба. Чым прывязаць? Прывязаць вяроўкай. Вось! А вяроўку нехта сцягнуў. На продаж, трэба думаць. Каб жа, калі гэтага злодзея павесяць, вяроўку ягоную па кавалках ахвочым прадавалі. На шчасце. Выгадней было б.– Што ж, іншай няма? – спытаў Лотр.– Дык няма, – у вачах у ката была дзіўная меланхолія. – Збяднелі. А як яго прывяжаш без вяроўкі?– Знайсці, – сказаў Лотр. – Служкі, бяжыце хаця па ўсім горадзе. Знайсці! Знайсці!– Пагаспадарылі, называецца, – бурчаў кат. – Вяроўкі нельга знайсці, каб чалавека павесіць. Працуй вось, гары на працы – хаця б хто дзякуй сказаў.Людзі чакалі. Стаяў і чакаў ля крыжа Хрыстос. Глядзеў на натоўп. І пад ягоным позіркам змаўкалі разубраныя і пашыраліся вочы апранутых у рыззё.– Што з табой, Кашпар, куды глядзіш?– Гэта я запомню. Гэта я ім запомню.Вецер варушыў валасы Хрыста. Ён глядзеў, ён бачыў абліччы. Тысячы абліччаў. Бачыў жывых і забітых. І гэта было тое, неўміручае, імя чаму – Народ.

Раздзел LХ

Фама бачыў усё, што бачыў Хрыстос, хаця вочы ягоныя былі залітыя слязамі. Ён бачыў усё, таму што ўсё разумеў. І ён не мог больш. Ён маліўся, пакутліва напружваючы ўсю сваю веру, якой у яго было вельмі мала, і ўсё жаданне сваё, якому не было мяжы.– Цуда! Цуда! Не толькі я – у с е... У с е хочуць цу-да! Хай знікне з ганебнага гэтага эшафота! Хай знікне! Хай знікне!Ён да болю зажмурыў вочы, да знямення сціснуў валасатыя задзірыстыя, грэшныя свае кулакі.– Малю. Малю. Усе моляць. Хай знікне. Хай будзе ў палях. Сярод добрых, сярод сваіх... Хай знікне з гэтага Садома! Хай знікне!І тады ўдарыў пярун.Ён ударыў так моцна і страшна, што ўсіх хістанула паветрам.Фама расплюшчыў вочы. Над мурам, над тым, што калісьці было мурам, стаяла страшная, чорная з крывавым хмара, і адтуль падалі камяні і цягнуўся на натоўп, хаваў яго, задушлівы дым.Але Фама глядзеў не на хмару. Ён глядзеў на эшафот са зламаным крыжам. Каля эшафота ляжалі кат і падручныя. Ляжалі ніцма і тыя, багата разубраныя. А на эшафоце нікога не было.

Раздзел LХІ

Бекеш са свайго кантрфорса бачыў усё. Бачыў, як выбух парахавых бочак ушчэнт разнёс мур і абурыў яго вонкі, на схіл, што вёў да Нёмана. Бачыў, як грукат і камяні прымусілі ўсіх, хто не чакаў – варту, знакамітых і царкоўнікаў на гульбішчы, – кінуцца ніцма і як, карыстаючыся гэтым, нейкія людзі рыўцом сцягнулі Хрыста з эшафота і памчалі праз натоўп вузкім праходам, які адразу зацягваўся за імі, як зацягваецца раскай акно ад кінутага ў стаў каменя.Пасля ён убачыў, як група людзей пералілася цераз брылы камянёў у праломе, пачуў праз некаторы час шалёны пошчак конскіх капытоў і зразумеў, што людзі гэтыя зрабілі немагчымае.Цягнуўся над зрынутымі дым і рассейваўся і чырванеў ад зыркага агню (запалала стайня і драўляныя рыштаванні каля муроў), але варта ўжо ачомалася і кінулася да пралому.Бекеш бачыў, як нейкія людзі, нібыта незнарок, блыталіся ў іх пад нагамі, трапляліся якраз на іхняй дарозе, падалі, як быццам ад штуршкоў, проста пад ногі тым, хто выводзіў са стайні коней.