Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Хрыбтамі стаялі над Нёманам чорна-шызыя навальнічныя хмары. І па ўсёй дузе берага стаялі незлічоныя глаголі шыбеніц, а трохі адступіўшы ад іх, варушыўся народ. Скакала ў паветры полымя, і аднекуль наносіла дымам. Таму нехта, каб не закураў белы Хрыстоў хітон, накінуў яму на плечы нечы чорны з золатам плашч. Братчык стаяў на ўзгорку. Анея сядзела, прыціснуўшыся да ягоных ног, а трохі ніжэй стаялі апосталы.Мяшчане і мужыкі гналі паўз іх скручаных. Твар Братчыкаў пасля апошніх падзей страшэнна змяніўся, стаў сухі, з праваленымі шчокамі. Ашклянелі вялізныя вочы. Ён разумеў, куды ён трапіў, які цяжар рашэнняў ускінуў на свае плечы. Ведаў, што ягоныя вочы, вочы сведкі, могуць убачыць смерць двухногіх, асуджаных ім самім.Ён не хацеў гэтага. Але ён ведаў, што нічога не здолее зрабіць, калі смерці вось гэтых, схопленых, пачне патрабаваць люд. І тады вяртання да чысціні не будзе.Перад ім паставілі бурмістра Юстына. Вочы ягоныя цяпер не гарэлі вуголлямі з-пад у скобку падстрыжаных валасоў. Яны нібы згаслі, але глядзелі мужна.– Нашто дазволіў папам правіць старой радай і горадам?– Яны прыйшлі з каралеўскім войскам, – цвёрда сказаў Юстын. – І рада здалася. Я не хацеў больш за ўсіх. Але я чалавек. Я слабы.– Брэшаш, пёс, – сказаў Юрась. – Ты вось на гэтых зірні. Вось слабасць чалавечая. Выкінулі вас, як гной са стойла.Суровы, нягледзячы на разбэшчанасць, пасечаны шнарамі і адзначаны ўсімі распустамі Юстынаў твар не ўсміхнуўся.– Яны яшчэ прыйдуць. Хутка, – хутчэй з сумам, чым з пагрозай, сказаў ён.– Я зачыніў усе брамы. Зныня зямля Гародні – зямля справядлівасці.– Ці надоўга?.. Але... мне шкада, што я не здолею паглядзець, як гэта будзе.– Чаму?– Таму што – а раптам чалавек не такая свіння, як я думаў.– Добра, – пасля паўзы сказаў Хрыстос. – Развяжыце яго.– Дарэмна ты гэта. Я б забіў. Таму што, калі яны вернуцца, я ж буду такі, як раней.– Ну і шчасліва. І, потым, я не ты.Бурмістр павесіў галаву.– А гэтых – на шыбеніцы, – злосна сказаў Пятро.Хрыстос глядзеў на людзей і з нейкай палёгкаю бачыў у іхніх вачах збянтэжанасць.– Ну... гэта... чаго вы? – спытаў дурыла Піліп.З маўчання пачалі вылузвацца асобныя гукі.– Чорт яго...– Не даводзілася.– Ты сабаку паспрабуй павесь.– Ды няхай бы, хто можа. Вось ты, Янук.– Ідзі ты ведаеш куды... Вось-вось.Братчык пакасіўся ўніз. Чорныя з сінявою вочы з пострахам глядзелі то на яго, то на шыбеніцы. Нехта захутаў Анею, разам з лахманамі манашага адзення, у сваю шырокую чугу.Яна глядзела ўмольна, але Юрась чакаў.– Разарваць іх! – крыкнуў нехта. – Бог ты мой, ды няўжо чалавека не знойдзецца?!Але чалавека нешта не знаходзілася. Кожны, хто стаяў тут, сёння рызыкаваў сабою, біўся і забіваў, і, напэўна, забіў, калі ўжо стаяў тут жывы. Але звязаных вешаць не хацелася нікому. І Хрыстос усё з большай цеплынёю аглядаў гэтыя абліччы. Так, ён не памыліўся. На гэтых закураных, пасечаных, зморшчаных галечай тварах былі вочы. І ў гэтых вачах было столькі таго, што нагадвала вочы тых, з ягонага сну. Ён разглядаў гэтыя твары. На хвіліну яму здалося, што мільгануў між іх твар Басяцкага, але ён адразу ж зразумеў, што памыліўся: гэта проста размаўляў з дробным гандляром – мяркуючы па вопратцы – нейкі нямецкі госць.– Дык унь жа кат! – раптам радасна загарлаў нехта. – Вось няхай ён!Кат стаяў у сваёй клетцы і паступова зноў набіраўся пыхі:– А чаго, я магу. Клетку толькі разбіце. Я чаму і кажу, што кату нельга ў клетцы.