Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Коні гігаталі і не хацелі ісці на людзей. І тыя, што перашкаджалі, па адным рассмоктваліся, губляліся ў натоўпе, які крычаў і ірваўся да брамы.А ў праломе ўсё яшчэ бразгалі, звінелі мячы. Маленькі строй сталлю стрымліваў тых коннікаў, якія маглі ўжо кінуцца ў пагоню.Бекеш адчуваў небывалае захапленне, сам не ведаючы чаму. Не ведаючы. Бо гэта было якраз тое, чаго не хапала людзям ягонага кола.І яшчэ ён бачыў, як жанчына, прыгожая высокай, вытанчанай прыгажосцю, ішла ад эшафота. Яна ўсміхалася, але з вачэй яе ліліся слёзы.– Далей нічога, – пачуў ён яе ціхія словы.Яна ішла да апусцелай ужо брамы, але здавалася, што яна ідзе ў нікуды. А за ёю, на некаторай адлегласці, ехаў на кані малады чалавек з гожым і разумным абліччам, якое спагадала, любіла, усё разумела і даравала ўсё.І Кашпар на хвіліну пашкадаваў да болю гэтую кабету, прыгажосць якой была некалі такой смертаноснай, а цяпер такой прыступнай для бедаў, гора і памяці аб няшчасным каханні. А пасля зноў пачаў глядзець на агонь і слухаць музыку мячоў, якая сціхала (ён не ведаў, што заслон адступаў да чаўноў, каб правіцца за Нёман). Водсвет агню скакаў на яго абліччы, адбіваўся ў цёмна-сініх, вялізных вачах.– Алёйза... Альбін-Рагвал, – раптам ціха, але цвёрда сказаў юнак. – Не палохайся толькі, добра?– Чаго?– Я скажу табе зараз страшнае. Тое, чаго дагэтуль я ніколі не чуў. А можа, і ты не чуў.– Ну.Францысканец сапраўды спалохаўся. Тон словаў маладога чалавека быў той, якім гавораць, адсякаючы ўсё сваё папярэдняе жыццё, а можа, і ўвогуле абрываючы ніць гэтага жыцця. А ён любіў гэтага юнака больш, чым любіў бы сына.– Бога няма, брат Альбін.Упершыню за ўвесь час на румяных вуснах Бекеша не было ўсмешкі. Раней ён заўсёды, хаця ямкаю ў куточку рота, усміхаўся жыццю. Цяпер гэта быў суровы і справядлівы рот мужчыны.– Каб не тыя людзі, гэтага чалавека распялі б. І Бог дазволіў бы апаганіць бязвіннай смерцю сімвал сваіх пакут.Ён гаварыў, нібы прыслухоўваючыся да таго, як звінелі мячы.– Гэты крыж сёння забіў ува мне веру. Я цяпер ведаю: толькі вайна з імі, а міру з імі не можа быць. І няхай заб’юць. Няхай адмовяць у адпяванні. Калі я, Кашпар Бекеш, памру, я і тады загадаю выбіць на сваім надмагільным камені: “Не хачу прызнаваць Бога, пекла не баюся... не непакоюся аб целе і не болей аб душы, яна памерла разам са мной”.Крыштофіч страшэнна баяўся яго і ўсё ж любаваўся ім. Рэзкае ў выліцах, цудоўнае чалавечае аблічча. Хлопчык нарадзіў сваю думку. Хлопчык не спалохаўся паўстаць, – сорам яму, Крыштофічу, кінуць яго на новым шляху. Што яму да Бога, калі побач ёсць вось гэты, самы дарагі яму чалавек? І ўсё ж Альбін сказаў:– Кінь аб смерці. Ты будзеш жыць доўга. Будзеш вялікі вучоны. Будзеш слава Гародні, слава Беларусі, слава Літвы.– “Не ведаю, які я вучоны быў, – так загадаю я запісаць на камені. – Але я быў багаборац. Бо цела не будзе і душы не будзе, але дабрыня, але справы, але сэрцы людзей не прэстануць быці. Адзін чалавек навучыў мяне гэтаму. Не быў ён Богам, але не было сярод усіх хлуслівых багоў падобнага яму”.Голас ягоны зрываўся ад хвалявання.–“І я ўсім жыццём... Усёй смерцю сваей... І не баючыся яе... перадаваў вам яго нянавісць і любоў, беларускія і ўсе іншыя людзі. Смерці не баючыся, перадаваў вам... дабро”.Агонь скакаў па твары Бекеша. А наводдаль заціхаў, заміраў бразгат мячоў.

Раздзел LХІІ і апошні