Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Ужо некалькі дзён усе яны жылі на хутары Фаўстыны. Жылі і радаваліся сонцу, бязмежным нівам, перасечаным сям-там грыўкамі лясоў, цяністаму саду і старому цёпламу дому пад шматгадовай тоўстай страхой.Цягнулася па дне лагчыны малая рачулка, звінела ўначы. Над рачулкай, на ўзгорку былі старыя, амаль закінутыя, вясковыя могілкі і напаўразбураная капліца ў зарасцях шыпшыны.На трэці дзень прыйшлі на хутар Фама і Ціхон Вус. Ніхто не казаў ім, дзе шукаць Хрыста, проста Вус успомніў, хто з “братоў у Хрысце” застаўся жывы пасля разні, у каго ёсць на вёсцы сваякі; урэшце скеміў, што да крэўных сваякоў яны наўрад ці пойдуць, і амаль з поўнай упэўненасцю павёў Фаму на хутар Кляонікавай нявесты.Усе думалі, што іх даўно няма ў жывых. Вястун сам бачыў Фамову “смерць” пад звонам, і таму радасці не было канца, тым больш што пры нападзе на эшафот загінула вельмі мала людзей, а астатнія рассеяліся і былі ў бяспецы.Фама і Вус прынеслі дзіўную вестку....Наступнага дня пасля няўдалай галгофы тысячнік Карніла запрасіў Лотра і Камара да сябе “на пачостку”. Атрымаў згоду. Калі ж тыя ўвайшлі ў трапезную дома Карнілы, то ўбачылі там Ратму і зразумелі, што гэта ўсё. Людзі Ратмы між тым абяззброілі ў двары варту пастыраў і сталі ў дзвярах трапезнай.На пытанне, што гэта ўсё азначае, Карніла адказаў, што ўсё жыццё ён верыў і выконваў загады і нават лічыў за святую праўду, што вось Паўла знішчаў хрысціян і менавіта таму яго ўзвялі ў апосталы і святыя. Цяпер жа ён вырашыў, што астачу жыцця трэба, хай сабе і кепска, а думаць. І першае, што ён надумаў, гэта паглядзець, якое права мелі яны аддаваць яму загады, ці іншая, ці лепшая ў іх кроў.Прапанаваў вырашыць справу Божым судом: адзін супраць дваіх. Прычым, тыя будуць біцца за сябе, а ён бярэ на сябе абарону Братчыкавай праўды. Пакляўся і прымусіў паклясціся Ратму, што калі ён загіне – пастыры выйдуць з двара цэлымі і вольна вернуцца дамоў:– Паколькі... гэта... толькі Ян Непамук мог гуляць з уласнай галавою пад пахай.Пастыры біліся не горш за кожнага ваяку. Амаль гадзіну стаяў у трапезнай бразгат мячоў, луналі выгукі, чулася дыханне трох глотак, падаў посуд, ламаліся лавы і сталы....А яшчэ праз гадзіну Ратма са сваімі людзьмі вырушыў з Гродні ў Наваградак. На насілках неслі зраненага Карнілу, які перайшоў на службу новаму магутнаму ўладару разам з найбольш адданымі са сваіх людзей, а адзін з воінаў вёз у туга завязанай скураной торбе дзве адсечаныя галавы. Галовы не былі запэцканыя ў кроў, бо іх адсеклі ўжо ў мёртвых.Ваявода спяшаўся. Ён спадзяваўся яшчэ ў дарозе нагнаць сяго-таго і аддаць яму доказ, што клятва выканана, што чалавек той можа быць спакойны.Хрыстос, дачуўшыся аб нечаканым абаронцы ягонай праўды і выканаўцы Божага суда, бязмерна здзівіўся, але і задумаўся. Дзіўныя рабіліся справы. Ён, такі спачатку бездапаможны і слабы, застаўся жыць, а з тых, магутных, што калісьці навязалі яму страшную тую гульню, не засталося ніводнага.Трэба было, аднак, кідаць хутар і падавацца далей. Хрыбтовічу ніхто нічога не здолее зрабіць. Ён магутны магнат, і, пры ягонай дабрыні, не толькі войска, але і простыя людзі не кінуць яго. А моц караля моцна падсечаная.Але сюды, на гэтую зямлю, могуць нагнаць, пасля ўсіх падзей, войска, узмацніць пільны нагляд за ўсім. Трэба было ісці....Магчыма, калі-небудзь я раскажу вам, што было запісана двума сведкамі, Фамой і Іудам, у іхняе “евангелле”, калі былі яны на схіле дзён. Раскажу, як жыў мужыцкі Хрыстос далей, якія рабіў справы, як знайшоў з Анеяй свой шлях і сваю зорку, як прыдбаў сабе і сябрам разуменне, вечную славу і вечную маладосць, але цяпер досыць аб гэтым. Я канчаю пісаць, і рука стамілася трымаць пяро.