Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Скажу толькі, што Фаўстына з Кляонікам, вядома, засталіся на хутары, і з імі застаўся Марка Турай, а астатнія, на чале з Хрыстом, вырашылі ісці на поўдзень, у нечапаныя пушчы на мяжы Палесся і Белавежы, у месца, якое ведаў Хрыстос. Ісці, карчаваць і паліць там ляды, будавацца, жыць вольным жыццём і чакаць, чакаць святла.Вырашылі перад адыходам застацца яшчэ на некалькі дзён, каб памагчы маладым і іхняму сябру прывесці да ладу зямлю. Ужо і так зрабілі нямала: хату перасыпалі і занава пакрылі, дабудавалі да яе два асобныя трысцены, дзеля Маркі (ажэніцца ж, пэўна, калісьці), узвялі новую пуню, дагледзелі сад.Трэба было цяпер памагчы ім араць, патрэсці іхнія нівы жытам і пшаніцай-зімкай. Хай маладыя хаця першыя месяцы свайго жыцця больш будуць адно з адным, не аддаюць усёй сілы зямлі. Мацнейшае будзе каханне.Фама падстрэліў дзеля іх два дзікі, а Вус саліў мяса і вэндзіў шынкі сваімі залатымі рукамі. Хрыстос з кавалём пусцілі дзесяткі два адборных ліп, завезлі іх да хутара і вольным кастром, каб сонца не даставала, а вецер прадзімаў, склалі іх пад паветкай. Гады праз два будзе ў разьбяра запас вытрыманага, сухога, непатрэсканага дрэва на ўсё жыццё. А Іуда пайшоў некуды, пагаварыў з кімсьці і прывёз два вазы ўжо гатовага, даспелага дрэва, той жа ліпы і грушы. Працуй узімку, колькі рукі вытрымаюць.Пачынала трохі асянець. Маладыя і Марка малілі або заставацца да вясны, або ісці зараз, бо не ў мярле ж з мядзведзямі жыць, трэба ж мець страху над галавой, запас мяса, і ўсё такое.Хрыстос, аднак, толькі адмахваўся. Па-першае, ёсць трайная доля грошай, закапаная імі асобна ад іншых (нібы ведалі). Тых грошай, што здабылі, абдзёршы скарбонкі ў Наваградку (усё адно, не аддаваць жа расафорным!). Па-другое, ён абяцае ўсім хату. Вялізную прасторную хату ў пушчы, у тым месцы, дзе яны будуць жыць і чакаць. Абяцае хату і ўсё, што патрэбна дзеля жыцця, пакуль не прыйдзе першае жніво на новых лядах. Усе ведалі: ён не лжэ....У той дзень, падрыхтаваўшы ўсё да пасеву, сядзелі яны ўсе разам каля могілак. Дах капліцы трохі прасеў, пахілены драўляны купалок нібы кланяўся рачулцы пад гарой, спакойным безыменным магілам, празрыстаму асенняму паветру і далёкім дрэвам, што палалі на ўзгорках.Гэта было добрае, сапраўднае жыццё! І таму, што хутка яны павінны былі пакінуць тут трох людзей і, магчыма, ніколі больш не ўбачыць іх, у сэрцах гарэла сумная любоў да іх, да ўсіх сяброў, што сядзелі тут, да ўсіх на свеце добрых людзей.Хрыстос ціскаў у далоні камяк зямлі:– Яны праўдзіва рабілі, калі адыходзілі. Сеяць сапраўды даўно трэба.Кучаравілася вакол капліцы сонечная шыпшына, расшытая лакіраванымі аранжавымі і чырвонымі ягадамі. Сонца прайшло зеніт і пачынала добра хіліцца да захаду.– Гэх, – уздыхнуў Фама, – вось папрацуем добра, сядзем уначы вячэраць. Пад яблынькай, пад зорамі... Тут бы самы смак выпіць... І карчма недалёка... Выпіць ды яблычкам, проста з галіны, закусіць.– Бач, ласунчык, – сказаў Хрыстос. – Бач, малімончык. Цукар губа чуе. А вось я вас спытаю, пакуль грошы не выкапаем, на якія такія даходы вы, высакародны лыцар, выпіваць будзеце? Як адзін сябар казаў: “У гарэлку ўткнуўшы лыч, задрамаў Фама-шляхціч”.– Сам ведаю, – сумна сказаў Фама. – А добра было б – задрамаць не задрамаць, а хаця б лыч уткнуць.– Ну, – сказаў Іуда, – то ў чым, я пытаюся, цяжкасць?– Грошы, – сказаў Хрыстос. – Не разумееш?