Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

– Вуй, дурныя галовы, – сказаў Іуда. – І не ведаюць нічога! А трыццаць срэбнікаў, што я ў Мацея адабраў?– Няўжо адабраў? – ахнуў Вястун.– А нягож, – сказаў Іуда. – Тады, як вы мяне з чаўна вынімалі. Памятаеце, адстаў я?Вус і Кляонік з Маркам зарагаталі ўтрапёна. Смяяліся, стоячы ўбаку і абняўшыся, Фаўстына з Анеяй.– І, па-мойму, няма чаго нам думаць. І, па-мойму, Хрыстос, нам з табою зараз самая справа іх разам прапіць.– А я? – спытаў Фама.– Ну і табе трохі дамо, – сказаў Іуда. – Усім трохі дамо. Хіба я кажу, што мы не дамо?Хрыстос, рагочучы, узяў дзве амаль паўвядзёрныя біклагі і аплеценую лазой суляю. Падаў іх Іуду:– Тады лупі. – Ён зірнуў на сонца. – Яшчэ паспееш. Гэта сапраўды самы нечаканы канец гісторыі: прапіць разам трыццаць срэбнікаў.Падхапіўшы біклагі і бутлю, цыбаты Іуда, як жораў, лупянуў па ворыве....Вус надзеў на шыю Юрасю сявеньку.– Ідзі першы, – сказаў ён.Хрыстос, смеючыся, праводзіў Іуду вачыма. Пасля пераступіў цераз паваленае страхлелае распяцце і стаў на мяжы ворыва.Прыладзіўся, пайшоў, працуючы адной рукой. Раўнамерна, са свістам, у такт крокам правай нагі, разляталася насенне. І Вус падумаў, што на тым месцы, дзе так працуюць, абавязкова ўзыдзе раўнюткая, сіне-зялёная, а з самага пачатку чырванаватая, рунь.Хрыстос азірнуўся. За ім ішлі, паловай жураўлінага ключа, астатнія. Фама сеяў дзвюма рукамі і высалапіў Хрысту язык: “Ведай шляхту!”І тады Хрыстос прымерыўся і таксама пачаў працаваць дзвюма. Шырока, роўна клалася ў раллю зерне.Іуда ўжо знік. Неапалімыя купіны дрэў стаялі на ўзгорках. Сумавала вакол капліцы шыпшына. А сейбіты падымаліся на вяршыню круглага пагорка, як на вяршыню зямнога шара. І першым ішоў насустрач нізкаму сонцу Хрыстос, мерна размахваючы рукамі. І, гатовае да новага жыцця, падала зерне ў цёплую, мяккую зямлю.Выйшаў сейбіт сеяць на нівы свая.