Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

– Можаш павесіць іх? – з абрыдлівасцю спытаў Братчык.– Дык... Пане Божа. Служба ж такая. Фах.Братчык бачыў, як дрыжэлі вейкі Анеі.– Праца, зноў жа, – меланхалічна сказаў кат. – Таму што не можаць етага на нашай зямлі быці, каб не было ў ката шырокага кола знаёмстваў, і высокіх і нізкіх. І, зноў жа, не было такога ўладара, каб абышоўся без ката.Хрыста перасмыкнула.– А не было... наколькі я ведаю.Сціснуліся ў кулакі пальцы. Вялікім намаганнем волі ён стрымаўся, не ўдарыў. Вось і гэты лічыць...– Не было. Але павінна быць. Будзе. І давайце, людзі, пачнём. Камусьці ж трэба пачаць, га? Падлу гэтую ў спадчыну браць – чаго мы тады вартыя? Дый рукі аб яго пэцкаць – брыдка.Выскаліўся весела:– Ану, кідайце яго з клеткаю ў Нёман. Можа, хаця трохі адмыецца.Дзесяткі рук падхапілі клетку, пацягнулі з адхону, разгайдалі, кінулі. Яна нырнула, а пасля з шумам усплыла ў струменях вады. Кат сядзеў у ёй па грудкі. Клетку закруціла плынню, памчала. Забляяла ёй наўздагон дуда.– Сам пакаштуй! – крычаў Кірык.– Клетка для жаб! – захлынаўся Зянон.– І гэтых у ваду ганіце, – узвысіў голас Хрыстос. – Каб не смярдзела тут.Схопленых пагналі ў ваду, дрэўцамі дзід саштурхнулі з берага. І вось паплыла, паплыла, паплыла ракою чарада разубраных у золата людзей: вартыя жалю, адвіслыя вусы; рукі ў парчы працуюць па-сабачаму.– Гусі-гусі... – з берага загарлаў Тумаш.Ад рогату, здаецца, скалыхнуўся бераг. І Хрыстос зразумеў, што гэта, магчыма, самая вялікая з яго перамог. Цяпер можна было казаць усё. Слухаць – будуць. І ён узняў рукі:– Слухайце, хлопцы! Што, так мы і крыўдзіць адзін аднаго давеку будзем? Ці, можа, не? Дык вось што я вам кажу. З дня гэтага Гародня – зямля праўды. Пакрыўджаных не будзе. Усім роўна – і ні ў кога болей. Галодных не будзе. За веру кагосьці забіваць – хай яны лузнуць. Пакаранне адно – выгнаць да тых, да ваўкоў.Ён пашукаў вачыма і выдраў з рук у кагосьці паходню. Паднёс яе да чорнага, прасмоленага глаголя шыбеніцы. Паступова пацягнуліся ўгору, пачалі лізаць смалу языкі полымя.– Чуеце? Шы-бе-ніц больш не бу-дзе!У адзіным імпэце, у пачуцці нейкага дзіўнага ачышчэння людзі кінуліся да мярзотных спаруд. Падносілі паходні, крычалі і плакалі.Сотні глаголяў палалі над вялікай ракой.

Раздзел ХLІІІ

З тых часоў, калі Пракопі Візантыйскі пісаў аб славянах, што жывуць яны ў народапраўстве і няма ў іх большага, упершыню, магчыма, поўная роўнасць запанавала на беларускай на Гародзенскай зямлі. Мінулі тры бяды: нашэсце, голад і кардынал Лотр. І ўсе ўжо ўспаміналі пра яго ледзь не са смехам. Гвалціў баб – дык кожны робіць тое, што ў ягоных сілах. Заваліў усю краіну дзярмом – дык кожны робіць толькі тое, на што здатны. Чорт ужо з ім! Спаймаем – вылегчаем!Падзялілі ўсе запасы з царкоўных і магнацкіх свірнаў. Кожны, хто браў горад, атрымаў па дзве тысячы фунтаў збожжа, акрамя іншага. Бедныя мяшчане атрымалі амаль па столькі. У горадзе застаўся яшчэ агульны запас на пяць год.Падзялілі чароды багатых, лішнюю вопратку і грошы. Кожны чалавек на Гародзеншчыне мог цяпер бязбедна жыць з працы сваёй. Усе ведалі: засеяныя будуць палі, ніхто не будзе прымушаць, няма каго будзе баяцца, бо кожны будзе бараніць бязбеднае сваё жыццё.Зброю раздалі ўсім, здатным яе насіць. Хрыстос не забываў: за кожным ягоным крокам сочаць і толькі і чакаюць, каб аступіўся. Удзень і ўначы рапаравалі муры, брамы, вежы, валы, усцягвалі на іх каноны. На Мечнай вуліцы збройнікі, пад наглядам Гіава Турая, удзень і ўначы кулі зброю. Ачысцілі студні, назапасілі паліва на ўсю зіму. Вястун і іншыя вучылі людзей бойцы да знясілення. На званіцы Дамініканаў увесь час сядзелі дудары і сачылі за дарогамі. Старым званарам не верылі. Чорт іх ведае, што надумаюць. На ноч брамы зачыняліся і каля іх ставілася падвойная варта.