Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Усе ведалі – без бойкі не абыдзецца.І, аднак, за гэтыя лічаныя дні горад ажыў. Паўсюль жарты, смех, простыя смелыя позіркі, шчырыя размовы. Паглядзелі б на гэта Бекеш або Крыштофіч!.. Але іх не было ў горадзе.Амаль апусцелі храмы. Не было відаць мёртва п’яных. Патрэбы ў гэтым не было. Вечарамі на плошчах скакалі вакол вогнішча людзі, і песні ляцелі да ясных зор.Стаяў канец жніўня, і ў гэтым была адна з пагроз. Прышлыя мужыкі снілі і трызнілі аб ворыве і пасеве. Што з таго, што гэтым можна было займацца са жніўня і аж да замаразкаў, абы зерне паспела ўзысці. Што з таго, што, магчыма, і лепей пасеяць пазней, а не раней. У прадчуванні бедаў мужыкі хацелі хутчэй кінуць зерне ў зямлю. Яна цягнула, як любая жонка, як каханая. Рукі снілі яе мяккасць, вочы марылі аб яе льсняным бляску, ноздры прымушаў пашырацца ўяўны, саладкаваты пах руні.І настаў дзень, калі ўсё гэта выбухнула.Зноў стаялі гурмы каля Лідскае брамы. Толькі на гэты раз ішлі яны, а заставаўся – ён. І мужык міжволі гуляў ятаганам, зноў насаджаным на дрэўца.– Харошая сталь?– У-у. Зірні, каса якая. Трохі выгнуў, падкляпаў.Людзі стаялі перад ім, і ён нічога не мог сказаць ім. Яны мелі рацыю. Яны клапаціліся аб жыцці.– Даруй, – сказаў нехта з натоўпу. – Яна чакае.– Вартуй тут.– Парадак наводзь.– Па-Божы.Вельмі непрыгожая жанчына падышла да іх:– Я ўсё зрабіла дзеля цябе, Пане Божа. Цяперака адпусці.– На што спадзяешся? – сумна ўсміхаўся ён. – Вёска ж спалена?– Няшчасце дапамагло. У нас амаль усіх баб татары спалілі. Малюся і плачу за іх. Не хацела б сабе шчасця цаной такою. Але што зробіш, трэба жыць. Я знайду цяпер сабе мужа. Дзеці ў мяне будуць.І тут яна заплакала. Ад гора за другіх і ад палёгкі за сябе.– Ідзі, – сказаў ён. – Бывай шчаслівая.І яшчэ адзін малады хлапец падышоў:– І мяне баязлівым лічылі. Бык мяне ганяў. А цяпер я давёў. Бачыш, трох пальцаў няма. Шнар цераз аблічча. Шчасце ты даў мне. Няхай цяпер якая дзеўка мяне баязліўцам нарачэ.– Ідзі.Калека на мыліцах падышоў:– І я шчаслівы. Праз слёзы, а шчаслівы. Адпусці. Мне ад цябе нічога больш не трэба. У нас цяпер усе, хто не пабіты – калекі. Я не горшы за іншых. Будзе дом, жонка, дзеці. Ёсць збожжа і хлеб.І іншыя гучалі галасы:– Конь у мяне. Татарскі. Першы. Рукі да сахі цягнуцца.– А калі не адпушчу?– Застануся. Слова даю.– Ідзі, – змрочна, але цвёрда сказаў Юрась.Расплываўся натоўп.– У мяне пана забілі. Цяпер толькі й жыві.– Хлеб.– Шчасце, шчасце даў нам.Урэшце людзі з вазочкамі і косамі расплыліся. Хрыстос стаяў ля брамы адзін, і толькі далёка за ягонай спіною стаяў натоўп мяшчан. Моўчкі. Хрыстос жа стаяў і глядзеў, як людзі кропкамі знікалі ў палях.Ён любіў іх. Ён не меў права затрымліваць справу жыцця....Менавіта таму на муры ўвесь час цягнулі камяні, дровы і смалу.

Раздзел ХLІV

У той вечар ён ішоў вуліцамі з Анеяй, Раввуні і Тумашам. З ім ішлі яшчэ сівавусы, малады, дудар, Вус, Зянон і Вястун. На хаду ён аддаваў апошнія ў гэты дзень загады. Было яшчэ даволі рана, нават першая зорка не засвяцілася ў вышыні.– Ты, Кірык, і ты, Зянон, ідзіце зараз на муры. Праверце яшчэ раз усіх.Каваль зіркнуў ястрабінымі вачыма.– Добра, – сказаў адстаючы.– А ты, Вус, гэтую ноч не паспі. Чарга твая. Удзень адаспішся. Бяры дудара, “братачку”, ды лезь на званіцу Дамініканаў. Сачыце, хлопцы, сурміце, хлопцы, равіце, хлопцы.Здаравіла Братачка закінуў дуду за плячо: