Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

– Дык, братачка, чаму ж. Ноч яно між тым месячная будзе.Залатарукі і Дудар звярнулі.– Турай дзе? – спытаў Хрыстос.– Стары ў Мечнай. Працуюць. А малады з Кляонікам да дзевак, пэўна, на вячорку пайшлі. Кляоніка Фаўстына чакае, Марку...– Добра, – засмяяўся Хрыстос. – Ах, як добра, цудоўна як!– Нічога няма цудоўнага, – уздыхнуў сівавусы. – Разлайдачыліся. Спакой. Нібы і не ваўкі вакол.Ля перадмостнага пляца людзі вадзілі вакол вогнішча кола. Чуўся смех.Сядзіць, сядзіць яшчурУ гарэхавым кусце.Хрыстос засмяяўся:– Змрочны ты чалавек. Ну, што табе ў гэтым? Зірні – унь варта на мурах. Брама ахоўваецца – мыш не праскочыць.– А я табе кажу – спяць занадта спакойна. Ложкі грэюць.– Хай спяць да нападу.– А ты падумай, як нашы папы з аточанага горада ўцяклі?Юрасёва аблічча выцягнулася. Ён усё не мог звыкнуць да падазронасці.– Ч-чорт! А можа, яны і не ўцякалі? Трэба заўтра патрэсці і замак і багатыя дамы.– Трэба, брат. Што і кажу.Насустрач ішоў з паходняй патруль. Размінуўся з імі ля самага дома, адведзенага Братчыку, невялікай хаткі на рагу Ростані і Малой Скідзельскай.– А мне чамусьці страшна за цябе, – нечакана сказала Анея.– Змоўч, – буркнуў Тумаш.– Вечна гэтых бабскіх глупстваў... – загарачыўся Іуда. – Вось дом. І халодна. Хадзі ты туды. І ў нас-ткі справы. І ён прыйдзе.– Ідзіце, хлопцы. Я вас даганю.Яны засталіся ўдваіх. Якраз у гэты момант замігцела над горадам першая зорка. То белая, то сіняя, то вясёлкавая.– Нікуды ад цябе не хачу, – сказаў ён. – І ў рай не хачу. Абы тут. З табою.– І я...– А я хто?– Былы махляр. Найлепшы на свеце махляр. І няхай нават не можаш сказаць ім гэта. Усё адно.– Позна. Не павераць. Дый ці не ўсё адно?– ...З Богам было б горш. Божа мой, гэтыя два тыдні! Нібыта ўся я – ты.– І я. Раней здавалася – мне мала зямлі. Цяпер я свет бласлаўляю, што нічога ў мяне няма, акрамя яе, акрамя цябе.Ён увесь прынікнуў, прыціснуўся да яе. І так яны стаялі, няўлоўна пагойдваючыся, пад гэтым небам, што ўсё мацней і мацней расцвітала зорамі.Ворагі між тым былі не так далёка, як думалі ў вольным горадзе. На жаль, прыказка: “Я пад табою на тры сажні бачу” – заставалася ўсяго толькі прыказкай. Калі б Юрась валодаў такой якасцю і мог прабіць позіркам пласт зямлі і каменнае абліцаванне падземнага хода – ён бы ўбачыў відовішча, якое кінула б яго ў жудасць.Убачыў бы ён, што ў тым месцы, дзе падземны ход утвараў невялічкую пячору і разыходзіўся на некалькі хадоў – да замка, да ратушы, да драўлянага, з галерэямі, лямуса на Рыбным рынку, – стаіць і чакае маўклівая гурма, збольшага ў латах. Ваўкавыская падмога.Стаялі Лотр, Балвановіч, грубы Камар, Жаба, Карніла з Пархверам. А за імі, у цьмяным святле некалькіх паходняў, мігцела медзь шаломаў і сталь мячоў. Лотр аддаваў апошнія загады:– Будзеце рэзаць. Без галасу. Хапком.– Ясна, – сказаў Камар. – Гульня наша не задалася. Дык тут ужо – карты пад стол ды па зэмбах.– І ты, Карніла, пойдзеш і схопіш яго і прывядзеш у ланцугах.– Няладна, – змрочна забубніў Карніла. – Ён жа зняў ланцугі з паноў. Нешта не верыцца, каб гэта – злачын...– Дужа ты разумееш, – сказаў Балвановіч. – Таму і страшны, што зняў.– Зроду такога не было, – задуменна сказаў Лотр. – Гэта што ж будзе, калі ўсе так рабіць пачнуць?.. І таму пойдзеш. Клятву даваў?– Даваў, – змрочна сказаў Карніла. – А толькі няладна. То – Хрыстос, то – самі ж – самазванец.Усмешка Лотрава была страшнаваценькая: