Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

– А гэта заўсёды так. Сёння – князь, заўтра – гразь. Заўзятых, хто памятае, пераб’ём...– А памяць? – буркнуў Карніла.– Памяць, калі над ёй сякера, гэта глупства, – падаў голас Пархвер. – Хай памятаюць. А дзеткам іншую памяць прышчэпім: шалбер, злодзей, хаты паліў, краў.– А татары?– Усё запісана, як трэба, – усміхнуўся Лотр. – Ну і потым... суд. Таму і забіваць нельга. Раз судзілі, раз асудзілі – значыцца вінаваты, значыцца лжэ-Хрыстос. Каму там прыйдзе ў галаву сумнявацца праз сто год? А гэтых прымусім паверыць. Колькі ў цябе людзей?– Семсот з нечым. А – непарадак. Столькі дзіваў зрабіў. Ведаюць, што Хрыстос, а мы... А можа, і...– Дурань. Чым больш ён Хрыстос, тым больш шкодны. І таму – забіваць усіх, хто прызывае імя Божае....Ворагі былі не толькі пад зямлёй. У цёмным завулку ля Ростані Басяцкі, пераапрануты нямецкім госцем, гаварыў з Хлебнікам і яшчэ некалькімі гандлярамі:– Зараз пойдзеш да лямуса і ўдарам у пліту папярэдзіш, каб вылазілі і разыходзіліся па месцах. Паходні гатовыя?– Гатовыя.– Крыжы на рукавы нашылі?– Нашылі. Іначай чорт яго разбярэ, хто свой, а хто чужы. Сутычка ж.– Сігнал – агонь на пераходзе ад дамініканскай званіцы. Па ім ідзіце, біце ўсіх у мечаных дамах. Дзе крыж на браме ці на дзвярах.– Шасціканечны?– Буду я паганскую эмблему крэсліць. Наш. Чатыры канцы. І ўлічыце: не выпускаць жывых.Хлебнік змрочна ўсміхнуўся:– Гэта мог бы і не папярэджваць, бацька. Нам такі Хрыстос – на якога д’ябла? Усё вымеў. З васковым унь як спакойна было.– Таксама піці-есці прасіў, – сказаў Рыбнік. – Ну дык гэта не тое. Хаця другім не даваў. Дык мы на яго, як на мядзведзя, адным махам.– Ойча, – сказаў нехта. – А як на вуліцы чалавека сустрэнеш? Як даведацца, ці ерэтык.Сябра Лайёлы ўсміхнуўся.– А на гэта ўжо Арнольд Амальрык адказаў. Калі ў Францыі ерэтыкоў білі.– Ну?– “Забівайце, забівайце ўсіх! Бог сваіх пазнае!” Вас колькі?– Нешта чалавек пяцьсот, – сказаў Хлебнік, гуляючы кордам. – Н-ну д-добра, ойча. Мы гэтай сволачы пакажам рыбы ды хлябы.– Давайце, сыны мае. Кліч усе ведаюць?– Вялікдзень, – сказаў нехта з цемры....Хрыстос між тым дагнаў сваіх. Усе ўтраіх яны ішлі вуліцамі соннага горада. Ноч выдалася нечакана гарачая, можа, апошняя такая перад прыходам восені. Таму людзі спалі не толькі ў хатах, але і ў садках пад грушамі, і на галерэях, і проста, выцягнуўшы з хаты пасцілку, ля вадамётаў, якія парушалі цішыню няўмоўчным плёскатам вады.– Яны ўдома? – спытаў Хрыстос.– Удома, – сказаў Фама. – Піва з гарэлкай жлукцяць. Вячэра.– У іх, скажу я вам, тая вячэра... яна-ткі з самай раніцы, – сказаў Іуда.Крокі будзілі цішыню.– І нешта цяжка мне, хлопцы. Непамысна мне нешта. Не хачу я ісці да іх.– А трэба, – сказаў Фама. – Па лычах ім надаваць трэба. Імя толькі ганьбяць. Пальцам аб палец на ўмацаваннях не стукнулі. Зброяю валодаць не вучацца. Адно п’юць, ды за бабамі... ды кепікі з тых, хто працуе, строяць. Збіць іх на горкі яблык ды сказаць, каб вымяталіся з горада, калі не хочуць.– Згода, – сказаў Хрыстос. – Так і зробім.Іуда зарагатаў:– Слухай, што мне сёння сівавусы сказаў. Я, кажа, стары, ты не зразумееш гэтага так, нібыта я падлашчваюся да Хрыста. Якая ўжо тут ліслівасць, калі ў кожнае імгненне можам на адзін эшафот трапіць. Дык вось, кажа, здаецца мне, што ніякі ён не Хрыстос. І д’ябал з ім, мы яго і так любім. Чаму, пытаю, засумняваўся? Гэ, кажа, ды ён паноў замест каб павесіць – у Нёман загнаў. Не смейся, кажа. У Бога гумару няма. Ён чалавек сур’ёзны. Іначай, чым да сотага калена, не помсціць.