Встраиваемые холодильники bosch с доставкой http://my-bosch.com.ua/.

Цыганскі кароль

ІПалявыя гваздзікі пахлі ваніллю, як святочны пірог. Міхал Яноўскі ўздыхнуў, зрабіўшы такое адкрыццё, бо любіў хатнія пірагі, а ўжо два дні, як еў хлеб з халодным мясам і не ведаў, ці давядзецца яму яшчэ калі-небудзь пакаштаваць цудоўных праглаў і перапечак. Нават печка, дзе іх звычайна пяклі, больш не належала яму. Яноўшчыну разрабавалі, загонавая шляхта Ваўчанецкага зжэрла ўсё, аж да зялёных, цвёрдых, як палка, груш, а сам ён, Яноўскі, – злачынец, якога, напэўна, шукаюць. Трэба хутчэй ехаць да незнаёмага дзядзькі па маці Якуба Знамяроўскага. Ён, кажуць, моцны чалавек, не пабаіцца Ваўчанецкага, ён абароніць. Дзядзька павінен сустрэць яго ветліва, паспачуваць, а там – хто ведае – можа, адбярэ ў Ваўчанецкага запаскуджаную Яноўшчыну і зганьбаваныя магілы продкаў. Ён гэта зробіць! Ён сіла, а сіла – усё на зямлі.Цікава толькі, чаму сустрэчныя ў адказ на запытанні Міхала стрымана ўсміхаюцца (Ого! Паспрабавалі б яны ўсміхнуцца нахабна!) і кажуць:– А-а, цыганскі кароль. Вам трэба па гэтай дарозе, пане.Па маладосці год і легкадумнасці Міхал не звяртаў увагі на “важлівыя дробязі”, і ўсё яму было хоць бы што. У сіле ён звыкнуў бачыць дабрадзейнасць, хоць скончыў школу пры калегіуме і павінен быў ведаць на прыкладах з Катула, што не заўжды дабрачынны Цэзар і што курульнае1 крэсла часта займае вадзянка. Бацька, чалавек, настроены па-старасвецку, таксама выбіваў з яго такія думкі цытатамі з Сымона Буднага. Гэта не дапамагала. Свет быў няўстойлівы, моцныя пагражалі адусюль, кароль не мог абараніць, схізматаў не крыўдзіў толькі лянотны. Катул быў паганец, а Буднага яшчэ дзвесце год назад абвінавацілі ў амярзіцельнай швейцарскай ерасі, і таму ён не меў рацыі. Сіла, і толькі сіла!Ён не ведаў яшчэ, чым канчае кожная грубая сіла, і таму амаль весела падганяў каня ў напрамку да Знамяроўшчыны. Надзея калыхала яго.Як добра, як прамудра ўсё на божым свеце!Каля самай дарогі стаяў нацэлены кудысьці аглоблямі воз без каня. Абады колаў былі збітыя, і воз стаяў як быццам на чатырох сонцах, бо спіцы нагадвалі праменні.Каля воза хадзіў, скрабучы патыліцу, чорны кучаравы чалавек. Срэбная, паўмесяцам, завушніца. Вопратка, як з сабачага вяселля. Цыган. – Што гэта ты робіш, чалавеча?– Рапарую воз. Да заўтра пасяджу.– А потым?– А потым павязу на сабе дадому. – Цыган павярнуў да Яноўскага нядобры чарнабровы твар.– Што ж гэта ты так... забаўляешся? – іранічна спытаў Яноўскі.Цыган пакалупаў пальцам у цыбуку і раптам выбухнуў:– Конь, бачыце, яму спадабаўся. Даём яму ад кожнага здабытага дзесятка аднаго каня. Ад катлоў таксама... Па закону... Мала. Я спрачаўся. Ну і вось. Гэта ж ганьба цыгану так цяжка працаваць за сваю ж маетнасць. Абады з колаў пазбівалі... Каб яго везлі на такіх колах, калі ён атрымае па заслугах рану ў жывот: са спіцы на спіцу, з байрака на байрак.– Хто гэта? – спытаў непаразумела Міхал.– Хто?! Знамяроўскі! Кароль наш, каб яму кадук... Я казаў: жывіце вольна, роме. Не, пасадзілі на сваю галаву шляхцюка. Ён быў голы як бізун, а цяпер ён кароль. Дзівуйцеся на цыганскую дурасць: першы раз такое дзіва бачыце... Каровін праснак!Яноўскі слухаў, здзіўляючыся з бясконцых перыядаў, аж пакуль не абрыдла. Уласна кажучы, варта было правучыць нахабніка за непачцівыя словы пра шляхту, але цыган так гаротна і тужліва стагнаў, што Міхалу стала шкада яго.І ён паехаў далей на сваёй шкапе, якая бразгала напалову адарванай падковай.