1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30

Цыганскі кароль

– Нічога, сынок, вучыся, – таксама шэптам адказаў медыкус. – Яны не паважаюць нават апоры сваёй. А зараз пабачыш, як яны паважаюць сябе.Пачалі піць і закусваць. Падавалі піва чорнае і белае, настойку “тройчы дзевяць”, кюмель і мёд. Госці, што сядзелі ля Знамяроўскага, елі мядзведжыя шынкі, хрыбтавіну асятровую, смажанага лебедзя і іншыя далікатэсы. Загонавая шляхта – боршч з сасіскамі, разварную ялавічыну, палаткі, гарох са свінінай; сотнямі знішчалі гарачыя, як агонь, наперчаныя біткі. Нягледзячы на тлустую ежу, усе хутка ап’янелі, бо пілі так, як нават Яноўскаму не даводзілася бачыць. Ён звык да штодзённай нормы ўжывання віна шляхецкай вялікай сям’ёй – дванаццаць бутэлек. Першыя чатыры амаль паўсюль выпівалі за першым абедам, у дванаццаць гадзін дня. Другія чатыры – за другім, у чатыры гадзіны. За вячэраю, якая бывала, звычайна, у 10–11 гадзін вечара, канчалі норму і больш не пілі. Дванаццаць апосталаў – дванаццаць бутэлек. А тут на стол усё цягнулі і цягнулі бутэлькі “мядзведзікі”, “удовы”, маленькія бочачкі. Бутэлькі былі розныя: пузатыя, доўгія, пляскатыя з “таліяй” (каб зручна было трымаць у п’янай руцэ). “Мядзведзікі” былі ў выглядзе мядзведзяў, бараноў, ільвоў – гарэлка біла ў іх з ратоў. Але цікавей за ўсё былі “ўдовы”, бутэлькі ў выглядзе абаранка. Удовамі іх звалі таму, што такія бутэлькі і сапраўды часцей за ўсё ўжываліся ўдовамі. Прычапурыцца жанчына, налье ў такую бутэльку гарэлкі, насуне на носік абаранак, надзене бутэльку на руку, бліжэй да локця, і ідзе да аўдавелага кума развеяць тугу.Напіліся да таго, што нейкі шляхцюк пачаў рагатаць, гледзячы на ўласны палец, а другі засяроджана браў з талеркі пірагі, выграбаў з іх пальцам начынку, а астатняе кідаў пад стол, дзе круціліся дацкія сабакі –п’яўкі.Але стрыжнем вячэры была вялікая чаша, у якую ўваходзіла пяць бутэлек віна і яшчэ тры ў накрыўку. Сапраўдны пітун павінен быў піць не глытаючы, каб віно проста пералівалася ў горла. Таму з накрыўкі дазволена было піць толькі адным глытком, а самы келіх – у два прыёмы. І нікога не мінала горкая чаша сія.Пасля яе зала нагадвала поле пабоішча, і гайдукі пачалі ўжо сцягваць некаторых гасцей, што абражалі апетыт параўнальна цвярозых, у “мярцвецкую”. Дзіва, але мітрапаліт стаў амаль цвярозы, і толькі збытак вінных пароў выходзіў праз яго голую галаву, якая курылася, як вулкан.Знамяроўскі сядзеў арлом. Азызлыя шчокі падабраліся, у карых вачах з’явіўся агеньчык, нос, падобны на піпку, міла чырванеў.Усё было добра. Дзяржава яго была вялікая, сам ён быў цар цароў, эканоміка была ў парадку, пілі і елі дасхочу. Нават эмігранты з іншых краін (у асобе Яноўскага) прыпадалі да яго ступакоў. Велічны жывот караля ляжаў на каленях, доўгія рукі былі падкладзены пад зад, на твары блукала шырокая ўсмешка, і нават вочы замасліліся ад асалоды. І самыя думкі былі прыемнымі.Ён мацнейшы за ўсіх, цыганы дрыжаць пад яго позіркам, улада над акругай поўная. Што можа зрабіць яму кароль? Праўда, царыца дабіраецца да яго зямлі, дзеліць Польшчу, але чорт яе бяры. Яму, Знамяроўскаму, і пры царыцы будзе не горш. А калі надта ўжо не спадабаюцца новыя парадачкі – можна разам з падданымі адкачаваць туды, дзе яшчэ будуць залатыя шляхецкія вольнасці. Ды не, не папусціць бог. Гэта ж такая сіла, шляхта! Хоць бы і ён нават?! А добры мой народ заўсёды дапаможа. Ён сваё панства любіць, шануе, ледзь не вышэй за пана бога ставіць. За дзевяць год улады ніхто сур’ёзна нават і не думаў абурацца. А надумаецца – скручу.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30