1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30

Цыганскі кароль

– Келіх сюды, свінтухайлы!А медыкус, седзячы ля Яноўскага, раптам спытаў:– Ведаеце, чаму тут так п’юць... не на жыццё, а на смерць?– Людзі тут такія, – разгубіўся Яноўскі, – тут ужо нічога не зробіш.Медыкус непрыемна скасавурыўся:– Глупства! Мы любім піць не больш і не менш, як усе іншыя людзі на зямлі. Але мы – гной пад нагамі чужынцаў. Нават у жыцці сваім ніхто ў гэтым праклятым каралеўстве не ўпэўнены. А гарэлка – гэта сябры, гэта – пяць – дваццаць – тысяча шабляў такіх сабутэльнікаў, узнятых на тваю абарону, калі нападзе мацнейшы сусед. Няма цвёрдай улады – пануе моцны, мы п’ём. Простая механіка? П’янствуюць людзі – значыцца каралеўства гіне. Верная прыкмета. П’юць, каб забыць, каб заліць гора і знішчыць няўпэўненасць. Але галоўным чынам, каб прыдбаць сяброў.І ён спапяляючым позіркам паглядзеў на шляхцюка, які “скакаў”, адрываючы на які-небудзь дзюйм ногі ад падлогі, круціў галавою і вывяргаў брыдкую лаянку.– Дурныя людзі. Усё не па-людску. З самага пачатку толькі і робяць, што гандлююць радзімай. Магутная цыганская дзяржава... П’юць, як свінні. Дзеці нараджаюцца ідыётамі: яны яшчэ ў чэраве маці атручаныя гарэлкай. Ёлупы і юродзівыя! І за ўсё гэта заплацяць нашчадкі. Ім яшчэ рыгнецца за кожную нашу чарку, за кожную ноч распуты. Яны будуць кашчавыя, слабыя на цела і мозг.Яноўскі хацеў адказаць яму, але пабачыў, што кароль заве яго пальцам. Ён падышоў да яго. Знамяроўскі глядзеў на яго вар’яцкімі вясёлымі вачыма.– Што , пасол, нудзьгуеш?– Наадварот, мне весела, вялікі кароль.– А мне нудна. Насмяшы ты мяне, пляменнічак. Насмяшыш – шкадаваць не будзеш, шчыра кажу. Загаўкай, ці што...Яноўскі маўчаў. У гэтую хвіліну ён лепей даў бы сябе разрэзаць на кавалкі, абы не смяшыць гэтага тлустага кабана. Ён упарта сціснуў зубы.Знамяроўскі пазяхнуў.– Нудна мне з вамі. Адракуся я хутка ад трона і пайду... у манастыр. Буду там сабе бога маліць, бо з дурнямі жыць не хачу. Вас, дурняў, і да Масквы не перавешаеш... Жыць буду ціха, пад званы. Дам ігумену куку ў руку, каб пахаваў мяне ў царкве. Бога, дурня барадатага, модламі падману. Сядзіш вось тут у мяне, гарэлку маю жарэш...Яноўскі не вытрымаў. З ім яшчэ ніхто так не размаўляў:– Маўчыце, пан кароль. Як бы не давялося вам казе пад хвост глядзець... Задзярэш зараз пяты, чорт гладкі!Знамяроўскі зацікавіўся гэтай перспектывай:– Ану... ану, давай. Паспрабуем. Бач ты, нахаба якая! Прыйшлі ў маю хатку ды б’юць майго татку... Ах ты, падла. Давай... паспрабуем, хто пяты задзярэ.І крыкнуў гайдукам ля дзвярэй:– Ану, паршыўцы, цягніце сюды палкі. Рыцарскі турнір!Праз якую хвіліну абодвум далі тонкія доўгія палкі, і Знамяроўскі з нечаканым спрытам падвёўся і стаў у пазіцыю. Абодва стаялі адзін супраць другога, як баявыя пеўні, і нават чупрынка на галаве караля вельмі нагадвала грабеньчык.Кароль зрабіў выпад – Яноўскі адбіў ягоную палку. Некалькі хвілін яны скакалі адзін вакол другога, саплі. Толькі і было чуваць:– Я табе, булавешка дурная, ногі ў спіну пазаганяю.– Я табе, дзядзечка, дам на пазвон.– Мазгавешку расквашу, галадранец.– Бач ты, кароль... (Трах-тах!) А ў самога бажок на нітачцы! (Бах!)– Свіння не нашага бога! (Грук-грук!)– У мазгаўні вычаўрыла.У наступны момант ляпнула, як палкай па гарлачу. Вакол зарагаталі, загігікалі. Яноўскі, адчуваючы, як на галаве наліваецца вялізны гуз, утрапёна замахаў палкай, шмякнуў па нечым.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30