1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30

Цыганскі кароль

Кароль мякка схіліўся і заараў носам падлогу.На адзін момант прыўзняў галаву, памацаў далонню размяжулены нос і сказаў ціха:– Наша ўзяла... і рыла ў крыві.І лёг на спіну, паказаўшы небу круглы пукаты жывот.Да яго кінуліся, пачалі завіхацца, але толькі праз некалькі хвілін ён прыўзняўся, сеў за стол і, гледзячы на племенніка, сказаў:– Заўтра надвячоркам ідзём у наезд.Праз гадзіну кароль абдымаў пляменніка, ціскаў яго, лез мокрымі вусамі да яго вуснаў:– Братка ты мой! Хоць ты і тамцюр цара нябеснага, а я цябе люблю, дальбог, люблю... Даю сваё каралеўскае слова – адаб’ём твой маёнтак... Чуеце, чэрці, кароль слова дае!.. Заўтра ж паедзем. Вось толькі судны дзень учыню.Яноўскі і медыкус пайшлі з залы, не дачакаўшыся канца гулянкі.Цёмнае-цёмнае неба ляжала над палацам. З адчыненых вокан далятаў да іх шум неўтаймаванай папойкі.

ІІІНаступнага дня, ранічкай, ля каралеўскага дома, пад шыбеніцай, сабралася вялікае цыганскае судзілішча. Паставілі высокае крэсла, ля яго сталі два шляхцюкі і два цыганы ў кажухах з доўгімі пугамі на плячы. Сабраўся натоўп, пераважна з егіпецкага племя.Кісла смярдзела конскім потам, кажухамі, іржавым жалезам. Цыганкі курылі люлькі, часам даючы пасмактаць цыбук мурзатым дзецям. Пасля ўсе прыціхлі. Набліжалася ўрачыстая хвіліна.Пад спеў труб і грукат старога барабана паважна выйшаў з двярэй кароль Якуб. Сеў, сціскаючы ў правай руцэ нейкі пацямнелы, апраўлены ў золата прадмет.– Што гэта? – зацікаўлена спытаў Яноўскі ў медыкуса.Левы кут медыкусавага рота паехаў угару:– Рэліквія. Дзяржанне той самай пугі, якой ён у дастаслаўны вечар, якім пачалося яго цараванне, лупцаваў канакрадаў. Чым не меч святога Стэфана?Паюк агласіў высокім хрыпатым голасам:– Слава. Сіла. Моц. Мы, кароль Якуб Першы... (зноў пацягнуліся тытулы, якія Яноўскі ўжо чуў), добрай воляй нашай пастанавілі імем цыганскай дзяржавы, дабрабыту і славы яе, склікаць сёння вялікае судзілішча, пасля якога, ачысціўшы добры наш народ ад зланамерных людзей, вялікі сейм дзяржавы цыганскай учыніць!Заспявала труба. На тварах некаторых цыганоў Яноўскі заўважыў іранічныя ўхмылкі. Але ўсе маўчалі.Першая справа была нецікавай. Нейкі цыган падбіў другога на крадзеж, загадзя ведаючы, што нічога добрага з гэтага не атрымаецца: коней вартуюць добра. Сам падбухторшчык шчасліва ўцёк, а яго няшчаснага саўдзельніка спаймалі і, усклаўшы яму на шыю вуздэчкі, білі, водзячы па вёсцы. Добра хоць, што не забілі да смерці.Прысуд быў кароткі. Падбухторшчыку заплаціць штраф, трэцяя частка якога пойдзе пацярпеўшаму, і атрымаць дваццаць лоз, каб не быў напярод зламысным. Саўдзельніку – пяць лоз, каб не быў дурнем. Калі стан здароўя не дазваляе яму перанесці экзекуцыю, ён павінен выплаціць палову сваёй часткі ў каралеўскую казну.– Колькі гэта будзе? – спытаў няшчасны, у якога была абвязана галава.– Два бітыя талеры.Саўдзельнік, крэкчучы, пачаў спускаць нагавіцы. Атрымаўшы тое, што належала, ён, абапіраючыся на плечы дзяцей, адышоў убок і лёг жыватом на траву. Яноўскі не заўважыў на твары караля Якуба пакут сумлення. Знамяроўскі глядзеў пыхліва і паблажліва на стракаты зброд, які віраваў ля яго трона.Разабралі яшчэ некалькі спраў, і прысуд быў амаль той самы: лозы і штраф у каралеўскую казну. Фінансавыя справы караля відавочна паляпшаліся, і відавочна падаў настрой натоўпу.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30