1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30

Цыганскі кароль

– Позна, я вам кажу. Яна на трэцім месяцы. Знамяроўскі, здаецца, нават узрадваўся гэтаму:– Добра. Я адмяняю загад.Мітрапаліт пасунуўся да яго і зашаптаў нешта на вуха. Кароль залыпаў вачыма:– І сапраўды... а як жа слова караля? Не, так не пойдзе...Ён павагаўся:– А вось што... Калі лозы ёй пашкодзяць, дык не пашкодзяць шляхецкія абоймы. Хто хоча ўзяць гэту распутніцу ў наложніцы?– Ёй спачатку трэба паразмаўляць з духоўнай асобай аб сваіх грахах, – сказаў мітрапаліт.– Гм, – хмыкнуў кароль. – Ну што ж...Але ў гэты момант медыкус раптам выпаліў:– Я... я бяру яе. І хай паспрабуе нехта крануць яе пальцам.І ён рэзкім рухам накінуў на плечы жанчыне сваю мантыю.Адказам на гэты жэст быў рогат. Забыўшыся на аўтарытэт, кароль захлынуўся смехам, трымаючыся за бакі. Ён пасінеў, у горле яго нешта сіпела і клахтала.Празрысты нос медыкуса стаў малінавым: гэта быў яго манер чырванець. Ён узяў за плячо знясіленую сорамам, аслупянелую жанчыну і павёў яе.Здавалася, што на гэтым справа скончыцца, тым больш дзіўным было з’яўленне перад каралём тоўстага цыгана ў кажусе.– Кепска робіш ты. Чым перашкодзіў табе мой сын?Кароль глядзеў на яго з лютым гумарком у вачах. – Ён хоча жаніцца. Кепска скончыцца ўсё, калі роме будуць так крыўдзіць.У адказ на гэта ў паветры пралунаў гучны пляск.– Дурань ты, бацька, – прагаварыў цыган, трымаючыся за шчаку.Але Якуб не звяртаў ужо на яго ўвагі. Ён стаяў над прыціхлым натоўпам, узнімаючы ў паветра свой залаты скіпетр.– Улюбёныя цыганы! Добры мой народ! Скончыўся суд, і мы, ачышчаныя ад брыдоты, моцныя як ніколі, можам сабраць наш вольны сейм.Міхалу абрыдла слухаць гэтыя словы. З цяжкім сэрцам выбраўся ён з гамарні і сутыкнуўся з медыкусам, які вяртаўся на сваё месца.– Навошта вы зрабілі гэта? – з дакорам спытаў Яноўскі. – Разбілі, сапсавалі жыццё людзям.– Ого, – здзіўлена працягнуў стары цынік, – не пазнаю доблеснай шляхецкай крыві.І, перш чым юнак паспеў ускіпець, працягнуў:– Каб я быў бугаём, мяне, на жаль, даўно перадалі б на мяса. Каб нехта сказаў мне: “Пане, зганьбіце гэтую дзяўчыну, а іначай мы вас павесім”, – я адказаў бы яму: “Бярыце мяне, менш буду пакутаваць. Адным ганебным успамінам будзе ў мяне менш на зямлі”.І дадаў:– Гэта, вядома жарты. Людзі не варты спагады, але... я сёння проста не мог. Гэтыя слабыя плечыкі, гэты рух, якім яна закрывала твар, менавіта твар. Што зробіш, я непаслядоўны чалавек. Якуб, уласна кажучы, вельмі добры для шляхціца, мы ўломім яго пасля. Прыйдзе і на яго часіна з добрым гуморам. І няхай дзяўчына чакае гэтай хвіліны ў маёй хаце, а не ў хаце гэтага юрлівага папа.Роў натоўпу перарваў яго словы. Абодва паспяшаліся праціснуцца да трона. Адбылася нейкая змена. Людзей, якія толькі што стаялі ў пахмурным, пагрозлівым маўчанні, нельга было пазнаць. Палаючыя нянавісцю вочы, ашчэраныя зубы.І сярод іх стаяў, узвышаючыся над галовамі, Знамяроўскі і крычаў, патрасаючы рукамі:– Вы бачыце яго (рух у бок Яноўскага), вы бачыце гэтага гожага чалавека, уладара братняй, але маленькай і слабай дзяржавы? Вы бачыце яго сумленныя вочы? Чым ён вінен, што хоча жыць самастойна і шчасліва? Але яму не даюць так жыць. – Голас караля дрыжаў: – Злосны і падступны сусед, адроддзе пекла... як бо яго завуць, гэтае адроддзе пекла, а, Міхал? Вось-вось... Ваўчанецкі яго завуць... падступна напаў на яго, парушыў ягоныя межы. Яго маленькі, даверлівы, добры народ пакутуе пад пятой чужынца, які ломіць яго веру, звычаі, волю. Няўжо вялікая дзяржава цыганская, абаронца справядлівасці і законнай улады, спусціць гэтаму аспіду і васіліску? Не, не будзе гэтага.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30