1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30

Цыганскі кароль

Ён прыкрыў рукой вочы і хіснуўся (у паветры моцна запахла гарэлкаю і вайной). Баба, што стаяла непадалёку, раптам загаласіла:– А-а, божа мой, а што гэта ж з ім, галубчыкам нашым, робіцца? А як жа ж ён жаласна гаворыць!– Да таго ж, – працягваў кароль, – мы, магчыма, і змаўчалі б, каб гэты Ваўчанецкі не рыхтаваў замаху на нашу волю і незалежнасць. Гэты аспід і васіліск пырскае чорнай жоўцю. Ён сабраў зброю, паставіў пад ружжо сваіх гайдукоў. Ён збіраецца вераломна напасці на нас. Няўжо мы будзем цярпець гэта, мужны народ цыганскі і русінскі? Яны захопяць нашу зямлю, згвалцяць нашых жонак, забяруць нашых коней, цудоўных коней. І не застанецца нават следу цыганскага на зямлі, бо вы будзеце рабамі.У натоўпе там-сям галасілі бабы. Апакаліптычны жах лунаў над галовамі людзей. Жах і свяшчэнная нянавісць. Чуліся выкрыкі:– Смерць ім! Бач ты, коней!!! Ражна з’ядуць!І грымеў голас Знамяроўскага:– Не, мы самі нападзём на іх. Мы ступім ім на шыю. Мы забяром іхніх коней, мы згвалцім іхніх жонак, мы спалім іхнія хаты. І заззяе ў славе каралеўства цыганскае на векі вякоў. У славе і свабодзе! Нас пакрыўдзілі! З намі бог!Натоўп роў, стагнаў, задыхаўся. Трэслі кулакамі ў паветры, махалі дубцамі.– Коні! Коні! Коні!– Я пайду! І я... І я...Нехта разважліва бубніў:– Я не люблю біцца. Але калі яны на нас так, дык мы ім усыплем.– Бі іх! Смерць драпежнікам!– Выступаем сёння ўночы! – крычаў Знамяроўскі.– У-ра! Коні! Коні! Бацька ты наш, літасцівец, уладар!– Вядзі нас! Вядзі!Узрушаны натоўп паваліў з плошчы.

IVПа пыльнай дарозе яны пад’ехалі да пушчы. Ад узлесся да Яноўшчыны заставалася не больш трох гадзін язды. Першая зорка пералівалася ў вышыні кропляю крынічнай вады. Стаялі і марылі паабапал дарогі замглёныя раннім туманам стагі.Ехалі конна, людна і збройна цэлыя суткі, зрабіўшы два невялікія прывалы. Наперадзе ехала дзесяткаў пяць конных цыганоў у кажухах з рацішчамі, пугамі і фузіямі. Пасля цягнуўся воз з каралеўскай кухняй, шатны воз, воз з трыма хартамі і паляўнічымі сокаламі. Пасля – воз караля, вышынёю ў два сажні, упрыгожаны кілімамі.За ім – трыццаць вазоў са шляхецкай пяхотай. Гэта былі бясконныя загонавыя шляхцюкі, узброеныя шаблямі і пулгакамі, у чыкчырах і чугах, расшытых пазументамі, але сям-там зацыраваных і нават проста дзіравых. Шляхцюкі ўзмоцнена паядалі вайсковы запас.Замыкалі шэсце семдзесят мужыкоў на калматых і пузатых коніках. Усяго сабралася больш за трыста чалавек, якія гарэлі жаданнем адпомсціць за няшчасную, знявечаную краіну каралеўскага пляменніка. Сам Яноўскі ехаў начальнікам галаўнога атрада. На каралеўскім возе, вышэй за ўсіх, як ідал, сядзеў кароль і глядзеў на дарогу ў падзорную трубу. Раз-пораз ад яго воза скакаў да Яноўскага коннік:– Выклікае вялікі кароль і гетман.Яноўскі ехаў да Якуба.– А што, каханку мой, ці не бачна дзе на дарозе ворага?– Не бачна, вялікі кароль.– Ну глядзі ж. А ці не пад’язджаем мы, маршал, да межаў варожай дзяржавы?– Не.– То-то ж бо. Ну, ідзі сабе да авангарда.Яноўскі ехаў, добра ведаючы, што праз дваццаць хвілін яго паклічуць і зададуць тыя самыя пытанні.Пасля другога прывалу коннікі чамусьці ўсё намагаліся, седзячы ў сёдлах, зрываць кветкі, што раслі паабапал дарогі. Шлях ззаду быў густа засеяны цыганскімі шапкамі і мужыцкімі магеркамі. Коней пачалі гнаць без літасці.Ляскаталі колы, грукалі капыты, доўгі шлейф пылу і дыму ад люлек стаяў за атрадам. Сям-там шляхта пачынала скакаць у вазах. Некаторыя вывальваліся ў пыл, іх на хаду ўсцягвалі на салому. Рогат, крыкі. У такт стуку капытоў гучала шалёная песня:

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30