1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30

Цыганскі кароль

Чым жа ж цябе частаваць,Ты ж мой міленькі?Чым жа цябе частаваць,Голубе сівенькі?Бізуном, мілая,Бізуном, мілая,Бізуном, ух-ха-ха,Мая чарнабровая.Трэцяя частка воінаў нерухома ляжала ў вазах. Здавалася, што гэта не на вайну едуць, а вяртаюцца пасля піравай перамогі.Пушча пачала радзець, калі ноч агарнула зямлю цемрывам і вільготным пахам далёкіх балот. Загрукаталі колы па невялічкім мосце. У таямнічай начной вадзе адбіўся рознакаляровы агеньчык Капелы. Кумкалі палка і дружна жабы ў сітнягах.Толькі за паўгадзіны да гэтага кароль даў загад маўчаць. Нейкі шляхцюк плакаў на возе.– Бож-жа ж ты мой? А як жа ж гэта маўчаць? А дзе ж вольнасці нашыя? А хто ж гэта асмеліўся нам рот замазаць? Загінула наша краіна...Яму ўлілі ў горла кубак віна, і ён змоўк.Вялізныя начныя дрэвы дыхалі водарам сухога летняга дня, які заблудзіўся ў шатах: шкіпінарам, мятай, яшчэ чымсьці, нявінным, чыстым, бесклапотным.Заміргаў за павароткаю дарогі жоўты мірны агеньчык. Пасля другі, трэці. У былым доме Яноўскага не спалі. Дом гэты, аднапавярховы, з мезанінам і галерэяй, з дворнымі будовамі, размешчанымі квадратам, быў абгароджаны высокім частаколам з завостраных бярвенняў.Пад’ехалі да брамы. Яноўскі заляпаў цяжкім чыгунным кальцом. У адказ сабачы брэх і голас:– Хто там?– Госці да пана Ваўчанецкага.У гэты час цыганы зрабілі нешта накшталт дзвюх жывых лесвіц у баку ад брамы. Па спінах залезлі наверх два здаровыя мужыкі.Яноўскі зусім забыўся на тое, што ў браме ёсць ваўчок. Пыхнула губка, асвяціла ягоны твар.– А-а, вось які госці! – прахрыпеў голас. – Стары гаспадар... Гэй, варта! Во-ох!.. Што гэта.Пачуліся прыдушаныя гукі барацьбы. Форткі брамы расчыніліся, і шэры натоўп рынуў на вялізны двор. Пабеглі да дома. І раптам на галерэі нехта пачаў біць у звон. У хаце заварушыліся, забегалі. Пасля жахлівы залп у дзвярэй ірвануў паветра.Усё закруцілася, як віруха. Аглушаны, збіты з панталыку, Яноўскі, думаючы, што ўсе ўжо забіты, глянуў на атакуючых і не пабачыў страт.Пасля выявілася, што абаронцы, і ў тым ліку сам Ваўчанецкі, былі п’яныя, як сукіны каты. Іх заспелі проста за позняй вячэраю.На ганку дома Міхал убачыў дзесяткі тры гайдукоў, якія палілі ў белы свет, і сярод іх самога Ваўчанецкага ў ружовых портках і з шабляю ў руцэ.– На злом! На злом! – раўлі нападаючыя. – За радзіму! За каралеўства цыганскае! За караля!Абаронцаў змялі і ўціснулі ў дзверы, дзя яны, устаткаваўшыся на сходах, атрымалі нейкую раўнавагу з нападаючымі. Абодва бакі палілі з фузій так, што атынкоўка са столі ляцела вялізнымі кавалкамі, агаляючы драніцы. У абодвух станах ужо меліся кантужаныя і аглушаныя. Палюбоўніца Ваўчанецкага, падтрымліваючы гонар ваяўнічай беларускай матроны, выліла начнік проста на галаву шляхцюку, што ўзначальваў авангард.– Бі іх! Душы! З намі бог!– Святы Юры і Русь!Сілы ўсё ж былі няроўныя. Праз дваццаць хвілін барацьбы ўсе пачулі дзікі звон шкла: атрад “кароннага суддзі” выбіваў шыбы разам з рамамі, пранікаючы ў тыл ворага. Сярод мужных абаронцаў узнікла паніка.– Нам здрадзілі! – зароў нехта.Адны абаранялі нарабаванае, другія змагаліся за высокія ідэалы дабра і таму, натхнёныя відовішчам панікі, як ільвы, рынулі на агідных і вераломных ворагаў. Праз хвіліну іх схапілі, скруцілі і, кінуўшы ляжаць на падлозе ў кутку залы, рассыпаліся па пакоях.Звон шкла, падаючы посуд, трэск фіранак на вокнах. Частка доблесных пераможцаў занялася рэквізіцыяй трафеяў, другая – сыпанула шукаць вінны склеп. Запалалі паходні, загарэлася наводшыбе падпаленая кімсьці адрына, надаючы феерверку яшчэ большую ўрачыстасць.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30