1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30

Цыганскі кароль

Бочкі выцягнулі на лужок, выліўшы палову на сходах. Выбівалі днішчы, прыпадалі да чырвоных каскадаў прагна, як атручаныя. У бутэлек адбівалі рыльцы. Запалалі вогнішчы, з хлявоў даляцеў роспачны лямант авечак і неўразумелае, здзіўленае кудахтанне курэй.Праз гадзіну на вогнішчах смажыліся вялізныя кавалкі ялавічыны, круціліся на ражнах цэлыя авечкі. Разліўное мора віна.Дзікімі вачыма глядзеў на гэтае спусташэнне Яноўскі. Гэта была галеча. Уварваліся, як дзікія гуны, і знішчылі ўвесь дабрабыт.А на ганку, асветлены зарывам, стаяў кароль Якуб і, абапіраючыся на шаблю, глядзеў на агонь, як Нерон на пажар вечнага горада.Паплавец перад ім нагадваў поле бітвы: у карцінных позах ляжалі людзі, збіўшыся ў кучу; блукалі, хістаючыся, параненыя ў бітве з Бахусам.Шляхта піла ў зале. Елі, пілі, зноў елі і зноў пілі. Ялавічына, бараніна, смажаныя гусі, кюмель, мёд, гарэлка – усё знікала ў бяздонных жыватах, і Яноўскі ледзь не плакаў. Яноўшчына была спустошана да канца. Нарэшце і ён сам пачаў есці і піць. Што ж зробіш?Стогны з кутка спынілі на хвіліну піраванне. Гэта нагадвала скаргі грэшных душ у пекле, але гэта стагналі пераможаныя:– Развяжыце, развяжыце нас. Есці хочацца, есці. Разарацца, дык весела.Кароль Якуб, якога падтрымлівалі пад рукі, падышоў да павержаных.– Ага, аману просіце. А маёнтак аддасі?– Аддам, годны рыцар, аддам.– Кажы – кароль– Кароль, каханенькі, кароль.– Дык вось, з маёнтка – прэч. Паспрабуеш зноў захапіць – галаву скручу. Аддасі пану Яноўскаму дваццаць кароў, трыццаць авечак, шэсцьдзесят гусей і іншае – па ліку з’едзенага і выпітага. Іначай – канец табе.– Добра ўжо, аддам, аддам.– А дараваць табе – справа гаспадара. Зараз дашлеш аднаго гайдука па бацькоў майго высакароднага пляменніка і другога – па кантрыбуцыю. Каб раніцою ўсё гэта было тут. А зараз – развязаць.І кароль пацягнуў Ваўчанецкага віцаю ніжэй спіны на знак падначалення, а пасля пацалаваў у вусны.– Ён вялікі, ён мудры! – зацягнулі старую песню прыдворныя Знамяроўскага. – Ён умее пакараць і ўмее літаваць.П’янка цягнулася далей. Кароль і Ваўчанецкі брахалі пра старыя подзвігі, цалаваліся, ляпалі адзін аднаго па спіне.Калі змрок знадворку стаў асабліва густым перад світаннем, двор і дом нагадвалі суцэльнае пабоішча. Героі ляжалі паўсюль, як трупы, смурод цягнуўся ад дагараючай адрыны.Свіння, што нейкім дзівам не трапіла ў кацёл, хадзіла па двары і, задумленна рохкаючы, цалавала рыцараў у твары.За сталом засталося не больш дзесяці чалавек. Кароль і Ваўчанецкі кудысьці зніклі. Медыкус дзяўбаў носам.Яноўскі, якога амаль не трымалі ногі, даплёўся да дзвярэй і, чапляючыся рукамі за сценкі (моц божая: я ад плота, а яна да плота), пацягнуўся калідорам.І тут ён натрапіў на нешта такое жахлівае, што хмель адразу выскачыў з галавы.Упоперак калідора ляжалі два гайдукі і сам пан Ваўчанецкі, а на іх, з голаю шабляю, – Знамяроўскі. Ляжалі ў лужыне крыві.– Здрада! – нема закрычаў Міхал. – Ваўчанецкі завабіў караля і здрадліва забіў яго. О подлыя!Прыбеглі людзі. Аслупянелыя, сталі яны над трупамі, з-пад якіх негустая чырвоная лужына распаўзалася далей і далей.– Гора нам! – залямантаваў нехта. – Забілі караля! Упаў ты, паражоны рукою здрадніка! Змагаўся, як леў! Трох забіў! Медыкус расштурхаў людзей і схіліўся над трупамі. Памацаў пульс. Пасля прыўзняўся і махнуў рукой.– Што з ім? – трывожна спытаў Міхал.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30