Цыганскі кароль

Шлях збочыў ад пушчы. Ля рачулкі, пад дубамі, паказаліся шатры – нешта каля сотні, – агні каля іх, зграбныя постаці цыганак і куцапыя – цыганоў. Чуліся крыкі дзяцей, стук молата па кавадле, брэх сабак.Дзесяткі два гэтых сабак, жоўтых, са стаячымі вушамі, абкружылі конніка з відавочным намерам зжэрці. Гледзячы на іх рэбры і чырвоныя зяпы, Яноўскі падумаў, што гэта можа здарыцца, але ад вогнішча наблізілася чацвёра цыганоў. Сабак адагналі. Чорныя, як д’яблы, худыя, у калматых кажушках, з чырвонымі павязкамі вакол галавы, з ражнамі ў руках, цыганы вельмі нагадвалі разбойнікаў.– Куды едзеш, бацю? – спытаў паважны, прыкметна сівы цыган.– Прапусці, – замест адказу з гонарам сказаў Яноўскі. – Я беларускі шляхціц.Гэта гучала, як “не руш мяне, я рымскі грамадзянін”.Цыган павольна агледзеў Яноўскага ад высокіх кабцяў, пацёртых ля стрэмяў, ад скураных нагавіц, пацямнелых ад конскага поту, і аж да звычайнай, зусім не панскай магеркі з абламаным пяром. Пасля плюнуў на зямлю і спаважна паказаў Міхалу на слуп, ля якога яны стаялі. Слуп быў упрыгожаны дошкай з сілуэтам каня з надпісам:Знамяроўскае каралеўства, бог хай літуе яго. Душ русінскіх два ста, егіпецкага племя – ад зямлі ўсёй весі. Халупы. Жыдзішкі, Чэрнеў брод. Пры іх зямля ворная і пасавіска. Урочышчы Альховы востраў і Княгініна, а таксама тэж балота Недабыліха. Не торкайся з табунамі, калі гонар беражэш і не хочаш на смерць прыправіцца.Яноўскі прачытаў варварскі надпіс, і ў яго пачала пацепвацца шчака.– Я не з табунамі? – спытаў ён з жудасным спакоем.Цыган у адказ пачухаў грудзі пад кажухом.– Вяртайся, бацю, або давай грошы за праезд крэса. Тут табе не задрыпанца якога зямля, а яго крулеўскае мосці пана Якуба Знамяроўскага з Ліды. Наша, цыганскае, царства! Калі грошай няма, дык прызнавай яго за караля, злазь са сваёй спірэпы і шыбуй пешака да палаца. Не – атрымай дубцы і гэн хоць да д’ябла! Дзевяць год мы тут гаспадары, прывілею зацвердзіў кароль польскі, хоць мы ім платы падпіраць можам, калі захочам.– Я табе паразмаўляю, цыганская храпа! – Яноўскі выцягнуў шаблю, хоць добра бачыў, што ражны ў цыганоў даўжэйшыя.Цыган у адказ флегматычна сунуў амаль пад нос конніку кулак, падобны на валасаты гарбуз, і... атрымаў плазам удар па галаве.– На калені, хлопы!!!У той самы момант яго атакавалі. Ён закруціўся, адмахваючыся шабляй і атрымліваючы адчувальныя штуршкі ражноў. Адзін з нападаючых спрытным ударам ражна па падкаленных жылах каню прымусіў жывёліну спатыкнуцца. Яноўскі прыпомніў, што цыганы мастакі адным такім ударам зваліць быка, які імчыць “на поўны намёт”, і таму, не чакаючы ганебнага фіналу, сцёбнуў каня карбачом пад пах і так пусціўся дарогаю, што толькі пыл закурэў.Каня ўдалося стрымаць толькі тады, калі за павароткаю дарогі ўстаў ва ўсёй прыгажосці “стальны град” цыганскага каралеўства. Злева была рэчка, справа, з-за далёкіх узгоркаў, выглядалі стрэхі вёскі, а паміж ракою і вёскай, бліжэй да ракі, размясціўся “град”. З трох бакоў абкружаў яго ці то вельмі запаскуджаны і запушчаны сад, ці то ліставы лес, сярод якога сям-там узнімаліся ў неба чорна-зялёныя конусы ялін. З чацвёртага боку быў выган з атрутна-зялёнай травой і мноствам каровіных праснакоў. Дарога, па якой ехаў Яноўскі, ішла выганам і пераходзіла бліжэй да “града” ў змрочную і вільготную, як нара, алею з пакручаных, хворых ад вільгаці, нізкарослых ялін, алешніку, абламаных кустоў туі, карычкі і хмелю, які буйна абкручваў усё гэта багацце. Нізкія берагі, мярзота пустэчы вакол, глухая крапіва, няўцешны выган.