1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30

Цыганскі кароль

– Хопіць, – азваўся густы бас. – Плачам справе не паможаш. Але заўтра ён нам адкажа, бізун голы.За другімі табарамі паслалі?– Паслалі. Матыс Аўгусцінавіч накіраваў чатырох.– Добра. Толькі трымайцеся, браты. Так трымайцеся, як толькі можна.Загаварылі па-цыганску, і Міхал павольна пачаў адыходзіць ад таямнічага зборышча. Толькі па дарозе дамоў ён зразумеў, што супраць Якуба рыхтуюць нешта нядобрае, і, хоць матыў цыганскагу плачу стаяў яшчэ ў яго вушах, хоць дом Знамяроўскага і вечныя гулянкі яму астабрыдлі, вырашыў папярэдзіць караля. Проста на знак удзячнасці.Але ў палацы зноў спявалі, зноў даляталі з акон крыкі, брынчанне струн, бразгатанне шкла.З-пад стала тырчалі ногі мітрапаліта. Кароль Якуб сядзеў на сваім месцы, учапіўшыся ладонню ў нячэсаныя валасы. Карыя вочы былі ўтароплены ў нешта, што бачыў ён адзін. Міхал таргануў яго за плячо.– Ты хто такоў? – цяжка, як воўк, павярнуўся да яго Знамяроўскі.– Гэта я, ваша вялікасць, Яноўскі.– А-а. Ян-ноўскі. А чаго ж гэта ты такі храноўскі? Ты хто такоў? – Я пасол.– А-а, пасол. Пасол замежнага каралеўства. Дык чаго ты лезеш сюды, калі кароль ад-п-пачывае ад д-д-дзяржаўных спраў. Ведай этыкет. Пасля прыму, праз тры дні. І не раней... Ведай маю дабрату. Пшоў прэч!Яноўскі ледзь стрымаўся, махнуў рукою і на папярэджанні і на размову. Д’ябал яго бяры, раз так. Ён зусім сабраўся пакінуць залу, калі раптам галасы амаль усіх гасцей зараўлі нешта адзінае:– Дзевак! Дзевак!Гэты раптоўны псіхоз ахапіў усіх. Нават мітрапаліт выкаціўся з месца свайго адпачынку і пачаў крычаць:– Вачыма намізаюшчых, тонкашчыкалатных, барвянадзясных, палка лабазаючых!!!Якуб, як заўважыў Яноўскі, быў амаль раўнадушны да жанчын. Таму ён абыякава паклікаў гайдука:– Адшукай гэтым бабздырам... І сумленных не бяры, гэтыя свінні ўсё адно нічога не разумеюць. Колькі іх тут? Дваццаць цвярозых? Вось столькі гуляшчых і знайдзі ва ўсіх вёсках.І зноў сеў. Баль працягваўся, а Знамяроўскі ўсё ніжэй апускаў галаву. Яноўскі даўно заўважыў, што хмель налятаў на яго хвалямі.– Дзевак! Дзевак! – зноў зараўлі госці.І раптам Якуб устаў. Яноўскі жахнуўся, гледзячы на яго твар. Наліты крывёй, з ашклянелымі вачыма, страшны. Вялізнай, як цэбар, лапай грукнуў па стале: – Маўчаць, падлы!Знямелая цішыня запанавала ў пакоі. Толькі чутна было, як крывая свечка капала воскам на плеш нейкаму п’янаму і той мыкаў у сне.На твары Якуба краплінамі высыпаў пот.– Вы – падлы, вы – шчанюкі, п’янюгі, нахабнікі. Дзевак ім, віна! Дзе слава, дзе моц, дзе воля, дзе веліч?! Сны ўсё!!! Сны!!! Сны аб загубленым! З вамі, ці што, царствы пакараць? Вы, можа, воіны, вы, можа, людзі? Лярвы вы, еўнухі, чарвякі! Хто вам дасць больш – таму вы нявесту, маці, зямлю сваю... пад хвост!Ён заскроб пяцярнёю па абрусе. Вочы сталі дзікімі і вартымі жалю.– Мерцвякі вы! Людзей вы толькі распінаеце! І я распінаю, і я б’ю. Дзярмо – людзі! Руку, што б’е, ліжуць! Хоць бы хто, хоць бы хто мне па мордзе даў у адказ. Гной прымушу вас есці – будзеце жэрці. Харкну у твар – зад пацалуеце. Шляхта! Соль зямлі!Ён павольна пачаў спаўзаць набок, вывяргаючы самую чорную лаянку, упаў на падлогу, забіўся ў п’яных сутаргах, рыдаў:– Мне б... мне б хоць у зубы тады... можа, чалавекам быў бы... Чалавекам.Яму прыціснулі ногі, трымалі за галаву. Пасля панеслі ў спальню. Запанавала маўчанне, такое цяжкае, што, здавалася, грымні пярун – будзе лягчэй.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30