1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30

Цыганскі кароль

І раптам “каронны судзя” выскаліўся, і з горла яго вырвалася:– Гі-гі-гі-гі!І адразу загігікалі, ашчэрыліся ўсе. Нясмелы спачатку, смех узмацнеў, пакаціўся хвалямі. Смяяліся доўга, са смакам.– Дзевак прывёў! – абвясціў гайдук, з’яўляючыся ў дзвярах. – Недабраў толькі гуляшчых, таму з вёскі адну прыхапіў.І сапраўды, у дзвярах стаялі нарумяненыя дзеўкі. Амаль кожная – капа капою. Вочы падведзеныя, бровы падмазаныя, зубы нахабна выскаленыя.Усё завіравала. Тыя, што трымаліся на нагах, кінуліся на стракатую юбу. Віск, прытворныя ўскрыкі, смех. Сям-там пачыналі скакаць, сёй-той знікаў з залы. Нейкая таўстуха кінулася на Яноўскага:– Прыгарні ж ты мяне, красунчык.Ён з прыкрасцю адмахнуўся, выйшаў у калідор і пайшоў да выхаду. Слабы крык прагучаў за павароткаю калідора. Яноўскі ўбачыў постаць “кароннага суддзі”, які паспешліва цягнуў кудысьці за руку дзяўчыну ў белым уборы. Танюткая, сінявокая, яна вельмі нагадала Міхалу тую, што схаваў у сябе медыкус. Тая? Не, не тая. Але падобная. Яна слаба чаплялася за сценку, ён штуршкамі адрываў яе, цягнуў далей. Спуджаная налётам гайдукоў, напалоханая карцінай оргіі, яна толькі паўтарала перарывістым дзікім голасам:– Пане! Пане! Пашкадуйце мяне. Я баюся.“Зараз папросіць ляльку ўзяць з сабою”, – сумна падумаў Яноўскі.Месяц назад ён прайшоў бы міма. Бацькі яго не заахвочвалі распусты, але гэта ж былі прыгонныя, быдла, створанае для лепшых людзей зямлі. Ды яшчэ і чужое быдла.– Пане! Пашкадуйце! Памажыце!І тут Яноўскі прыпомніў постаць той дзяўчыны, прыпомніў медыкуса, што накідваў на яе мантыю, прыпомніў п’яныя яго словы над талеркай з гуркамі, разгром Яноўшчыны, страшны, звярыны крык Якуба сёння ў зале, ногі яго, што біліся на зямлі.Адзіным скачком ён дагнаў аднавухага, які ўцягваў ужо дзяўчыну ў пакой, і рвануў яго за плячо.– Пусці. Чуеш, пусці яе.– А-а, шчанюк... Адчапіся! Мая! – І суддзя пацягнуўся за шабляй. Замест таго каб выцягнуць сваю, Яноўскі сказаў зняважліва:– Эх ты, соль зямлі...І разлічана, страшна ўдарыў яго між вачэй. Вораг быў п’яны, толькі гэта і дапамагло Міхалу, калі яны пакаціліся па падлозе, месячы адзін аднаго кулакамі. Міхал хутка высвабадзіўся і, схапіўшы яго за скроні, ударыў галавою аб сцяну, а пасля яшчэ доўга біў яго, біў раз’юшана, глытаючы слёзы ад абурэння на самога сябе, на тое, што на іх амаль аднолькавая вопратка.У калідоры пачуліся крыкі, тупат ног. Тады Яноўскі хутка выцягнуў ашаломленую дзяўчыну з кутка, штурхнуў у пакой і замкнуў за сабою дзверы. У дзверы адразу пачалі ламацца, пасля пакінулі, пайшлі кудысьці, і стала ціха.Дзяўчына не плакала, яна проста глядзела на яго з цемры бліскучымі вачыма.Яноўскі адсмактаў кроў і, каб не было саромна за раптоўны парыў, амаль суха спытаў:– Як цябе завуць?– Аглая, – прашаптала яна.– Які чорт цябе сюды панёс, – сказаў Міхал і пачырванеў.– Прывялі, пане, – уздыхнула яна. – Адну мяне ўзялі з вёскі. Я ведаю вас. Вы сястру маю абаранілі тады, калі яе хацелі караць... Яна сястра мая.– Глупства, – разважліва буркнуў Яноўскі.І таму, што з гэтай дзяўчынай нельга было размаўляць пра мову кветак і прыгоды Дафніса, прыбавіў:– Кладзіся. Спі. Пойдзеш перад світаннем, калі ўсе заснуць. Зараз небяспечна. Могуць спаймаць за дзвярыма. Спі.– А вы, васпане?– Спі. Спі.– Вы добры, вы вельмі харошы чалавек. Як быццам зусім не пан. Як брат старэйшы. Бог вам заплаціць за гэта, вы будзеце з намі ў раі.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30