1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30

Цыганскі кароль

І скінуў шапку.– Дзякуй табе, божа. Ты яшчэ раз дасі мне перад смерцю пабачыць, як замест віна льецца блакітная кроў.Медыкус іранічна глядзеў на яго:– Божа, якія героі!– Дзе кароль? Дзе госці? – замест адказу спытаў Міхал.– Дрыхнуць.– Ну што ж, тым лепей.І ён спусціўся ўніз. Яму ўдалося згуртаваць атрад з дваццацёх цвярозых шляхцюкоў. Ён паставіў іх трохі воддаль ад гарматы, злева ад брамы, каб ударыць, калі пачнуць прабірацца на двор.“Каронны суддзя” выбег з дзвярэй, пабачыў, што шляхту ўзначальвае Міхал, і пачаў аддаваць загады гайдукам:– Смялей, дзецюкі. Радзіма глядзіць на нас. Яна дарагая, яна вялікая. Хто памрэ, таго бог адзясную сябе пасадзіць. За радзіму, за караля!– На злом! На злом! – раўлі тыя, што асаджалі. – Смерць уладарам!У браму пачалі біць чымсьці цяжкім. Паляцелі гнілыя трэскі. І тут Яноўскі ўбачыў караля. Апрануты, як на баль, ён махаў у паветры шабляй, стоячы сярод захмялелых гасцей.– Неба! Радзіма! Кароль! Валі, браткі! Сякерай іх! Друком!Сэрца Яноўскага палала нябесным ярасным захапленнем. Не, жывая была адвага сотні пакаленняў, жывая была слава! Вось яна, сонная, ля віннай бочкі, убачыла небяспеку, разгарнула крылы і ляціць над галовамі людзей.Форткі брамы разляцеліся. На двор рынуў натоўп інсургентаў.– Святы Юры і Русь! Памром! – дзікім голасам закрычаў Яноўскі і кінуўся з шабляю насустрач. Адначасова ён пачуў крык Якуба і ўбачыў яго ўзнесеную шаблю. Не памятаючы сябе, у дзікім захапленні бою, ён урэзаўся ў натоўп, скрыжаваў з кімсьці шаблю, чакаючы, што зараз поруч стануць яшчэ і яшчэ людзі, Гарацыі, героі Плутарха.Штосьці ўразіла яго. Ён азірнуўся. На пляцоўцы нікога не было, акрамя Якуба і яго. Дзе падзеліся астатнія, цяжка было сказаць. Міхалу здалося толькі, што пад ганкам, у лебядзе, варушыліся чыесьці ногі. Аднак ён біўся.– Зараз ахне гармата. Вы заскачыце яшчэ.Страшэнны пярун прагучаў над сечай. Калі дым разышоўся, Міхал убачыў ствол гарматы, амаль раздзёрты на закручаныя палосы, падобны на жоўтую лілею. Поруч з гарматай ляжаў, задёршы дагары зад, “кароння суддзя”.У тую ж хвіліну шалёны натоўп закруціў Міхала і караля і панёс ад ганка. Іх схапілі, абяззброілі, паставілі воддаль адзін ад другога, скруцілі рукі.Цыган, што атрымаў тады поўху, узлез на ганак:– Роме, мы скінулі ярмо, што давіла нас. Цыганская рэспубліка, жыві! Прэч дэспатаў!Натоўп адказаў крыкамі. Шапкі ўзляталі над галовамі людзей.– Мы будзем судзіць караля. А ўсіх, што лютавалі, баронячы яго, аддаю ў твае рукі, народ цыганскі. Скончыліся паборы, скончыўся прыгнёт.– Ура, Ян! Жыві! На шчасце цыганам!Караля павялі ў палац. На ганку ён крыкнуў:– Кароль у кайданах – усё роўна кароль!Яноўскі кусаў вусны ад ганьбы. І гэта былі людзі, гэта былі героі! Лепей было памерці... Адны беглі на гармату – і гэта была быдлячая чарада з пугамі. Другія – узброеныя, магутныя, моцныя! Божа, божа! Засталася смерць. Толькі яна.Ян падышоў да Міхала:– Гэты вёў супраць нас шляхту. Ён адзін кінуўся на нас. Войска яго знікла. Праўда гэта, былы пан?Яноўскі ўскінуў галаву:– Праўда. І я пагарджаю вамі. Забіце мяне.Натоўп зароў, замільгалі ў паветры друкі.– Смерць яму, смерць!Яноўскі глянуў на неба, якое было сведкам яго смяротнай ганьбы.– Забівайце. Я хачу смерці. Мне нельга жыць.Ён узвысіў голас:– Калі тут не было сёння шляхты, калі тут былі адны свінні, хай хоць адзін памрэ за ўсіх. – І дадаў хрыпла: – Гонар, жыві!

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30