1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30

Цыганскі кароль

І ён прыцягнуў яе да сябе, пабачыў у вачах адбіткі зор. Яна прасунула далонь між сваёй шчакой і яго вуснамі, але ён адсунуў яе ротам...А раніцаю ўзышло сонца.

VIII– Устаць, суд ідзе!Пад вялізным дубам, на лавах, сядзелі шэсць цыганскіх старэйшын. Высокая рада. Яны адклеілі на хвіліну зады ад лавы, калі з’явіўся выбраны цыганскі суддзя – той самы Ян, што выдумаў забаву з крапівою, пракурор – нейкі захожы шкаляр, і “аблакат” – саладкамоўны малады цыган з хітрымі і чорнымі вачыма.Вакол судзілішча расселіся проста на траве цыганы з навакольных табараў і нешматлікія мужыкі. За гэтую ноч цыганскія масы паспелі раскалоцца на памяркоўных і шалёных. У памяркоўных балела галава пасля ўзліванняў Бахусу, і хацелася пахмяліцца. Шалёныя спазніліся і таму палалі свяшчэнным гневам. Сядзелі няўважныя. Размаўлялі.Устаў суддзя:– Народ цыганскі. Сёння мы, упаўнаважаныя на гэта, судзім былога караля цыганоў Беларусі, Літвы і Падляшша Якуба Знамяроўскага, аспіда нячыстага, ваўка і змея.– Чаму былога? – ляніва спытаў адзін высокі радца.– А таму, што сёння на тайным пасяджэнні суд цыганскі вырашыў прымусіць караля падпісаць абдыкацыю, сірэч адрачэнне. Хай будзе існаваць зныня і да веку рэспубліка цыганская.– А што, гэта нядрэнна, – абазваўся ўсхваляваны малады голас.– Хвіга табе, а не нядрэнна, – ускіпеў другі высокі радца, чалавек з жахлівым шрамам, які перасек вока і левую палову аблічча. – Нам тут за рэспубліку ўсе навакольныя паны скуру здзяруць. Дзе мець прытулак? Дзе коней хаваць, каб улада не дацягнулася? Дзе самому схавацца? Пад крыламі моцнага караля... Ты, можа, рэспубліку тую ў капусту пакладзеш? Ці ў дождж на плечы накінеш? Смаркач ты! Паспяшаліся тут з вашай мужыцкай рэспублікай. Палац штурмавалі, гармату сапсавалі, караля скруцілі, пабілі яго людзей. А зараз збірайся тут, думай, як выпраўляць становішча. А ў сейме хто будзе?Ускочыў на камень і непачціва перабіў радцу галава партыі шалёных, той меднік, якому Якуб забараніў жаніцца.– А што? Усім галовы прэч. Тут, на плошчы. Дарогі ў белы стан цыганскага шчасця па крыві вядуць. Сячы голавы! І шчасце, і мір тады будуць. Воля!– Сапраўды добра, – расчулена сказаў хтось. – Воля. Ідзі і бяры каня. Захацеў – едзеш, захацеў – на месцы сядзіш. Коні свабодна сабе перамяшчаюцца з рук у рукі.– Цю-у! Захлусіўся! Хіба хто на такую волю пойдзе, – загулі галасы.Суд не атрымліваўся. Ледзь-ледзь удалося прымусіць усіх замаўчаць.Узяў слова пракурор у доўгай шкалярскай світцы:– Людцы! Вялікі натоўп цыганскі! Я абвінавачваю караля Якуба ў зложываннях уладаю, несправядлівых прысудах і празмерных паборах.– Я кароль, – годна сказаў Якуб, што сядзеў пад вартаю на зэдліку.– Ён не кароль, ён рабаўнік. Quousque tandem abutere, Знамяроўскі, patientia nostre1? Ён шмагаў нашых людзей, біў іх, хоць мы вольны народ... э-э... вы вольны народ. Несправядліва, жорстка каралі наш сумленны, абраны народ. Dura lex! Ён зрабіў нас жабракамі. Як мы жылі? Semper rapox, raro каша, miseria наша2. Ён узяў у нас нашы звонкія катлы, нашы вазы, нашых цудоўных коней, вараных, пісаных, спловацісаных, буланых, белых. У іх былі такія цвёрдыя, непарэпаныя, неабрэзаныя капыты, такія роўныя свае непадпілаваныя зубы, такія мяккія насы з чуллівымі валосікамі. Гарачыя без гарэлкі, моцныя... Ім не трэба было штурхаць кулаком пад пахвіну, калі пакупец крадзецца з саломінкаю да бяльма.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30