1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30

Цыганскі кароль

Народ пачаў усхліпваць, сям-там нават рыдалі мужчыны. Пасля пачаліся нясмелыя, але ўсё больш моцныя крыкі:– Смерць яму! Смерць! Галаву прэч! Разумнік ты наш! Вучоная галава! Смерць каралю!– Тыран! Забойца! Манарх! – крычаў шкаляр. Пасля выступіў “аблакат”. Хітра прыжмурыўшы чорныя, як вугаль, вочы, ён сказаў ціха:– Так, кароль нас абражаў, ён браў з нас дзесяціну і больш. Мы пакутавалі пад яго ігам. Але хіба можа хто-небудзь папікнуць наш народ у тым, што ён жорсткі, што ён крыважэрны? Не, наш народ самы добры, самы мяккі, самы рахманы на зямлі. Я прашу пра літасць. Вось ён сядзіць, гэты няшчасны. Няўжо вы не бачыце, як ён схіліў галаву, як слёзы накіпаюць на гэтах добрых вачах, як ён стрымлівае ўздыханні сардэчныя? Майце жаль у сэрцах сваіх. А вось яго слаўны бацю глядзіць з нябёс на няшчаснага сына і плача. І няўжо вы забудзеце яго дабрату? Ён браў у нас коней, але непараўнальна больш ён даваў нам. У вялікіх паходах і войнах пад яго началам мы прыдбалі ўтрая больш коней, мы хавалі іх тут, і ніхто не асмельваўся іх зачапіць. А якія гэта былі коні! Божа мой, іх грывы былі, як хмары, вочы, як чорныя зоры! А якой славы дастала пры іх дзяржава цыганская! Як баяліся яе ворагі, як слухаў яе голас у сейме сам кароль!Народ плакаў наўзрыд. Нават радцы, падобныя адзін на аднаго, шырока раскрыўшы зяпы, раўлі густымі галасамі:– Ы-ы-ы!– Ну што ж, – перапыніў роў аднавокі радца. – Адвядзіце арыштаванага караля прэч.І кінуў уладна:– Я думаю, хопіць. Падурэлі. Нарабілі агіднасцей, напіліся, нажартаваліся. Трэба канчаць. І я старажытнаю ўладай старэйшын даю загад. Гэта канчатковы прысуд.Натоўп змоўк, і проста на галовы людзей упала кароткае слова:– Чупнa!– А што ж, нічога. Часам дапамагае, – загаварылі з розных бакоў.– Дурні вы! Свінні! Вольнасць сваю прадалі, ёлупы! – крычаў Ян і яшчэ некалькі чалавек. – Хоць бы ён і не чапаў вас пасля, якія вы роме? Блюдалізы вы! Адкачоўваю ад вас!І ён рушыў разам з часткай людзей да шатроў. Аднавокі махнуў рукою, і шкаляр стаў чытаць вырак:– Таго цыганскага круля Якуба Першага за злоўжыванні, морд, падступныя намеры... не складваючы з яго каралеўскага высокага сану, калі дараванне ўсім дасць, хто судзіў яго, не адбіраючы маетнасці дзедзіч ягоных, чупной, сірэч пугай, ад-сцябаць.Калі ўвесь натоўп рынуў да палаца, дзе павінна было адбыцца пакаранне, калі прыцягнулі ў вялікую залу Якуба, нехта раптам крыкнуў:– Вы хочаце, каб ён быў вашым каралём, а не думаеце, ці зможа ён быць ім пасля такога. Неба не павінна бачыць каралеўскай ганьбы і крыві, ёлупы вы.– І праўда, – спуджана сказаў шкаляр. – Што ж рабіць?Збянтэжанасць пагражала перайсці ў анархію. Сапраўды, нельга пакараць, нельга выканаць прысуд. Сабаку пад хвост аўтарытэт старэйшых. І зноў выратаваў аднавокі:– Роме, небу нельга бачыць каралеўскай крыві. Таму мы сёння адсцябаем арыштаванага так, каб ганьбы і крыві не бачыў ніхто.На Знамяроўскага кінуліся і скруцілі яму рукі і ногі. Паставілі. Ён быў бляклы і жоўты, але позірк па-ранейшаму гарэў гардыняй.– Скручаны кароль – усё ж кароль.І калі нехта штурхнуў яго, загрымеў:– Што, над пешым арлом і варона з калом? На калені, хлопы.Ён думаў, што яму збіраюцца сячы галаву. І толькі калі пабачыў прынесеныя пугі і доўгі вузкі мех, зразумеў, стаў адбівацца галавой і плячыма:– А, падлы, а цыганскае адроддзе! Ну чакайце...Яго схапілі, засуналі нагамі ў мех, выцягнуўшы рукі над галавою. Пасля ў тую самую торбу палезла нагамі старая цыганка, вельмі падобная на ведзьму: сівыя пасмы, глыбока праваленыя вочы, кручкаваты нос. Яна лягла на Знамяроўскага, і ледзь пачалі завязваць мех...

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30