1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30

Цыганскі кароль

– Ав-вой! А як жа ён, нячысцік, кусаецца!Пачалі сцягваць з галавы мех і краем алавянай талеркі расціскаць зубы Знамяроўскага, якімі ён ухапіў цыганку за жывот. Трымаўся ён моцна, як бульдог. Ледзь расціснулі, падвязалі яму сківіцы хусткай, каб не мог кусацца, цыганку прапхнулі глыбей. Пасля завязалі рукі ў вусці меха, прапуцілі вяроўку і падцягнулі яе пад столь на вялізны гачок.Кароль павіснуў у паветры. Пад ногі яму падсунулі лаву, каб ён толькі-толькі стаяў на ёй вялікімі пальцамі ног і не мог пручацца.– Нацягвай! – крыкнуў кат, які стаяў ужо поруч з вялікай пугай у руцэ.Размаўляў ён назнарок басам, каб пасля не пазналі. Стаяў моцны, каржакаваты, густа аброслы смалянымі кучарамі. Толькі зубы блішчалі на засмаглым твары.Цыганка нацягнула мех – рэльефна выступіла з-пад яго спіна і два гладкія паўшар’і.– Ваша вялікасць, вялікі, літасцівы, мудры кароль, – звярнуўся да іх аднавокі. – Вось твой народ, даведзены да адчаю паборамі, рашыўся на такое. Найніжэйша, пакорліва, усепаддана просіць ён не злавацца на гэта, явіць сваю літасць няшчасным. Мы зрабілі ўсё, каб ганьба не дакранулася да твайго чала, каб ні неба, ні людзі не бачылі святых членаў цела твайго, каб ніводны ўдар не трапіў нікуды, акрамя таго месца, якім ты сам пагарджаеш.Малады цыган прыклаў вялізную мядзяную патэльню да спіны Знамяроўскага; на волі засталося толькі тое, што ніжэй.– Даруй нам за ўсё. Мы будзем вернымі табе, мы зрабілі гэта толькі таму, каб ты не забыў: нельга занадта крыўдзіць рабоў сваіх. Запомні гэта. Не адбірай нашых коней, акрамя дзесятага, не крыўдзі дзевак, не бі мужыкоў, не трымай вакол сябе людзей прагных. І даруй нам, вялікі.– Пачынай!Глуха, як з бочкі, забубнеў голас Якуба:– Ну я ж вас... Я ж вас... Пачакайце толькі, пачакайце.Свіснула ў паветры пуга і абвіла ўсё, што ніжэй патэльні. Мех захістаўся ў паветры.Адлічылі ні многа ні мала сто бізуноў. Лічыла цыганка, што сядзела ў мяху. Пасля няшчаснага пакутніка, вытурыўшы з залы амаль усіх, выцягнулі на волю і паклалі на ложак. Ён адразу скасціўся на падлогу і пачаў качацца па ёй, імкнучыся вызваліцца.– Хай гэта будзе ўрокам тыранам!Знамяроўскі лаяўся, пырскаў слінаю, роў так, што звінелі шыбы.Але варта і тры радцы сядзелі так спакойна, не звяртаючы на яго ўвагі, што ён перастаў вырывацца. Праз дзве гадзіны ён проста ляжаў на жываце і сыпаў вытанчанымі праклёнамі:– Храпы вы цыганскія, фараоны вы егіпецкія, нячысцікі! Каб вы хадзіць ціха не маглі, каб вас на першым крадзяжы спаймалі, кажухі смярдзючыя, каб вас кол з асіны не мінуў. Што, думаеце, не загоняць яго вам, канакрадам? Во-ой, паганцы вы, хрыстапрадаўцы. Каб на вас вечны дождж.– Бач ты як... лаецца, – флегматычна пакруціў галавой адзін вартаўнік.У чатыры гадзіны, пасля працяглага ляжання, Знамяроўскі толькі глядзеў на ўсіх злоснымі, як у тхара, вачыма ды часам прарываўся кароткай лаянкай. Яго хацелі накарміць, але ён выплюнуў кашу ў твар аднавокаму і лаяўся без перапынку гадзіну.Пасля праклёны пачалі на вачах радзець.У шэсць гадзін ён упарта маўчаў.– Даруйце свайму народу. Мы развяжам вас, – пачціва звярнулася да яго дэлегацыя.У адказ выбух лаянкі да сямі гадзін, аднак нейкі стомлены і зусім не красамоўны. Нават таму, хто круціў галавою, яна не спадабалася.У восем гадзін трыццаць хвілін вечара Знамяроўскі раптам зарагатаў. Занепакоеныя падданыя кінуліся да яго.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30